Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп незадаволены анэксіяй Крыму, але ён ня ведае, што будзе з паўвостравам далей


Дональд Трамп выступае на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту NATO, Брусэль, 12 ліпеня 2018
Дональд Трамп выступае на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту NATO, Брусэль, 12 ліпеня 2018

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас саміту NATO заявіў, што Крым быў незаконна анэксаваны Расеяй яшчэ пры яго папярэдніку Бараку Абаме, а ён бы гэтага не дапусьціў.

Паводле прэзыдэнта ЗША, што будзе з Крымам «на гэтым этапе», ён сказаць ня можа.

«Ці задаволены я тым, што адбылося з Крымам? Не. Я не задаволены. Але гэта адбылося на вачах у Барака Абамы, а ня ў Трампа», — пракамэнтаваў прэзыдэнт ЗША «крымскае пытаньне» перад сустрэчай з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, якая адбудзецца ў панядзелак у Хэльсынкі.

«Яшчэ задоўга да таго, як я стаў прэзыдэнтам, прэзыдэнт Барак Абама дазволіў, каб гэта адбылося. Справа ў тым, што яны будуюць масты ў Крым, толькі што яны пабудавалі велізарны мост, будаўніцтва якога пачалося шмат гадоў таму. Яны завяршылі будаўніцтва новага аэрадрому, уклаўшы мільярды і мільярды даляраў. Гэта адбывалася на вачах у Барака Абамы. Ці я б дазволіў, каб гэта адбылося? — Не, я б гэтага не дазволіў. А ён дапусьціў, каб гэта адбылося», — сказаў Трамп 12 ліпеня ў Брусэлі.

Характарызуючы прэзыдэнта Расеі, Трамп заявіў, што ня лічыць яго ні ворагам, ні сябрам.

«Ён мне ня вораг, таксама я не магу назваць яго сябрам. Магчыма, аднойчы ён можа стаць сябрам, але я ня ведаю яго дастаткова, каб гэта сьцьвярджаць, таму што я яго бачыў усяго некалькі разоў. Мне здаецца, мы ладзім адзін з адным. Але ён мой канкурэнт. Ён прадстаўляе Расею, я прадстаўляю Злучаныя Штаты. Гэта канкурэнцыя, а не пытаньне сяброўства альбо варожасьці» — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Адносна чаканьняў і канчатковай мэты сустрэчы ў Хэльсынкі Дональд Трамп адказаў паўжартам. «Канчатковая мэта, каб нідзе ў сьвеце больш не існавала ядзернай зброі, каб больш не было войнаў, праблем і канфліктаў. Каб усё было прыгожа і хваробы больш не турбавалі чалавецтва. Такая мая мэта», — заявіў ён.

Амэрыкана-расейскі саміт адбудзецца ў сталіцы Фінляндыі 16 ліпеня. Дональд Трамп павінен прыбыць у Хэльсынкі 15 ліпеня, Пуцін — 16-га.

Прэзыдэнт ЗША раней заяўляў, што «ўсё жыцьцё рыхтаваўся» да такіх падзеяў, як сустрэча з Пуціным, і ўпэўнены ў тым, што расейскі лідэр ня здолее яго «перайграць».

Некаторыя СМІ паведамлялі, што на нядаўнім саміце «Вялікай сямёркі» Трамп заяўляў, што Крым мусіць быць часткай Расеі, таму што там большасьць людзей гаворыць па-расейску. Пасьля гэтага ў Белым доме заявілі, што ЗША не прызнаюць і ня будуць прызнаваць анэксію Расеяй украінскага Крыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG