У ноч на 2 верасьня першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка перамагла пятую ракетку сьвету Петру Квітаву з Чэхіі (7:5, 6:1) і выйшла ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе.
Там яна сустрэнецца з японкай Наомі Осакай, якая ў трэцім раўндзе разграміла іншую прадстаўніцу Беларусі Аляксандру Сасновіч (6:0, 6:0).
Такім чынам, Арына Сабаленка, якая цяпер займае 20-ы радок у рэйтынгу Сусьветнай тэніснай асацыяцыі, засталася адзінай на US Open. На стадыі 1/16 фіналу спынілася Вікторыя Азаранка, якая прайграла трэцяй ракетцы сьвету Слоан Стывенс з ЗША (3:6, 4:6). А яшчэ раней сышла з дыстанцыі Вера Лапко.
Арына Сабаленка працягвае таксама выступаць і ў парным разрадзе турніру. Яе сяброўкі ў парах Аляксандра Сасновіч, Вікторыя Азаранка, Вера Лапко і Лідзія Марозава завершылі барацьбу.
У мужчынскім парным разрадзе двухразовы пераможца гэтых спаборніцтваў Максім Мірны выбыў ужо ў першым раўндзе.