Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб тым, што «рынак абваліцца», калі яму будзе абвешчаны імпічмэнт.
Пра гэта ён заявіў у тэлепраграме Fox & Friends, якая трансьлявалася ў чацьвер.
Амэрыканскі лідэр сказаў, што не разумее, як можна абвясьціць імпічмэнт таму, хто «выдатна папрацаваў» на прэзыдэнцкай пасадзе.
Трамп спрагназаваў падзеньне амэрыканскай эканомікі ў выпадку, калі ён ня будзе пераабраны. Кіраўнік дзяржавы назваў сваё прэзыдэнцтва эканамічна пасьпяховым для краіны. Ён выказаў здагадку, што Амэрыка зьведала бы «адмоўны рост», калі б на выбарах 2016 году перамагла яго суперніца Гілары Клінтан.
У сваім выступе прэзыдэнт ЗША паскардзіўся на кепскія законы ў сфэры іміграцыі і распавёў пра тое, што на амэрыкана-мэксыканскай мяжы ўжо ўзводзіцца мур, мэта якога — спыніць паток нелегальных мігрантаў. Праект яго будаўніцтва быў часткай перадвыбарчых абяцаньняў Трампа. Паводле яго, урад ужо выдаткаваў на мур 3,2 мільярды даляраў і запытаў у Кангрэсу яшчэ 5 мільярдаў даляраў.
Камэнтары кіраўніка Белага дому прагучалі на фоне навін аб тым, што былы кіраўнік перадвыбарчага штаба Трампа Пол Манафорт прызнаны вінаватым па 8 з 18 пунктаў абвінавачваньня, а экс-юрыст прэзыдэнта ЗША Майкл Коэн пад прысягай заявіў, што ўчыніў «фінансавае злачынства» па ўказаньні свайго кліента. На гэтай падставе некаторыя амэрыканскія СМІ пачалі абмяркоўваць пытаньне аб імаверным імпічмэнце Трампу.