Міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзімір Амелян анансаваў увядзеньне новых транспартных абмежаваньняў у дачыненьні да Расеі. Яны будуць тычыцца ня толькі спыненьня чыгуначных пасажырскіх перавозак.
«Сёньня падпісаў адзін гістарычны дакумэнт. У Маскву будуць хадзіць толькі мядзьведзі, як у старыя добрыя часы», — напісаў міністар у Facebook.
Амелян не раскрыў дэталі згаданага дакумэнту. Аднак у яго ведамстве пацьвердзілі, што гаворка ідзе аб спыненьні як чыгуначнага, так і аўтобуснага паведамленьняў паміж Украінай і Расеяй. Канчаткова рашэньне павінен зацьвердзіць Савет нацыянальнай бясьпекі і абароны, а таксама ўрад Украіны.
Раней міністэрства інфраструктуры падрыхтавала шэраг прапаноў у адказ на блякаваньне расейскімі вайскоўцамі караблямі ўкраінскіх грузавых судоў у Азоўскім моры. У сьпіс абмежаваньняў увайшло спыненьне чыгуначных пасажырскіх перавозак паміж дзьвюма краінамі. Напярэдадні ў Маскве заявілі, што ў выпадку прыпыненьня Кіевам чыгуначнага і аўтобуснага паведамленьняў Расея прыме меры ў адказ.
Па дадзеных кампаніі «Ўкраінскія чыгункі», цяпер паміж Украінай і Расеяй курсіруе 14 цягнікоў. 9 зь іх — украінскія. За апошнія чатыры гады пасажырапаток у Расею зьнізіўся ў пяць разоў — да 900 тысяч чалавек у год.
У канцы сьнежня 2014 году Ўкраіна спыніла чыгуначныя зносіны з анэксаваным Расеяй Крымам, а ў кастрычніку 2015 году, Кіеў абвясьціў аб спыненьні авіязносін паміж дзьвюма краінамі.