Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускаму банку зноў не дазволілі купіць украінскую «дачку» расейскага «Сбербанку»


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Нацыянальны банк Украіны паўторна адмовіў беларускаму «Парытэтбанку» ў куплі 100% статутнага капіталу ўкраінскага «Сбербанку». Раней абодва гэтыя банкі хацеў купіць бізнэсовец Віктар Пракапеня.

Як сьцьвярджаецца на сайце Нацбанку Ўкраіны, беларускі бок «не падаў дастатковых дакумэнтаў і інфармацыі для пацьверджаньня адпаведнасьці заяўніка патрабаваньням заканадаўства Ўкраіны».

Якіх менавіта дакумэнтаў бракуе і ў чым можа быць неадпаведнасьць, не ўдакладняецца. Але на сайце асобна адзначаецца, што мажарытарны ўладальнік «Парытэтбанку» — Дзяржаўны камітэт маёмасьці Беларусі (валодае 99,83% акцыяў).

Ва Ўкраіне ня раз праходзілі пратэсты супраць дзейнасьці «Сбербанку». Надпіс на плякаце: «Увага! Гэта банк краіны-агрэсара, ён будзе закрыты, тэрмінова забірайце свае грошы». Кіеў, 2 лютага 2017 году
Ва Ўкраіне ня раз праходзілі пратэсты супраць дзейнасьці «Сбербанку». Надпіс на плякаце: «Увага! Гэта банк краіны-агрэсара, ён будзе закрыты, тэрмінова забірайце свае грошы». Кіеў, 2 лютага 2017 году

Як адзначае БелаПАН, украінскі «Сбербанк» — гэта на 100% даччыная кампанія расейскага «Сбербанку» і шосты па велічыні банк Украіны. Але ў выніку санкцыяў, уведзеных у сакавіку 2017 году, «дочкам» расейскіх банкаў ва Ўкраіне забаронена выводзіць капіталы за межы Ўкраіны на карысьць зьвязаных з гэтымі банкамі асобаў.

Беларускі ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня зьбіраўся купіць і «Парытэтбанк», і празь яго ўкраінскі «Сбербанк». Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2017 году ўхваліў набыцьцё Пракапенем «Парытэтбанку», але ўжо ў жніўні бізнэсовец перадумаў. Сам «Парытэтбанк» у сьнежні 2017 году паспрабаваў купіць украінскі «Сбербанк», накіраваў адпаведны пакет дакумэнтаў у Нацбанк Украіны — і атрымаў адмову ў сакавіку 2018-га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG