Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне не цікавіць тыраж у Расеі». 10 цытатаў гісторыка і археоляга Алеся Краўцэвіча


Гісторык і археоляг Алесь Краўцэвіч, які днямі адзначыў 60-годзьдзе, зладзіў творчую сустрэчу ў горадзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця» 14 верасьня. Свабода занатавала дзесяць ягоных цытатаў.

1. Ананім

Я не камунікую з ананімамі. Сам не пішу пад псэўданімамі ў інтэрнэце. Заўсёды пішу пад сваім сапраўдным іменем. Гэта моцна дысцыплінуе: інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, як раней, хамства па тэлефоне, калі чалавек ня ведаў, зь кім гаворыць. Часам з інтэрнэта даведаесься пра сябе тое, чаго ніколі б не думаў.


2. Вёска

Я займаюся Сярэднявеччам. А Сярэднявечча — спэцыялізацыя вясковая. 95% людзей на нашых тэрыторыях жылі ў вёсках. На гэтым будавалася ўсё грамадзтва, усе адносіны. Я нарадзіўся ў такой традыцыйнай вёсцы, яшчэ пасьпеў. Я сам з Мастоўскага раёна. Людзі яшчэ не адвучыліся працаваць, яшчэ не пілі. Быў свой уклад. Самы страшны грэх — красьці ў людзей, напэўна, самы большы пасьля няшлюбнага дзіцяці. Іншая справа — узяць у калгаса, калі карове няма саломы падаслаць, бо там яна ўсё роўна згніе. Цяпер усё памянялася.


3. Сялянская праца

Я ведаю, што такое сялянская праца. Бацька рабіў усё: ад падводы да лесьвіц. Я не саромеўся таго, што я зь вёскі. І шчыра спачуваў гарадзкім, якія вырасьлі на асфальце, на бэтоне. У нас рэчка ў ста мэтрах ад хаты, лес, Ліпічанская пушча, паветра. Свае нюансы былі. Усе адзін аднаго ведаюць. Калі зьяўляецца новы чалавек, ты нікуды не схаваесься.

4. Дзяцінства


Дзяцінства было шчасьлівае. Самае галоўнае, за што я ўдзячны свайму бацьку, што навучыў працаваць, нават калі ня хочацца. Хлопцы гуляюць у футбол, бацька: «Грабі сена», хлопцы на рэчку, бацька: «Рабі тое»... Чалавек мусіць умець працаваць нават тады, калі яму ня хочацца. Гэта звычка на ўсё жыцьцё.


5. Дызэрцір

Байкалаамурская магістраль, 1980 год, канец лета. Мы да чарнаты загарэлыя. Неверагодна моцная школа. За месяц там плацілі па тысячы і больш рублёў. Працавалі вельмі цяжка. Ня ўсе вытрымлівалі. Я тады ўпершыню, у 20 год, убачыў сапраўднага дызэрціра, каторы прадасьць.

Наводдаль ад лягера каля чыгуначных мастоў трэба было абкладаць адхоны камянямі. Абралі дванаццаць самых стойкіх. Там не «прасачкуеш», бо трэба было кідаць адзін аднаму камяні. Адзін здаровы хлопец, юрыст, высокі: мэтар восемдзесят пяць. Неяк ляжалі ў намёце, а гэты хлопец кажа: «Зматывацца трэба, валіць адсюль». І «зматаўся», вярнуўся ў лягер на сваё звычайнае месца на працы. Ніхто яму слова не сказаў.

Напрыканцы дзелім грошы. Стаяць 45 хлопцаў. Кожны выходзіў, і яму прызначалі каэфіцыэнт. Самы нізкі 0,9, самы высокі 1,3. Усе галасуюць, усё сумленна. Гэтаму хлопцу паставілі 0,9. А ён выходзіць і пачынае плакаць: «Хлопцы, пастаўце мне большы каэфіцыэнт. У мяне сэрца хворае». Усім страшна няёмка, вочы апусьцілі. А адзін кажа: «А дзе ты быў, калі ўзмоцненую камісію праходзілі ў Сібір? Чаго ты маўчаў, што ў цябе сэрца хворае?». І мы перасталі яго шкадаваць. А я зразумеў, што гэта той, каторы прадасьць пры нагодзе.


6. Захар Шыбека

Захар Шыбека — гэта старэйшага пакаленьня гісторык, што нядаўна сьвяткаваў 70 гадоў. Яго выцясьнілі зь Беларусі. Жыве ў Ізраілі. Адзіны гісторык старэйшага пакаленьня, які выклікае павагу без усялякіх званьняў. Адзіны, які варты быць акадэмікам у Беларусі. Выклікае павагу і як чалавек, і як дасьледчык. Цяпер, калі выбіраюць акадэмікаў, гэта як з мэрамі — не абіраюць, а прызначаюць. Калі чую ягонае імя (Захара Шыбекі — РС), адчуваю да яго вялікую павагу.


7. Кнігі

Самае галоўнае ў маёй дзейнасьці і маіх калегаў — гэта пісаньне кніжак. Адчуваю, што не займаюся лухтой, калі пішу кніжкі, бо гэта застанецца. Хто памятае, што Краўцэвіч шмат гадоў назад быў першым прарэктарам унівэрсытэта? Ніхто ня памятае. А кнігі пакуль яшчэ купляюць.


8. Пісьменьнік і чытач

Самае важнае ў адносінах «літаратар — чытач» — аўтар мусіць стаць на пазыцыю чытача, паглядзець ягонымі вачыма на гэтую тэму, каб да яго дастукацца...

Мая задача, як аўтара, зрабіць так, каб чытач ня меў тэхнічных цяжкасьцяў ва ўспрыманьні тэксту. Выразна пабудаваць сказы. Каб чытач пяць разоў не вяртаўся і не спрабаваў зразумець, што аўтар хацеў сказаць.


9. Аўтар і герой

Навуковая кніга патрабуе дакладнага навуковага падыходу, аргумэнтацыі, спасылак. Сапраўдны навуковец сумняваецца. А ў папулярнай кніжцы ўключае фантазію. Можна сабе ўявіць, як чалавек паводзіў бы сябе ў такой сытуацыі...

Зь героем кнігі як з суседам, асабліва ў вёсцы. Ты зь ім пазнаёміўся, праходзіць месяц, два, паўгода, і ты ўжо ведаеш, хто ён такі. Ці ён сварыцца з жонкай, ці багаты, ці бедны. Гэтаксама жыцьцё Вялікіх князёў Літоўскіх. Чытаеш дакумэнты, кнігі, уяўляеш, і праз нейкі час узьнікае адчуваньне знаёмства, ты можаш пра яго пісаць. Але гэта твой погляд.

10. Мова

Па-першае, вартую кнігу прачытаюць на любой мове. Па-другое, мяне не цікавіць тыраж у Расеі. Калі цікавіць, то ў другую чаргу. Мяне цікавіць Беларусь. Хай будзе ня тры тысячы экзэмпляраў, а тысяча. Таму цяпер я не пішу свае кніжкі на расейскай мове. Бо ўсе беларусы вучаць у школе беларускую мову. Хоць не гавораць, але прачытаць змогуць. Калі не зможа прачытаць, ён мяне як чытач не цікавіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG