Былы асабісты адвакат прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Майкл Коэн мае інфармацыю «ў некаторых пытаньнях, якія павінны быць цікавыя» спэцыяльнаму пракурору, што расьсьледуе сувязі паміж Расеяй і Трампавай выбарчай кампаніяй 2016 году, заявіў ягоны адвакат.
Адвакат сказаў, што Майкл Коэн гатовы даць інфармацыю ня толькі спэцыяльнаму пракурору Робэрту Мюлеру, але і камітэтам Кангрэсу, якія расьсьледуюць намаганьні Расеі ўмяшацца ў амэрыканскія выбары.
Прапанова прагучала пасьля таго, як былы «рамонтнік» Трампа прызнаў сябе вінаватым у прыхаваньні грашовых выплатаў — нібыта на ўказаньне Трампа — жанчынам, якія сьцьвярджалі, што мелі стасункі з Трампам, каб пераканаць іх маўчаць падчас выбарчай гонкі 2016 году.
Як паведамляюць амэрыканскія СМІ, Коэн гатовы сказаць Мюлеру, што Трамп ведаў загадзя пра сустрэчу ў нью-ёрскім Trump Tower у 2016 годзе, на якой яго старэйшы сын хацеў здабыць кампрамат на Гілары Клінтан ад расейскага адваката.
Чальцы камітэту Сэнату ў пытаньнях выведкі з Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў ужо заявілі, што яны «нядаўна ўзнавілі кантакт» з Коэнам у гэтым пытаньні.
У сэрыі тэлевізійных інтэрвію адвакат Коэна Лені Дэйвіс таксама сказаў, што Коэн можа распавесьці Мюлеру, ці ведаў і ці заахвочваў Трамп расейскае хакерскае ўмяшаньне ў электроннае ліставаньне Дэмакратычнай партыі ў часе выбарчай кампаніі 2016 году.
Прэс-сакратарка Белага дому Сара Сандэрс, калі яе спыталі, ці Трамп занепакоены тым, што Коэн мог бы сказаць Мюлеру, адказала:
«Я ня думаю, што прэзыдэнт занепакоены наагул. Ён ведае, што ён не зрабіў нічога дрэннага і што не было ніякай змовы».
Коэн у судзе 21 жніўня прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што Трамп накіраваў яго арганізаваць выплату $130 000 порназорцы Стормі Дэніелс і $150000 былой мадэлі Playboy Карэн Макдугал, каб купіць іхнае маўчаньне перад выбарамі. Трамп адмаўляе стасункі зь імі.