Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чакалі дазволу на ўезд і апасаліся сачэньня». Беларуская праваабаронца пра першую місію ў Крым


Пункт пропуску на адміністратыўнай мяжы Ўкраіны з паўвостравам
Пункт пропуску на адміністратыўнай мяжы Ўкраіны з паўвостравам

Праваабаронцы міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека, якія ў верасьні наведалі Крым зь першай маніторынгавай місіяй, заяўляюць пра сыстэмнасьць і глыбіню парушэньняў базавых правоў чалавека на анэксаваным Расеяй паўвостраве.

«Дагэтуль не магу справіцца з усьведамленьнем, наколькі там усё глыбока і сыстэмна і як цяжка будзе шукаць выйсьце з гэтай сытуацыі, каб аднавіць правы людзей, якія там жывуць», — сказала беларуская праваабаронца Тацяна Равяка, якая працавала ў складзе місіі па вывучэньні стану правоў чалавека ў Крыме.

Паводле яе, місія факусавалася на вывучэньні стану свабоды выказваньня думак, правядзеньня мірных сходаў і магчымасьці браць удзел у грамадзкіх аб’яднаньнях.

«Мы сутыкаліся з інфармацыяй і аб парушэньнях іншых правоў, і перадусім — пра адсутнасьць доступу да незалежнай судовай сыстэмы, прымяненьне катаваньняў, парушэньні стандартаў утрыманьня ў месцах пазбаўленьня волі. Сытуацыя там сур’ёзная. Крым называюць „шэрай“ зонай, але я не чакала, што яна настолькі шэрая», — дадала Тацяна Равяка.

Поўная справаздача па выніках першай маніторынгавай місіі, у якой бралі ўдзел праваабаронцы з Украіны, Казахстану, Беларусі і Азэрбайджану, будзе апублікавана ў кастрычніку. За чатыры дні ў Крыме экспэрты ў правах чалавека правялі больш за два дзясяткі сустрэчаў з прадстаўнікамі ўкраінскіх грамадзкіх арганізацый, сваякамі палітычных вязьняў, крымскімі татарамі, журналістамі, а таксама асуджанымі з палітычных матываў без пазбаўленьня волі.

Тацяна Равяка, архіўнае фота
Тацяна Равяка, архіўнае фота

Праваабаронцы атрымалі дазвол на наведваньне Крыму ад украінскіх урадавых структур і пры перасячэньні адміністратыўнай мяжы Ўкраіны з паўвостравам адкрыта дэкляравалі мэту сваёй паездкі.

«На расейскай мяжы нас адвялі ў так званы „адстойнік“, пачалі высьвятляць мэту паездкі. Мы яе не прыхоўвалі, сказалі, што будзем праводзіць праваабарончае дасьледаваньне. Нашыя пашпарты адсканавалі, і мы, шчыра кажучы, чакалі, што нас туды не дапусьцяць. Пасьля ўезду на тэрыторыю Крыму не выключалі, што ў дачыненьні да нас будзе пільная ўвага, але мы папярэдне адпрацавалі сыстэму бясьпекі і там не карысталіся адным і тым жа транспартам», — удакладніла беларуская праваабаронца.

Паводле яе, місія аднойчы сутыкнулася з прыкметамі сачэньня, але яно было арганізавана ў дачыненьні да аднаго з удзельнікаў апытаньня.

«Мы таксама чакалі, што надзвычайная ўвага да нас будзе на зваротным шляху. Нас паглыблена апыталі, але магу сказаць, што больш там баяцца журналістаў, чым праваабаронцаў. У мяне найперш спыталі, ці не журналістка я», — дадала Тацяна Равяка.

Паводле яе, місія таксама змагла абараніць ад магчымай канфіскацыі на расейскай мяжы ўсе доказы парушэньняў правоў чалавека, якія адбываюцца ў Крыме ў дачыненьні ня толькі да крымскіх татараў, але і іншых этнічных групаў. У той жа час дзеля бясьпекі ўдзельнікаў дасьледаваньня ў справаздачы ня будуць падаваць іхніх імёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG