Даляр падаражэў на 2 капейкі за дзень, на 8 капеек за тыдзень. Але расейскі рубель спыніў рост да беларускага, нават крыху патаньнеў за панядзелак.
Паводле вынікаў таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 10 верасьня даляр каштуе 2,1605 беларускага рубля (плюс дзьве капейкі за дзень), эўра — 2,4977 (плюс 0,83 капейкі), 100 расейскіх рублёў — 3,0928 беларускага (мінус 0,84 капейкі).
Гэта не найгоршы курс беларускага рубля да даляра за ўвесь час (у лютым 2016 году было 22 069 «недэнамінаваных» рублёў за даляр — гэта як 2,2069 «дэнамінаванага» рубля), але найніжэйшы з часоў дэнамінацыі (якая праводзілася ў 2016 годзе пры курсе каля 2,005 рубля за даляр).
Калі адсутнасьць росту расейскага рубля замацуецца, гэта можна лічыць за добры знак для беларускага рубля. Менавіта з падзеньнем расейскай валютай зьвязвалі падзеньне беларускай: эканомікі краінаў цесна зьвязаныя, беларускі рубель «карэктаваўся» пад расейскі. Беларусы ж два з паловай гады здаюць больш даляраў, чым купляюць.
Курс даляра рэзка падскокваў да 2,0698 рубля ў красавіку сёлета, але затым хутка ўпаў да 2 рублёў з «падскокамі» да 2,02 рубля. У ліпені было нават падзеньне да 1,97. Цяперашні рост трывае з пачатку жніўня.
Эўра таксама расьце да беларускага рубля, але да рэкорду яшчэ 6 капеек: у красавіку бягучага году было 2,558 рубля за эўра.
Расейскі рубель падаў да беларускага з пачатку году (калі за 100 расейскіх давалі каля 3,5 беларускага), але дасягнуўшы гадавога мінімуму ў 2,9974 беларускага за 100 расейскіх 24 жніўня, пачаў нязначна расьці і вярнуўся на ўзровень «дэнамінацыйных» дзён.