Дзе ў Вільні можа зьявіцца магіла Каліноўскага
Раней у Літве афіцыйна паведамлялася, што меркаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага, а таксама Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 15 удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў, знойдзеныя ў 2017 годзе падчас работ на гары Гедыміна ў Вільні, урачыста перапахаваюць на старажытных могілках Роса альбо Бэрнардынскіх.
Нядаўна ў сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя, што сярод паўстанцаў 1863 году, чые пахаваньні адшукалі ў Вільні, былі ідэнтыфікаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага. Аднак канчатковага пацьверджаньня пакуль няма.
Літоўскі навуковец: «Ня бачу сэнсу камэнтаваць фантастычныя чуткі»
Рымантас Янкаўскас, прафэсар катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту, займаецца ідэнтыфікацыяй парэштак, знойдзеных на гары Гедыміна. У інтэрвію Свабодзе ён назваў інфармацыю з сацсетак, што ў Вільні былі ідэнтыфікаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага, фантастычнымі чуткамі.
«Mы дэмакратычная краіна Эўразьвязу, і ў грамадзтве ўжо пачынаюць аджываць палажэньні „тэорыі змовы“. Я як дасьледнік ня бачу сэнсу камэнтаваць фантастычныя чуткі. Асобы Каліноўскага, Серакоўскага і іншых правадыроў паўстаньня — гэта агульная спадчына Літвы, Беларусі і Польшчы. Яны надзвычай важныя для ўсіх трох краінаў», — сказаў ён.
Паводле Рымантаса Янкаўскаса, у Літве створаная дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня знойдзеных парэшткаў паўстанцаў, якую ўзначальвае прэм’ер-міністар. На апошнім паседжаньні гэтай камісіі вырашана працягваць пошукі парэшткаў, якіх яшчэ нестае, і працы па ідэнтыфікацыі.
«Парэшткі плянуецца перапахаваць налета ў галоўнай капліцы віленскіх могілак Роса, там ужо пачынаюцца рэстаўрацыйныя работы».
— Парэшткі паўстанцаў выявілі выпадкова, калі праводзілі работы дзеля ўмацаваньня схілу гары. Наколькі неардынарная гэтая падзея?
— Гэта сапраўды неардынарная падзея, хоць апошнім часам у Літве такіх падзей адбываецца больш: напрыклад, толькі што былі ідэнтыфікаваныя парэшткі камандзіра літоўскіх партызанаў Адальфаса Раманаўскаса-Ванагаса (забіты ў 1957 годзе). Раней былі ідэнтыфікаваныя некалькі дзясяткаў людзей, забітых супрацоўнікамі КГБ у 1944–1947 гадах.
— Летась на пачатку году на гары Гедыміна знайшлі парэшткі 7 чалавек. Сёлета пісалася, што знойдзены ўжо парэшткі 17 з 21 паўстанца, пакараных сьмерцю ў 1863–1864 гадах. Застаюцца яшчэ чатыры?
— Так, застаецца знайсьці чатырох, цяпер вядуцца раскопкі. Пакуль што ідэнтыфікаваныя Зыгмунт Серакоўскі і браты Раўкоўскія (забітыя разам, паводле сьпісу — адзіныя браты, генэтычна выяўленая іх крэўная роднасьць).
— Парэшткі перадалі для дасьледаваньня на катэдру антрапалёгіі мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту — гэта значыць вам. Як вы зь імі працуеце? Дзе яны захоўваюцца?
— Парэшткі захоўваюцца на мэдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту, дзе праводзіцца агульнае антрапалягічнае дасьледаваньне. Супастаўленьне чарапоў і партрэтаў і генэтычныя дасьледаваньні вядуцца ў Дзяржаўнай службе судовай мэдыцыны.
— Што ўжо ўдалося высьветліць дагэтуль? Як, паводле чаго былі апазнаныя тыя 13 чалавек?
— Выяўленыя агульныя ідэнтыфікацыйныя прыкметы (пол, біялягічны ўзрост, стан здароўя, стан зубоў, цялесныя пашкоджаньні, якія б дазвалялі меркаваць пра абставіны сьмерці; выдзеленыя генэтычныя профілі, падведзеныя вынікі супастаўленьня — адкінутая ідэнтычнасьць некаторых асобаў). Высунутая рабочая гіпотэза наконт храналёгіі закопваньня ямаў і супастаўленьня яе з датамі забойства.
У некаторых парэштках выяўленыя азнакі павешаньня, у іншых — застрэленьня
— Пра тое, ад чаго памерлі пахаваныя паўстанцы, меліся сказаць сваё слова крыміналісты. Якія іхнія высновы? Ці пацьвердзілася, што знойдзеныя людзі былі павешаныя?
— Так, у некаторых парэштках выяўленыя азнакі павешаньня, у іншых — застрэленьня.
— Якія зьвесткі ante mortem вы маеце пра Каліноўскага? Якія канкрэтна дэталі ці асаблівасьці вы шукалі ў парэштках, каб вызначыць, што гэта ён?
— Мы маем агульныя ідэнтыфікацыйныя прыкметы і фотапартрэты.
Мы маем агульныя ідэнтыфікацыйныя прыкметы і фотапартрэты
— Увосень 2017 году вы сказалі ў інтэрвію Delfi.lt, што ў вас ужо ёсьць кандыдат, які можа быць апазнаны як Каліноўскі, хоць 100-працэнтнай пэўнасьці няма. На падставе чаго ўзьнікла такая рабочая вэрсія?
— На падставе агульных ідэнтыфікацыйных прыкметаў гэтага кандыдата, храналёгіі закопваньня ямы, супастаўленьня чэрапа і партрэта.
— Для канчатковай ідэнтыфікацыі вам не хапае генэтычнага матэрыялу. Дзе і як вы яго шукалі ці шукаеце? Ці знайшлі жывых сваякоў?
— Шукалі жывых нашчадкаў (братоў Кастуся Каліноўскага) па мужчынскай лініі. На жаль, безвынікова.
— Вядома, што ў мястэчку Сьвіслач у Беларусі пахаваны родны брат Кастуся — Віктар Каліноўскі. Ці зьвярталіся вы да беларускіх уладаў у пытаньні эксгумацыі яго парэштак?
— Да беларускіх уладаў абяцала зьвярнуцца літоўская амбасада ў Беларусі. Наша прапанова — супольныя дасьледаваньні зь беларускімі калегамі.
«Праўда выходзіць на паверхню», — беларускія гісторыкі пра знаходку магілы Каліноўскага
— Ці выяўляюць вашы беларускія калегі інтарэс да гэтай вашай працы? З кім канкрэтна вы супрацоўнічаеце?
— На жаль, такіх сувязяў у нас няма. Летась у нас былі прадстаўніцы беларускай амбасады ў Літве, але на гэтым кантакты спыніліся.
Менск чакае афіцыйнага запыту зь Вільні
Паводле аднаго зь беларускіх дыпляматаў, цяпер амбасада Беларусі ў Вільні працуе зь літоўскім бокам, каб вызначыць, як фармалізаваць запыт і пабудаваць супрацоўніцтва ў пытаньні доступу літоўскіх навукоўцаў да магілы Віктара Каліноўскага і ідэнтыфікацыі парэшткаў. Але канкрэтнага рашэньня пакуль няма.
Гэтаксама прадстаўнік літоўскай амбасады ў Беларусі паведаміў карэспандэнту Свабоды, што афіцыйных камэнтароў пакуль няма. Ён сказаў, што беларускі бок хоча атрымаць афіцыйны зварот пра садзейнічаньне. Дыплямат сказаў, што спадзяецца на станоўчы адказ.
Але пакуль літоўскі бок не зьвяртаўся з афіцыйным запытам па гэтым пытаньні, хоць яно ўзьнімалася на розных узроўнях. Экспэрты павінны сфармуляваць свой запыт, чаго яны жадаюць, усе нюансы павінны быць апісаныя.
«Гэтае пытаньне адчувальнае для абодвух бакоў, цікавае і важнае, і мы спадзяёмся на самае лепшае. Прапрацоўваем, але пакуль занадта рана казаць пра нейкія рашэньні», — сказаў прадстаўнік амбасады Літвы ў Беларусі.
Інстытут гісторыі Беларусі: «Няма ўпэўненасьці ў дакладнай лякалізацыі магілы Віктара Каліноўскага»
Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі разам са Сьвіслацкім райвыканкамам арганізуе археалягічную экспэдыцыю ў Сьвіслацкі раён, падчас якой, верагодна, будзе абмяркоўвацца пытаньне пра магчымасьць эксгумацыі парэшткаў старэйшага брата Кастуся Каліноўскага Віктара, пахаванага ў Сьвіслачы.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў намесьнік дырэктара па навуковай працы Інстытуту гісторыі Вадзім Лакіза.
Папярэдне пачатак экспэдыцыі заплянаваны на 18 ліпеня. Яшчэ раней, падчас працы на тэрыторыі Ваўкавыскага раёну, прадстаўнікі Інстытуту сустрэнуцца з кіраўніцтвам гораду Сьвіслач, каб абмеркаваць некаторыя арганізацыйныя моманты.
«Інстытут гісторыі цікавяць усе гістарычныя факты і гістарычныя постаці, якія аказалі вялікі ўплыў на ход гістарычных падзей, — сказаў Вадзім Лакіза. — Канстанцін Каліноўскі — гэта асоба, якая вывучаецца. Паўстаньню 1863–64 гадоў прысьвечана велізарная гістарыяграфія, у тым ліку вучоных Інстытуту гісторыі, іншых навуковых устаноў і ВНУ краіны».
Вадзім Лакіза лічыць вельмі важным міжнароднае супрацоўніцтва і сумеснае вывучэньне гістарычнай спадчыны з калегамі суседніх краін.
«Мы ведаем пра тое, што і як адбываецца ў суседняй Літве. Да нас зьвярталіся на розных узроўнях па дадзеным пытаньні, таму інфармацыю мы маем. У гэтай справе зацікаўленыя МЗС Беларусі, амбасада РБ у Літве і, зразумела, Нацыянальная акадэмія, Інстытут гісторыі, Міністэрства культуры. Мы працуем сумесна па некаторых пытаньнях, якія ставяцца», — сказаў Вадзім Лакіза.
Сярод гэтых пытаньняў — ідэнтыфікацыя парэшткаў Кастуся (Канстанціна) Каліноўскага. Маеццца на ўвазе таксама прапанаваны літоўскім бокам варыянт, зьвязаны з генэтычным дасьледаваньнем парэшткаў Віктара Каліноўскага.
Няма ўпэўненасьці ў дакладнай лякалізацыі магілы Віктара Каліноўскага
«Гэтае пытаньне ставілася яшчэ раней: у мінулым годзе да нас зьвярталіся. Яно прапрацоўвалася сумесна і зь Міністэрствам культуры, і са Сьвіслацкім райвыканкамам. Па інфармацыі, якую мы маем, ня ўсё адназначна з вызначэньнем дакладнага месца пахаваньня брата Каліноўскага — Віктара. Няма ўпэўненасьці ў дакладнай лякалізацыі магілы Віктара Каліноўскага. Яна пазначана на могілках, але чыя там магіла, на сто працэнтаў не вядома», — сказаў Вадзім Лакіза.
Яшчэ ў мінулым годзе інфармацыю пра магілу Віктара Каліноўскага ўдакладняў Сьвіслацкі райвыканкам.
«Нядаўна мы размаўлялі са старшынём Сьвіслацкага райвыканкаму па гэтым пытаньні. Ад яго я даведаўся, што прыяжджалі прадстаўнікі літоўскага боку, якія спрабавалі знайсьці сваякоў Кастуся Каліноўскага, для таго каб узяць аналіз ДНК», — сказаў Вадзім Лакіза.
Ці рэальна знайсьці магілу Віктара Каліноўскага на могілках у Сьвіслачы?
«Думаю, у сувязі з пашкоджаньнямі могілак падчас Вялікай Айчыннай вайны і іх пасьляваенным аднаўленьнем зрабіць гэта будзе складана», — сказаў Вадзім Лакіза.
Паводле Вадзіма Лакізы, Інстытут гісторыі не зьяўляецца галоўнай арганізацыяй па ідэнтыфікацыі парэшткаў. Да гэтага пытаньня датычныя Міністэрства культуры, Сьвіслацкі райвыканкам і літоўскі бок.
«Літоўскі бок наўпрост не зьвяртаўся ў Інстытут гісторыі НАНБ для нейкай сумеснай працы. Хаця, калі будзе прынятае канчатковае рашэньне па дасьледаваньні гэтых могілак, пра якія я казаў, без Інстытуту гісторыі гэта ня будзе зроблена».
Паводле Вадзіма Лакізы, можна правесьці стандартныя археалягічныя дасьледаваньні, раскопкі з пэўнай мэтодыкай.
Калі могілкі старэйшыя за 120 гадоў, гэта азначае, што гэтай справай займаюцца археолягі
«Калі могілкі старэйшыя за 120 гадоў, гэта азначае, што справай займаюцца археолягі. Ну, а аналіз ДНК праводзіць ня наш інстытут, гэта даволі затратная справа. І тут патрэбна пэўнае абсталяваньне, адмысловыя лябараторыі. Гэта вельмі складанае дасьледаваньне, і не заўсёды стопрацэнтныя яго вынікі. Тым больш што справа тычыцца 19-га стагодзьдзя».
Паводле Вадзіма Лакізы, любыя будаўнічыя, земляныя і іншыя працы на тэрыторыі раёну санкцыянуюцца райвыканкамам на падставе заключэньня Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.
«Эксгумацыя — гэта звычайная практыка»
Паводле прафэсара, доктар гістарычных навук Алеся Краўцэвіча, дакладна вызначыць магілу Віктара Каліноўскага магчыма, але раней яе ніхто не шукаў.
«Дзеля гэтага трэба правесьці адмысловае грунтоўнае дасьледаваньне. Эксгумацыя — гэта звычайная практыка. Эксгумацыя салдат, якія загінулі ў Другую ўсясьветную вайну, на шырокі маштаб праводзіцца беларускім пошукавым батальёнам. Адзінае, каб не было насуперак апошняй волі асобы, якая эксгумуецца, альбо волі сваякоў. Сваякоў ня знойдзена. Таму гэтая ідэя прыгожая, але над ёй неабходна працаваць»
Алесь Краўцэвіч адзначае, што літоўскія археолягі высокакваліфікаваныя і іхным дасьледаваньням варта давяраць.
«Больш за тое, яны пераадолелі палітычны ціск, што, маўляў, гэтага ня трэба рабіць, ня трэба ідэнтыфікаваць. Навуковая сумленнасьць узяла верх, яны ідэнтыфікавалі, правялі гэтае расьсьледаваньне. І мы рэальна маем шанец атрымаць магілу Кастуся Каліноўскага, беларускага нацыянальнага героя.
Іншая справа, дзе гэтая магіла павінна быць. Я лічу — у Беларусі. Літоўскія ўлады будуць ня супраць гэтага. Трэба паверыць на слова літоўскім спэцыялістам і дамовіцца пра перанос гэтай магілы ў Беларусь».
Літоўскія ўлады будуць ня супраць таго, каб магіла Каліноўскага была ў Беларусі
Як Вадзім Лакіза ставіцца да таго, каб перапахаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага ў Беларусі?
«У якім месцы перазахоўваць на тэрыторыі Беларусі? Ніхто ня скажа. Я думаю, гэтае пытаньне вельмі складанае. На яго адказаць адназначна немагчыма. Я размаўляў наконт гэтага з рознымі людзьмі, розныя меркаваньні чуў. Але ў бальшыні калегаў і знаёмых пра перапахаваньне на тэрыторыі Беларусі размовы не было», — кажа намесьнік дырэктара па навуковай працы Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.