Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія 6 год прэзыдэнцтва Пуціна ў Расеі набылі моц 50 антыдэмакратычных законаў,— праваабаронцы


Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарчы плякат у падтрымку Ўладзіміра Пуціна
Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарчы плякат у падтрымку Ўладзіміра Пуціна

Пасьля пераабраньня ў 2012 годзе прэзыдэнтам Расеі Ўладзіміра Пуціна пад ягоным кантролем набылі моц 50 законаў, прызначаных задушыць галасы апазыцыі і павысіць у грамадзтве ўзровень страху і самацэнзуры.

Згодна з новым дасьледаваньнем FIDH — Міжнароднай фэдэрацыі за за правы чалавека — рэжым Уладзіміра Пуціна толькі за апошні прэзыдэнцкі тэрмін правёў каля 50 новых законаў, спэцыяльна прызначаных для падаўленьня іншадумства ў Расеі, паведамляе сайт арганізацыі.

Як гаворыцца ў справаздачы, тэматыка і вобласьці прымяненьня законаў вар’іруюцца гэтак жа моцна, як суровасьць пакараньняў за іх парушэньне. Новыя законы і правілы, уведзеныя падчас апошняга прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна, скіраваныя ня толькі на ўзмацненьне нагляду і цэнзуры, але і забараняюць «браць пад сумненьне цэласнасьць расейскай дзяржавы» — гэта фактычная забарона крытыкі прысутнасьці Расеі ва Ўсходняй Украіне і Крыме, ажно да законаў аб «экстрэмізме», якія даюць уладам шырокія паўнамоцтвы для барацьбы з палітычнай і рэлігійнай свабодамі, навязваньня пэўных поглядаў на гісторыю Расеі і абмежаваньне іншадумства.

На працягу апошніх гадоў таксама быў замацаваны складаны комплекс законаў, накіраваны на стварэньне дадатковых цяжкасьцяў для дзейнасьці недзяржаўных і праваабарончых арганізацый, як у галіне распаўсюджваньня інфармацыі і доступу да яе, так і для атрыманьня міжнароднага фінансаваньня. Гэта значным чынам перашкаджае незалежнасьці іх дзеяньняў, а ў выпадку невялікіх арганізацый ставіць пытаньне аб іх выжываньні.

Складзеная FIDH табліца, якая зьяўляецца вынікам трохгадовага маніторынгу, прадстаўляе гэтыя законы ў храналягічным парадку. У табліцы ня толькі пералічаныя законы, але і дадзенае тлумачэньне, як менавіта кожны зь іх скарачае прастору асноўных свабодаў грамадзянаў Расеі і прыводзяцца прыклады прававых злоўжываньняў, да якіх прымяненьне гэтых законаў прыводзіць у паўсядзённым жыцьці грамадзян:

  • напрыклад, калі паэт абвінавачваецца ў экстрэмізьме за верш пра Ўкраіну;
  • забараняецца выказваць нэгатыўнае меркаваньне аб дзеяньнях Чырвонай Арміі падчас Другой сусьветнай вайны;
  • калі ў мэтах прадухіленьня сходаў, якія нагадваюць Эўрамайдан, забараняюцца вячэрнія/начныя грамадзкія сходы;
  • у дачыненьні да асобаў, якія тройчы ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту вылучаюцца крымінальныя абвінавачваньні;
  • службам абмену паведамленьнямі прад’яўлена патрабаваньне разьмяшчаць усе дадзеныя на тэрыторыі Расеі і па запыце даваць расшыфроўку дадзеных карыстальнікаў;
  • складзены спэцыяльны сьпіс асобаў, якія маюць падвойнае грамадзянства, і тых, хто пазбаўлены права выяжджаць за мяжу;
  • караюцца спробы доступу да інфармацыі, якая аб’яўлена сакрэтнай (напрыклад, да дадзеных аб расейскіх стратах у ваенных канфліктах) і г.д.

Табліцу з поўным аналізам 50 антыдэмакратычных законаў Расеі можна спампаваць па спасылцы.

Саша Кулаева, дырэктар аддзела FIDH па Ўсходняй Эўропе / Цэнтральнай Азіі, заявіла:

«Нарастаючая лявіна антыдэмакратычных законаў пасьля пераабраньня Пуціна ўяўляе сабой уражальнае вяртаньне да часоў татальнага кантролю, часта замаскіраваных, але бязьлітасных захадаў, накіраваных супраць вольнага выказваньня меркаваньня і крытыкі ва ўсіх галінах, якія тычацца ці то вяршэнства закона, правоў чалавека і беспакаранасьці, ці то гісторыі, адукацыі і недапушчальнасьці дыскрымінацыі, ня кажучы ўжо аб ваеннай агрэсіі, якая працягваецца за межамі Расеі. Сёньня, у кантэксьце чарговых пацёмкінскіх прэзыдэнцкіх выбараў, пакутліва назіраць за павольным, але верным удушэньнем апошніх парасткаў дэмакратыі».

FIDH папярэджвае: агрэсія і аўтарытарызм рэжыму Пуціна, якія растуць ўнутры краіны, зьяўляюцца перадумовай і для ягонай агрэсіўнай зьнешняй палітыкі.

«У Сырыі, Украіне і Крыме пуцінская Расея дзейнічае з поўнай беспакаранасьцю. Пры гэтым тое, што адбываецца ўнутры Расеі, не прыцягвае ўвагу заходніх СМІ, у той час як гэтая сытуацыя ня менш драматычная: мы прысутнічаем пры заканадаўча аформленым разгроме грамадзянскай супольнасьці і свабоды выказваньня», — заявіла Кулаева.

Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі адбудзецца ў нядзелю 18 сакавіка. У ліку кандыдатаў дзейны кіраўнік Расеі, беспартыйны самавылучэнец Уладзімір Пуцін. Канстытуцыя Расеі забараняе ісьці ў прэзыдэнты больш як два разы запар, але не абмяжоўвае агульнай колькасьці тэрмінаў. Цяпер Пуцін прэзыдэнцтвуе трэці тэрмін:«перапынак» быў у 2008–2012 гадах, калі прэзыдэнтам быў Дзьмітры Мядзьведзеў, а Пуцін быў пры ім прэм’ерам. Калі Пуцін пераможа на цяперашніх выбарах, ён будзе прэзыдэнтам яшчэ шэсьць гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG