Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі сталі вырабляць фальшывы «Лідзкі квас»


«Лідзкі квас», які вырабляе «Милкдринк» з Чабаксараў
«Лідзкі квас», які вырабляе «Милкдринк» з Чабаксараў

Карыстальнік Twitter, вядомы пад нікнэймам Glamour Gopnique, спытаў у беларускай кампаніі «Лідзкае», ці ня ёсьць падробкай бутэлька «Лідзкага квасу» зь незвычайнай этыкеткай. Кампанія пацьвердзіла: «Прадукт з такой этыкеткай да нас не адносіцца».

Як напісана на этыкетцы, такі квас вырабляе кампанія «Милкдринк», якая знаходзіцца ў Чабаксарах, што ў расейскай Чувашыі — у 1700 км ад беларускай Ліды. «Милкдринк» вырабляе адразу некалькі відаў «Лідзкага квасу»: клясычны, цёмны, халадніковы.

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў кампаніі, адзначыўшы што юрыдычныя асобы, адказныя за выпуск напояў, завуцца іначай. Як менавіта — не ўдакладнілі. У дзяржаўным рэестры Расеі кампаніі «Милкдринк» няма.

У кампаніі адмовіліся камэнтаваць, чаму выпускаюць прадукцыю пад таварным знакам, які ўжо зарэгістраваны ў Расеі беларускім ААТ «Лідзкае піва».

«Хай зьвяртаюцца ў суд», — сказалі Свабодзе ў кампаніі «Милкдринк».

Пры гэтым населеных пунктаў пад назвамі Ліда, Лідаўка або падобнымі ў Чувашыі няма (хаця ёсьць, напрыклад, сяло Луцкае, а ва ўкраінскім Луцку таксама вырабляюць квас).

Таварны знак «Лидский» зарэгістраваны ў Расеі беларускай кампаніяй — Лідзкім піўзаводам (таксама ў Расеі зарэгістраваў свой таварны знак «Лідзкая Буронушка» Лідзкі малочна-кансэрвны завод).

Ці будзе позва да «Милкдринк» у кампаніі зь Ліды не камэнтуюць.

«Нашая кампанія да квасу з дадзенай этыкеткай не мае дачыненьня», — сказала Свабодзе піяр-мэнэджар «Лідзкае піва» Натальля Яфімка.

Беларускі «Лідзкі квас» нядаўна сапраўды зьявіўся ў новым пакунку, але асноўныя элемэнты дызайну этыкеткі засталіся старымі:

​Чувашскі «Лідзкі квас» прадаюцца сярод іншага праз анлайн-краму Ozon.ru (водгукі пра напоі там нэгатыўныя: нясмачны, «салодкая карычневая вада»). Напрыклад, за 2 літры клясычнага чувашскага «Лідзкага квасу» там просяць 57 расейскіх рублёў — каля 1,8 беларускага рубля.

Сапраўдны беларускі «Лідзкі квас» прадаецца ў беларускіх інтэрнэт-крамах за 2,09 беларускага рубля за 2 л.

«Милкдринк» сярод іншага вырабляе «Квас-Пивас» нібыта са смакам піва і квас «Kinderbeer», што можна перакласьці як «дзіцячае піва». Іншыя назвы, якія выкарыстоўвае для сваіх напояў чувашская кампанія, зарэгістраваныя на чабаксарскае ААТ «Портал».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG