Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыўды ў мінулым. 8 фактаў пра дачыненьні Лукашэнкі з Кучмам, якому сёньня 80 год


Аляксандар Лукашэнка і Леанід Кучма. 2004 год.
Аляксандар Лукашэнка і Леанід Кучма. 2004 год.

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучму з 80-годзьдзем. Тэкст віншаваньня мала адрозьніваецца ад аналягічнага віншаваньня пяцігадовай даўнасьці, але ўпершыню Аляксандар Лукашэнка напісаў, што «зь нязьменнай цеплынёй» узгадвае іхныя сустрэчы і цэніць даверлівую атмасфэру і высокі ўзровень узаемаразуменьня.

Ці заўсёды дачыненьні між Кучмам і Лукашэнкам былі даверлівыя і цёплыя?

Літвін паводле паходжаньня

Леанід Кучма паходзіць зь сям’і літвіноў. Ён нарадзіўся ў сяле Чайкіна Ноўгарад-Северскага раёну Чарнігаўскай вобласьці — гэты рэгіён у XIV–XVI стагодзьдзях уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а ва Ўкраіне літвінамі называлі ня толькі беларусаў, а і ўкраінцаў, якія некалі мелі падданства ВКЛ. Дарэчы, паводле апошняга перапісу насельніцтва, ва Ўкраіне 22 грамадзяніна лічаць сябе літвінамі.

Ці мае Леанід Кучма беларускія карані, дакладна не вядома, але нават паходжаньне ніякім чынам не паўплывала на ягонае асаблівае стаўленьне да Беларусі. У ягонай мове не сустракаюцца беларусізмы, і гэта можна патлумачыць тым, што ягоная малая бацькаўшчына тэрытарыяльна бліжэйшая да Расеі, чым да Беларусі.

Канкурэнцыя за Расею

Аляксандра Лукашэнку і Леаніда Кучму абралі на прэзыдэнцкія пасады ў Беларусі і Ўкраіне ў 1994 годзе з розьніцай у дзесяць дзён. У Расеі першымі ўзрадаваліся вынікам тых прэзыдэнцкіх выбараў: абодва новыя кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны перамаглі пад лёзунгамі неабходнасьці аднаўленьня разбураных пасьля развалу Савецкага Саюзу сувязяў з Расеяй. Пазьней менавіта выбудоўваньне дачыненьняў з гэтай краінай стала прадметам рэўнасьці з боку, прынамсі, беларускага кіраўніка.

Толькі праз год пасьля выбараў Леанід Кучма і Аляксандар Лукашэнка абмяняліся афіцыйнымі візытамі. Дамоўленасьці, дасягнутыя ў 1995 годзе, былі шматабяцальныя — тады краіны падпісалі вялікі дагавор аб сяброўстве, добрасуседзтве і супрацоўніцтве, а яшчэ праз два гады — аб дзяржаўнай мяжы.

Мяжа разладу

Менавіта дагавор аб дзяржаўнай мяжы, які Беларусь больш як дзесяцігодзьдзе адмаўлялася ратыфікаваць, стаў першым яблыкам разладу ў дачыненьнях Кучмы і Лукашэнкі. На той момант Кучма ўжо пачаў паралельны дрэйф у бок Эўразьвязу, і вызначэньне межаў з суседнімі дзяржавамі было ключавым для збліжэньня Ўкраіны з Эўропай.

У дыпляматычных колах Украіны тады даволі часта «не пад запіс» журналістам казалі, што такім чынам Лукашэнка выконвае волю Расеі, каб не дазволіць Украіне ад яе адарвацца і ўтрымаць у сфэры свайго ўплыву. Афіцыйным жа матывам адтэрміноўваньня ратыфікацыі ўгоды беларускі бок называў неўрэгуляванасьць запазычанасьці, якая ўтварылася паміж беларускімі і ўкраінскімі прадпрыемствамі пасьля пераходу краін на нацыянальныя валюты, а таксама пытаньне ўласнасьці на некаторыя аб’екты ў Крыме.

Беларускі парлямэнт ратыфікаваў дагавор аб мяжы толькі ў 2010 годзе, але дэмаркацыя мяжы распачалася напрыканцы 2013 году і актывізавалася ў апошнія два гады.

Падтрымка ці стрыманасьць

У перадвыбарчым для сябе 2001 годзе Аляксандар Лукашэнка на розных нарадах ня раз заяўляў, што Леанід Кучма блізкі да імпічмэнту (пасьля скандалу аб яго датычнасьці да зьнікненьня і забойства ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ. — РС), нягледзячы на ягоную празаходнюю палітыку, і папракаў залежнасьцю ўкраінскага калегі ад алігархаў. Тады нават была скасаваная іхная сустрэча, што плянавалася ў Чарнігаве.

Што праўда, у тым жа годзе сустрэча з Кучмам усё ж адбылася — разам з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным на «Славянскім базары» ў Віцебску. Пасьля яе Лукашэнка заявіў, што і расейскі, і ўкраінскі прэзыдэнты выказалі яму падтрымку на выбарах. Але публічна такой заявы ні ад Кучмы, ні ад Пуціна не прагучала.

Аляксандар Лукашэнка ня раз абвінавачваў Украіну ў тым, што яна «на загад» Захаду стрымлівае дачыненьні зь Беларусьсю. На той момант Эўразьвяз ужо ўвёў санкцыі адносна кіраўніка Беларусі і ягонага атачэньня. Але ўкраінскі бок дыпляматычна ігнараваў усе падобныя заявы беларускага прэзыдэнта.

Палітычныя крыўды

У 2003 годзе Беларусь рэзка крытыкавала ініцыятыву Расеі, якая прапанавала абраць Леаніда Кучму старшынёй Рады кіраўнікоў дзяржаў Садружнасьці незалежных дзяржаў у парушэньне правілаў ратацыі, прадугледжаных статутам гэтай арганізацыі. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Украіна не была паўнавартасным сябрам, бо не ратыфікавала статут СНД і не магла прэтэндаваць на кіраўніцтва.

Але рашэньне Рады кіраўнікоў дзяржаў СНД ён вымушаны быў урэшце падтрымаць.

2001 год. Кіраўнікі кріанаў СНД у Сочы.
2001 год. Кіраўнікі кріанаў СНД у Сочы.

У 2004 годзе Аляксандар Лукашэнка пакрыўдзіўся на Кучму, што той не прыехаў у Менск на парад, прымеркаваны да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецкіх войскаў, абмежаваўшыся наведваньнем Хатыні. Тады дзень 3 ліпеня ўкраінскі прэзыдэнт правёў у Маскве, дзе разам з Уладзімірам Пуціным наведаў спаборніцтвы па конным спорце на прыз прэзыдэнта Расеі. У кастрычніку таго ж году Лукашэнка адплаціць Кучму той жа манэтай — знаходзячыся ў Кіеве зь візытам, ён праігнараваў парад, прымеркаваны да 60-годзьдзя вызваленьня Ўкраіны ад нацысцкіх войскаў.

Але ў тым жа годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў малую радзіму Леаніда Кучмы. Тады, таксама разам з Уладзімірам Пуціным, ён узяў удзел у адкрыцьці міжнароднага моладзевага фэсту «Дружба 2004» у вёсцы Сенькаўка, дзе сыходзяцца межы Ўкраіны, Беларусі і Расеі, і заклікаў моладзь актывізаваць супрацу, каб узмацніць сувязі трох братэрскіх народаў.

«Майдану ў Беларусі ня будзе»

У 2005 годзе пасьля Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, якая вельмі напалохала Аляксандра Лукашэнку — ён убачыў магчымасьць аналягічнага разьвіцьця падзей у Беларусі, — Леанід Кучма публічна яго супакойваў.

«У Казахстане і Беларусі лідэры застануцца. Беларусь — не Ўкраіна, мэнталітэт розны», — сказаў Леанід Кучма ў інтэрвію ўкраінскім СМІ.

Новы этап дачыненьняў

Анэксія Расеяй Крыму і агрэсія на Данбасе істотна паўплывалі на дачыненьні Аляксандра Лукашэнкі і Леаніда Кучмы, якога цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўпаўнаважыў прадстаўляць краіну на перамовах у Менску па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

У Менску на перамовах. 2014 год.
У Менску на перамовах. 2014 год.

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў зрабіць усё, што трэба, каб усталяваць мір, у адказ на выказваньне Леаніда Кучмы: «Пытаньне стаіць рубам — быць Украіне ці ня быць. Падзеі апошніх месяцаў больш ствараюць пытаньняў, чым адказаў. А адказаў, на жаль, няма дагэтуль. І мы ў нейкай меры па адказы прыехалі сюды. З вашай і з Божай дапамогай будзем старацца іх знаходзіць».

Аднак у гэты ж пэрыяд Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў свой час прапаноўваў Леаніду Кучму свой досьвед захаваньня ўлады.

«Моцная ўлада там (ва Ўкраіне. — РС) неабходная. Дзеля гэтага трэба мяняць Канстытуцыю. Я казаў Кучму: калі вы хочаце, мы дапаможам падрыхтаваць праект Канстытуцыі. Гэта было зроблена, і на рэфэрэндуме (ва Ўкраіне) гэтую новую Канстытуцыю прынялі. Потым трэба было новую Канстытуцыю накіраваць у Раду, каб ратыфікаваць. Кучма гэтага не зрабіў», — казаў Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі расейскім СМІ ў кастрычніку 2014 году.

Не без іроніі

На працягу ўсёй сваёй прэзыдэнцкай кадэнцыі і пасьля яе Леанід Кучма, у адрозьненьне ад сваіх наступнікаў, не дазваляў сабе рэзкіх выказваньняў на адрас як Беларусі, гэтак і Аляксандра Лукашэнкі.

Але, як сьведчыць апошняя гісторыя абмену падарункамі, палітыкі нічога не забываюць, нават пакінуўшы свае пасады. Напрыканцы 2016 году падчас сустрэчы Леанід Кучма падарыў Аляксандру Лукашэнку адну з кніг італьянскага філёзафа Нікалё Мак’явэльлі, які быў прыхільнікам моцнай дзяржаўнай улады, дзеля ўмацаваньня якой дапускаў выкарыстаньне любых сродкаў, што і выказаў у вядомай працы «Гасудар», апублікаванай у 1532 годзе. Аляксандар Лукашэнка ў адказ падарыў Леаніду Кучму — пеўня. Гэта была мяккая цацка — увасабленьне сымбалю наступаючага году згодна з кітайскім календаром.

Леанід Кучма. Сакавік 2018 году.
Леанід Кучма. Сакавік 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG