Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдытныя гісторыі ў Беларусі будуць толькі па-расейску. Нацбанк: «З нашага боку дыскрымінацыі няма»


З 23 жніўня ўступілі ў сілу зьмяненьні і дапаўненьні ў закон «Аб крэдытных гісторыях». Крэдытныя гісторыі беларусаў будуць афармляцца выключна «на русском языке».

Хто і пра каго стварае крэдытныя гісторыі

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь стварыў Крэдытны рэгістар — аўтаматызаваную інфармацыйную сыстэму, адзіную базу зьвестак крэдытных гісторый.

Крэдытная гісторыя — гэта зьвесткі, якія характарызуюць атрымальніка банкаўскіх пазык і выкананьне прынятых ім на сябе абавязаньняў па зьдзелках, тое, наколькі дысцыплінавана чалавек разьлічваўся з банкам за крэдыт.

Крэдытная гісторыя ёсьць ва ўсіх фізычных і юрыдычных асобаў, якія заключалі крэдытную зьдзелку з банкам альбо мікрафінансавай арганізацыяй.

Крэдытную гісторыю «піша» Нацыянальны банк, а зьвесткі для яе накіроўваюць усе банкі, фінансавыя арганізацыі не пазьней як праз 3 дні пасьля афармленьня крэдыту. Інфармацыя абнаўляецца ў рэжыме онлайн.

У крэдытнай гісторыі ўтрымліваюцца:

  • агульныя зьвесткі пра фізычную ці юрыдычную асобу (імя, прозьвішча, дата нараджэньня, ідэнтыфікацыйны нумар);
  • умовы заключаных дамоваў, нумары і даты, сумы і валюты, тэрмін дзеяньня дамоваў;
  • зьвесткі аб выкананьні кліентамі сваіх абавязаньняў перад банкам: гісторыя пагашэньня крэдытаў, пратэрміноўкі, гарантыі, заклады;
  • інфармацыя аб спыненьні дамовы.

Паводле новапрынятага закону крэдытная гісторыя пішацца выключна на расейскай мове.

Крэдытны рэгістар будзе і па-беларуску, але невядома калі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цяпер разглядаецца магчымасьць распрацоўкі беларускай вэрсіі парталу «Крэдытны рэгістар». Пра гэта Свабодзе сказаў начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў — прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Аляксандар Цімашэнка. Ён таксама адзначыў, што гэты пункт інструкцыі ў параўнаньні з папярэдняй вэрсіяй (якая дзейнічала з 2009 году) не памяняўся.

«Крэдытны рэестар фармуецца са зьвестак, якія паступаюць з інфармацыйных сыстэм банкаў. А банкі звычайна заключаюць дамовы на расейскай мове. Адпаведна, у крэдытны рэестар інфармацыя паступае на расейскай мове з лацінскай транскрыпцыяй. Цяпер разглядаецца магчымасьць распрацоўкі беларускай вэрсіі парталу „Крэдытны рэгістар“ і формы крэдытнай справаздачы, але гэта дастаткова працаёмістая работа», — кажа Аляксандар Цімашэнка.

Паводле Цімашэнкі, паколькі бальшыня законаў не прымалася парлямэнтам на беларускай мове, то пераклады іх на беларускую мову зь юрыдычнага пункту гледжаньня законамі не зьяўляюцца. Усе тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў банкаўскай дзейнасьці на беларускай мове, павінны быць замацаваныя заканадаўча. Інакш потым могуць паўстаць пытаньні, юрыдычныя нестыкоўкі, калі ўзьнікае спрэчная сытуацыя, — кажа прэсавы сакратар Нацбанку.

«З нашага боку тут няма ніякіх спробаў дыскрымінацыі. Банкам, каб перакласьці ўсю дакумэнтацыю, трэба прыкласьці шмат намаганьняў — усё ня так проста», — сказаў Аляксандар Цімашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG