Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вечарыне памяці Захарчанкі ў Менску заклікалі далучыць «ЛНР» і «ДНР» да «саюзнай дзяржавы»


Аляксандар Захарчанка, архіўнае фота
Аляксандар Захарчанка, архіўнае фота

На вечарыне памяці кіраўніка гэтак званай ДНР Аляксандра Захарчанкі ў Менску «левапатрыёты» зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна з прапановай аб далучэньні «ЛНР» і «ДНР» да «саюзнай дзяржавы».

Кіраўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Аляксандар Захарчанка быў забіты 31 жніўня. У той жа дзень актывісты шэрагу левых прарасейскіх арганізацый Беларусі накіравалі ў Данецк тэлеграму са спачуваньнямі, а яшчэ празь некалькі дзён, 6 верасьня, у Менску прайшла вечарына памяці загінулага кіраўніка ДНР, на якой прагучалі прапановы, як залагодзіць канфлікт на ўсходзе Ўкраіны.

«Было чалавек 50, у асноўным людзі сталага і сярэдняга веку»

Пра мерапрыемства Свабодзе распавёў старшыня рэспубліканскай рады руху «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасьць» Валер Драко, які 9 траўня выступіў арганізатарам акцыі «Бесьсмяротны полк».

«Вечарыну праводзілі ў адной з заляў у раёне вуліцы Нямігі. Было чалавек 50, у асноўным людзі сталага і сярэдняга веку, але і некалькі маладзёнаў. Панавала вельмі чульлівая абстаноўка, бо аднадумцы сабраліся згадаць паважанага чалавека. Пра Захарчанку паказалі некалькі дакумэнтальных стужак, якія пасьпелі пра яго падрыхтаваць», — кажа Драко.

«Калі б Масква пайшла на далучэньне „ДНР“ і „ЛНР“, гэта быў бы фініш для Расеі»

На вечарыне гучала і тэма далейшага лёсу «ДНР» і «ЛНР». Паводле Валера Драко, ён зачытаў удзельнікам вечарыны тэкст звароту да Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, у якім прапаноўвалася далучыць гэтыя самаабвешчаныя рэспублікі да гэтак званай «саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі». Зварот быў падрыхтаваны каардынацыйнай радай левапатрыятычных сіл Беларусі «Адзінства».

«Наша прапанова прэзыдэнтам была пэўная — аб далучэньні „ДНР“ і „ЛНР“ да „саюзнай дзяржавы“. Могуць іх прызнаць як самастойныя, а могуць далучыць да „саюзнай дзяржавы“, хай абмяркоўваюць. Мне падаецца гэта найлепшым варыянтам», — сказаў Валер Драко.

Неабходнасьць далучэньня «ДНР» і «ЛНР» да «саюзнай дзяржавы» Валер Драко патлумачыў тупіком, у якім, паводле яго, апынуўся «Менскі працэс» — перамовы аб залагоджваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны паводле фармату, які быў вызначаны на сустрэчы кіраўнікоў Францыі, Нямеччыны, Расеі і Ўкраіны ў Менску ў 2014 годзе.

«Данбас прапаноўваў фэдэрацыю з Украінай, але Кіеў супраць фэдэрацыі. Калі б Масква пайшла на далучэньне „ДНР“ і „ЛНР“, гэта быў бы фініш для Расеі. Новыя санкцыі... Таму мы прапануем дзейнічаць праз „саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі“, гэта дапаможа не дапусьціць новай успышкі ваеннага канфлікту», — мяркуе Валер Драко.

Паводле яго, выгада для Беларусі ў тым, што «можна будзе лепш разьвіваць эканамічнае супрацоўніцтва з гэтымі рэспублікамі».

Аўтары менскага звароту да Лукашэнкі і Пуціна яшчэ не атрымалі адказу на яго.

Ва Ўкраіне лічаць, што канфлікт на ўсходзе краіны працягваецца з прычыны ўмяшаньня Расеі. Кіеў патрабуе тэрмінова спыніць падтрымку сэпаратыстаў Расеяй ды ўрэгуляваць канфлікт паводле «дарожнай мапы», прынятай у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG