Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зноў хоча купіць «Сбербанк» ва Ўкраіне. Чаму экспэрты скептычныя


Беларускі дзяржаўны «Парытэтбанк», асноўным акцыянэрам якога зьяўляецца кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі, у другі раз накіраваў Нацыянальнаму банку Ўкраіны пакет дакумэнтаў для набыцьця ўкраінскай «дачкі» расейскага «Сбербанку».

«У нас было дастаткова часу, каб уважліва вывучыць патрабаваньні рэгулятара Ўкраіны і належным чынам падрыхтавацца да ўдзелу ў дамоўленасьці», –​ цытуюць на афіцыйным сайце камэнтар старшыні праўлення беларускага банку Сяргея Бялова.

Сёлета ў сакавіку Нацыянальны банк Украіны ўжо адмовіў «Парытэтбанку» у спробе набыць «Сбербанк России» ва Ўкраіне з-за таго, што пададзены пакет дакумэнтаў не адпавядаў патрабаваньням заканадаўства Ўкраіны.

Эканамічны аналітык Барыс Кушнірук, які ў свой час узначальваў адзін з украінскіх банкаў, лічыць малапэрспэктыўным наагул продаж «Сбербанка России» і тым больш, беларускаму банку.

Барыс Кушнірук
Барыс Кушнірук

«Шчыра кажучы, я ня бачу асаблівых пэрспэктываў з пункту гледжаньня ўзроўню капіталізацыі беларускага банку і яго магчымасьцяў падтрымаць «Сбербанк России» ва Ўкраіне, калі мы ня кажам, што гаворка ідзе аб падстаўных асобах (на карысьць Расеі – РС). «Парытэтбанк» можа належаць каму заўгодна, але мы ж разумеем, што грошай для гэтага ў іх няма», – кажа Барыс Кушнірук.

Барыс Кушнірук мяркуе, што «Сбербанк России» будзе закрыты, а не прададзены. «У момант, калі пачаліся найбольш вострыя падзеі – 2013-2014 гады – выявілася, што ў банку было вялікае рэфінансаваньне, накіраванае на крэдытаваньне бізнэсу. Потым стала зразумела, што большая частка гэтага пракрэдытаванага бізнэсу знаходзіцца або ў зоне акупацыі на ўсходзе, або ў Крыме, і пачаліся праблемы з капіталам банку», – тлумачыць экспэрт.

«На Захадзе будуць чакаць да 2020 году, калі пройдуць ва Ўкраіне выбары. Апроч таго, пытаньне агрэсіі Расеі ва Ўкраіну нікуды ня зьнікла. Таму з гэтага пункту гледжаньня такую вялікую зьдзелку ніхто ня будзе ажыцьцяўляць нават за намінал», – перакананы Барыс Кушнірук.

На выпадак раптоўнага зрыву ўгоды з-за непрадбачаных абставінаў падрыхтаваны запасны варыянт зь беларусамі

Вядомы ўкраінскі журналіст Аляксандар Дубінскі, якога зьвязваюць з алігархам Ігарам Каламойскім, сьцьвярджае, што ў Расеі зараз разглядаюць два варыянты продажу ўкраінскага «Сбербанку» – беларускаму «Парытэтбанку» і ўкраінскаму бізнэсоўцу Валерыю Харашкоўскаму, які ў розныя часы ўзначальваў Дзяржаўную мытную службу, Службу бясьпекі Ўкраіны, Міністэрства фінансаў і працаваў віцэ-прэм’ерам. Паводле журналіста, вартасьць пытаньня – 50 мільёнаў даляраў, але беларускі варыянт ёсьць запасным.

«Паводле маіх дадзеных, перавага аддаецца Харашкоўскаму, які сымпатычны Грэфу (Герман Грэф – кіраўнік «Сбербанка России» – РС) і дамовіўся аб падтрымцы з адміністрацыяй Парашэнкі. Аднак на выпадак раптоўнага зрыву ўгоды з-за непрадбачаных абставінаў (пратэстаў патрыётаў) – падрыхтаваны запасны варыянт зь беларусамі», –​ піша Аляксандар Дубінскі.

«Сбербанк России» у канцы сакавіка 2017 году абвясьціў аб продажы 100% акцый украінскай «дачкі». Банк раней хацелі набыць бізнэсовец Рыгор Гусельнікаў і сын расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцырыева Саід, аднак НБУ таксама адмовіў ім. Раней на гэты актыў прэтэндавалі грамадзянін Беларусі і Кіпру Віктар Пракапеня і бізнэсовец Валеры Харашкоўскі. Але паведамлялася, што яны адмовіліся ад сваіх плянаў.

«Парытэтбанк» — 15-ы банк Беларусі паводле памеру актываў, заснаваны ў 1991 годзе. Асноўным акцыянэрам зьяўляецца кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі (99,83%), астатнія 0,17% акцыяў належаць больш чым 2500 прыватным асобам. Сетка банку ўключае 25 аддзяленьняў, разьмешчаных па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG