Ва ўкраінскіх крамах можна знайсьці прадукты зь беларускімі назвамі. Карэспандэнтка Свабоды высьвятляла, ці яны папраўдзе беларускія і чаму ўкраінскія вытворцы ўжываюць беларускую мову і назвы ў брэндах сваёй прадукцыі.
Хлеб усяму галава, асабліва «Нарічанський»
Прыватнае прадпрыемства «Київхліб» выпускае два гатункі хлеба, якія маюць беларускія назвы — «Білоруський» ды «Нарічанський». Вытворца пераконвае, што хлеб выраблены паводле «арыгінальнай беларускай тэхналёгіі», але на смак хлябы вельмі адрозьніваюцца ад беларускіх аналягаў. У абодвух выпадках на ўпакоўцы беларускі арнамэнт.
Дарэчы, хлеб «Нарічанський» сёлета адзначаны дыплёмам трэцяй ступені на выставе Міжнароднага форуму харчовай прамысловасьці і пакаваньня, што праходзіў у Кіеве, у намінацыі «Хлеб з сумесі жытняй і пшанічнай мукі заварны».
Абодва гэтыя гатункі хлеба — найбольш папулярныя ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці, найперш дзякуючы цане. Пакупнікі ведаюць, што ён выраблены не ў Беларусі, але давяраюць украінскаму вытворцу.
«Ну і што, што не беларускі? Затое смачны і не такі дарагі», — адказвае прыхільніца прадукту на заўвагу, што гэта не зусім беларускі хлеб. Яна ўжо ў сталым узросьце і не зьбіраецца мяняць свае прыхільнасьці.
Старшыня праўленьня прадпрыемства Ўладзімір Чарада пераконвае, што назва хлеба «Нарічанський» не мае дачыненьня да беларускага «Нарачанскага», нягледзячы на тое, што на ягоным пакаваньні выкарыстаны беларускі арнамэнт.
«Хлеб „Білоруський“ — гэта распрацоўка 90-х гадоў, — распавёў Свабодзе кіраўнік прадпрыемства «Київхліб». — Тады быў абмен зь беларускімі пекарамі і былі запазычаныя некаторыя іхныя мэтады, а на знак падзякі аб супрацы зь імі хлеб назвалі „Білоруським“. Гэты хлеб не экспартуецца, ён рэалізуецца толькі на рынку Кіева і Кіеўскай вобласьці, і чамусьці апошнім часам у нас адбываецца падзеньне продажу як раз гэтага гатунку хлебу.
А „Нарічанський“ выпускаецца ў Белай Царкве абмежаваным аб’ёмам — усяго 300-400 кіляграмаў у суткі — і мае вельмі маленькі рынак збыту».
Украінскія пекары зайздросьцяць беларускім
Паводле Ўладзіміра Чарады, гэтыя гатункі хлебу падобныя на беларускія, але не адпавядаюць беларускім:
«У Беларусі выкарыстоўваць дрожджы. І калі чалавек пакаштаваў нашу прадукцыю і хлеб у Беларусі, ён адчувае розьніцу. У нас вельмі розныя тэхналёгіі і рэцэптуры. Да 90-х гадоў мы наагул не выкарыстоўвалі жытнюю сеяную муку».
Чарада ўзначальвае яшчэ і Ўсеўкраінскую асацыяцыю пекараў. Ён кажа, што менавіта зь беларускімі калегамі найбольш кантактаў.
І зайздросьціць, што ў Беларусі гэтая галіна больш мадэрнізаваная, чым ва Ўкраіне.
«Наша супраца не перарывалася, нягледзячы на тое, што паміж нашымі краінамі зьявіліся межы, — дадаў Чарада. — Беларускія прадпрыемствы замарожваюць свае хлябы і адпраўляюць на экспарт. А нашыя пекары працуюць толькі на ўнутраны рынак. У нас тэрмін рэалізацыі прадукцыі 72 гадзіны, а ў Беларусі — 7 дзён. Гэта вялікая розьніца, якая дазваляе экспартаваць прадукцыю. Наколькі я ведаю, беларускі хлеб пастаўляецца ў Эўропу, Амэрыку і Канаду. Мы такога ўзроўню яшчэ не дасягнулі. Па-добраму зайздрошчу беларускім калегам, якія змаглі за апошнія гады тэхнічна перааснасьціць галіну, праўда, зь дзяржаўнаю падтрымкай».
«Нацыянальныя беларускія традыцыі» па-ўкраінску
Пэўны час брэнд «Нацыянальныя беларускія традыцыі» ва Ўкраіне выкарыстоўвалі адразу два вытворцы — у Дніпры выпускалася масла, а ў Запарожжы маянэз.
У 2016 годзе Антыманапольны камітэт Украіны аштрафаваў дніпроўскага прадпрымальніка за падман пакупнікоў і нядобрасумленную канкурэнцыю на 68 тысяч грыўняў (на той час амаль 3 тысячы даляраў у эквіваленце) і абавязаў прывесьці сваю дзейнасьць у адпаведнасьць з нацыянальным заканадаўствам.
У выніку «беларускае» масла з прылаўкаў зьнікла, а маянэз застаўся — яго дагэтуль вырабляе запароскае прадпрыемства «Оліс ЛТД». Юрыст вытворцы запэўняе, што выкарыстаньне гэтага брэнду заканадаўча замацавана, а рашэньне Антыманапольнага камітэту іх не закранула.
«Мы ёсьць праваўласьнікамі гэтага брэнду, — паведаміў у тэлефоннай размове са Свабодай юрыст прадпрыемства. — І вырабляем маянэз паводле беларускай рэцэптуры. Якасьць нашай прадукцыі вельмі высокага ўзроўню, паверце. Маем усе пацьвярджальныя дакумэнты».
Ад далейшай размовы ён адмовіўся, бо западозрыў, што абмеркаваньне гэтай тэмы замовіў канкурэнт.
У той жа час на афіцыйным сайце прадпрыемства прадукцыі з такім дызайнам наагул няма. А паводле інфармацыі на пакаваньні, маянэз пастаўляюць у Расею.
Псэўдабеларускае марозіва «Белая бяроза»
Іншыя прадпрыемствы запэўніваюць спажыўцоў сваёй прадукцыі, што яна цалкам беларуская. З 2013 году ў Дніпры выпускаюць марозіва, названае па-беларуску — «Белая бяроза». Нават афіцыйны сайт гэтага брэнду зарэгістраваны ў беларускім дамэне.
«Назва ТМ „Белая Бяроза“ кажа пра тое, што мы родам зь Беларусі, хоць глебу для ўкараненьня і станаўленьня брэнду мы знайшлі ў гасьціннай Украіне! — пераконваюць на прадпрыемстве. — І гэта нездарма!
Вырабляць сапраўдны беларускі плямбір на радзіме, а потым пастаўляць яго ва Ўкраіну, улічваючы адлегласьць дастаўкі, мытныя працэдуры, адсутнасьць аптымальна разьмешчаных спэцыялізаваных халадзільных складоў і ўсе далейшыя лягістычныя дзеяньні, а таксама затрачаны час, могуць нэгатыўна адбіцца на якасьці прадукту.
Таму, маючы арыгінальныя рэцэптуры і адроджаныя тэхналёгіі вытворчасьці, а таксама маючы магчымасьць пастаўляць зь Беларусі асноўную сыравіну, мы зьвярнуліся да вядучых вытворцаў марозіва ва Ўкраіне і пасьпяхова вырабляем яго ў непасрэднай блізкасьці да спажыўца».
У 2015 годзе на Сарочынскім кірмашы прадпрыемства пазыцыянавала сябе беларускім, а прадукцыю — вырабленай выключна зь беларускае сыравіны, што ня мае ніякіх расьлінных тлушчоў.
«Беларускае марозіва — вельмі смачнае. У нас такога не вырабляюць», — пераконвалі сымпатыкі «Белай бярозы» карэспандэнта Свабоды. Для іх было вялікім расчараваньнем даведацца, што гэтая прадукцыя выпускаецца ва Ўкраіне. Цяпер ужо пад гэтым брэндам ствараюць і іншыя прадукты.
З памылкай, але ў пераможцах
Прадпрыемства Carlsberg Ukraine — складнік вялікай аднайменнай эўрапейскай групы — выпускае ня толькі піва. У шэрагу прадукцыі ёсьць два віды ліманадаў, брэндаваных, хаця і з памылкай, але па-беларуску — «Вятрачок Дзюшэс» і «Вятрачок Сітро».
Два гады таму гэтыя напоі атрымалі ўзнагароды штогадовай усеўкраінскай акцыі «Сьвята піва» за найлепшы дызайн афармленьня: суправаджальная інфармацыя напісаная па-беларуску, а на этыкетцы выкарыстаны беларускі арнамэнт у дзяржаўных зялёна-чырвоных колерах.
Эксплюатацыя савецкага міту
У брэндынгавых агенцтвах тлумачаць, што ўкраінскія вытворцы выкарыстоўваюць беларускія назвы, нагадваючы міт савецкіх часоў аб якасьці беларускіх прадуктаў. І гэтак будзе датуль, пакуль у грамадзтве будуць пераважаць меркаваньні, што савецкі пэрыяд гісторыі — страчаны рай. А дзякуючы такім настроям спажыўцоў прадпрыемствы мінімізуюць выдаткі на пазыцыянаваньне на ўнутраным рынку: гэта зручны маркетынгавы ход.
«Мы працуем на расейскім і ўкраінскім рынку. Магу сказаць, што ў Расеі вельмі любяць беларускую якасьць, — мяркуе Ігар Гема, дырэктар брэндынгавага агенцтва Koloro, якое працуе з украінскімі прадпрыемствамі — акурат харчовай прамысловасьці. — Таму ня выкарыстаць разуменьне, што беларускі сыр — гэта выдатна, што ён лепшы за расейскі, маркетолягу было б няправільна.
Гэта працуе, таму гэта і выкарыстоўваюць. Я сам ужываю „Білоруський“ хлеб ва Ўкраіне. Але ніколі ня думаў, што ён сапраўды зь Беларусі і там вельмі папулярны. Проста такая назва прыжылася і выкарыстоўваецца. Я не лічу, што гэта дрэнна, наадварот — гэта спосаб папулярызацыі Беларусі ў нашай краіне».
Паводле яго, рэч нават не ў савецкім мінулым, — дадае Гема. — Ва Ўкраіне перакананыя, што ў Беларусі ўдалося захаваць стандарты і высокія патрабаваньні да якасьці прадуктаў на заканадаўчым узроўні. «Усё гэта сукупна азначае немагчымасьць выкарыстаньня няякаснай сыравіны і жорсткі кантроль за прадукцыяй, што выпускаецца ў Беларусі. Гэта і выкарыстоўваюць украінскія вытворцы».
А пакуль ёсьць попыт, пашыраецца і асартымэнт беларускай прадукцыі ва ўкраінскім выкананьні: зь беларускай мовай на этыкетцы ў крамах прадаюцца таксама слабаалькагольныя да прахаладжальныя напоі.