Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На колькі ўпадзе рубель? Эканамісты тлумачаць, чаму даляр на максымуме за два гады


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад пачатку мінулага тыдня даляр і эўра падаражэлі на 6 капеек адносна беларускага рубля, на столькі ж сталі даражэйшымі 100 расейскіх рублёў. Чаму гэта адбываецца і калі скончыцца падзеньне, Свабодзе расказалі фінансавыя аналітыкі Валеры Палхоўскі і Вадзім Іосуб.

«Сынхранізацыя» з расейскім рублём

Цяперашні курс у 2,11 рубля за даляр — не найгоршы за ўвесь час (у лютым 2016 году было 22 069 «недэнамінаваных» рублёў за даляр — гэта як 2,2069 «дэнамінаванага» рубля), але найніжэйшы з часоў дэнамінацыі (праводзілася ў 2016 годзе пры курсе каля 2,005 рубля за даляр). Курс даляра рэзка падскокваў да 2,0698 рубля ў красавіку сёлета, але затым хутка ўпаў да 2 рублёў з «падскокамі» да 2,02 рубля. У ліпені было нават падзеньне да 1,97. Цяперашні рост трывае з пачатку жніўня.

Эўра таксама расьце да беларускага рубля, але да рэкорду далёка: у красавіку бягучага году было 2,558 рубля за эўра. Расейскі рубель падаў да беларускага з пачатку году (калі за 100 расейскіх давалі каля 3,5 беларускага), але, дасягнуўшы гадавога мінімуму ў 2,9974 беларускага за 100 расейскіх 24 жніўня, пачаў нязначна расьці і вярнуўся на ўзровень «дэнамінацыйных» дзён.

Старшы аналітык групы кампаніяў Forex Club Валеры Палхоўскі мяркуе, што такім чынам паступова выражаецца ўплыў аслабленьня расейскага рубля да даляра.

«У Расеі рубель аслабеў супраць даляра, а ў нас спачатку не адбылося зьменаў курсу беларускага рубля да даляра, таму наш рубель узмацніўся супраць расейскага, — згадвае ён. — Але ў нас эканоміка дастаткова глыбока прывязаная да расейскай, такі стан курсаў ня вельмі для нас пазытыўны. Таму неабходна паступова выраўноўваць курс з расейскім рублём да таго, што быў раней. Думаю, гэта мы і назіраем».

Палхоўскі дадае: калі расейскі рубель вернецца да ранейшых курсаў, то і беларускі вырасьце ўсьлед за ім. Пакуль жа будзе адбывацца «карэктаваньне» курсу беларускага рубля да расейскага ў бок аслабленьня беларускага, ды наўрад ці яно будзе большым за 3–5%.

«Глябальныя ўцёкі ад рызыкаў»

Іншыя працэсы — больш глябальныя і доўгатэрміновыя — разглядае ў камэнтары Свабодзе старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб, архіўнае фота
Вадзім Іосуб, архіўнае фота

За апошнія месяцы падаюць і нават дасягаюць гістарычных мінімумаў шмат краінаў, якія разьвіваюцца. Так, падае расейскі рубель, украінская грыўна, казахстанскі тэнге, да гістарычных мінімумаў падаюць валюты Індыі і Ірану, «зачапіла» валюты Аргентыны і Паўднёвай Афрыкі.

У некаторых дзяржавах, кажа Іосуб, былі відавочныя прычыны, як санкцыі супраць Расеі або Турэччыны, але падзеньне ёсьць і ў краінах, супраць якіх ня ўводзіліся новыя санкцыі — «проста за кампанію». У іншых, якія можна суаднесьці зь Беларусьсю, «усё сумна», беларускі рубель «выглядае больш чым годна».

«Проста ідзе працэс глябальных уцёкаў ад рызыкаў, — мяркуе ён. — Сусьветныя інвэстары, якія ў спакойныя часы любяць укладаць у эканомікі краінаў, што разьвіваюцца, могуць рэзка зьмяніць настрой, масава выходзіць з гэтых краінаў і ўкладацца ў эканомікі найбольш разьвітых і спакойных краінаў. Сёньня капіталы перацякаюць у ЗША, Нямеччыну, Францыю, Швайцарыю, Японію... Падзеньне беларускага рубля апошніх дзён гэта частка агульнасусьветнага працэсу».

Глядзець варта ня толькі на курс беларускага рубля да даляра, дадае Іосуб, а на кошык валютаў, да якога прывязаны рубель (палова кошыка — расейскі рубель, 20% — эўра, 30% — даляр). У канцы жніўня адбыўся разварот: да таго, з пачатку студзеня, беларускі рубель даражэў адносна кошыка, пасьля стаў даволі рэзка таньнець. Рост расейскага рубля да беларускага цяпер мае штучны характар, мяркуе ён, а даляр і эўра растуць «натуральным» чынам і будуць працягваць рост.

Эфэкт ад санкцыяў супраць Крамлю будзе, але цяжка прадказаць, які

Наўрад ці варта чакаць падзеньня беларускага рубля ў некалькі разоў, кажа Іосуб, ды немагчыма ўгадаць, упадзе ён на 5% ці, напрыклад, 30%. Беларускі рубель вельмі моцна зьвязаны з расейскім, адносна якога «поўная няпэўнасьць». Новыя санкцыі ЗША і Эўропы, верагодна, будуць больш жорсткімі, ды яшчэ невядома, якімі менавіта.

«Ёсьць некалькі законапраектаў у Кангрэсе ЗША, якія прадугледжваюць жорсткія фінансавыя санкцыі супраць Расеі: і забарона на куплю новай дзяржаўнай запазычанасьці, і забарона на апэрацыі з расейскімі дзяржаўнымі банкамі... — пералічвае ён. — Ды з тымі ж дзяржаўнымі банкамі сфармулявана так: прыведзены сьпіс найбуйнейшых васьмі і дададзена, што прэзыдэнт можа ўвесьці санкцыі супраць аднаго ці некалькіх са сьпісу. Можа ня быць ніякіх санкцыяў. Могуць быць да ўсіх дзяржаўных банкаў адначасова, што тэарэтычна паралізуе расейскую банкаўскую сыстэму».

Праз тое, што немагчыма прадказаць эфэкт санкцыяў на курс расейскага рубля, немагчыма і прадказаць лёс курсу беларускага рубля да расейскага, рэзюмуе Іосуб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG