Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Расея спынілі авіязносіны


Паветраныя зносіны паміж Украінай і Расеяй спыненыя з 0.00 у нядзелю, 25 кастрычніка.

23 кастрычніка падчас тэхнічных кансультацый прадстаўнікоў бакоў, якія адбыліся ў памяшканьні Эўрапейскай камісіі ў Брусэлі, бакі не прынялі ніякіх рашэньняў, а толькі абмяняліся пазыцыямі, паведаміў міністар інфраструктуры Ўкраіны Андрэй Піваварскі.

Зь яго словаў, кансультацыі адбыліся «па шматлікіх просьбах расейскага боку».

Забарона на палёты ва Ўкраіну тычыцца расейскіх авіякампаній, якія незаконна парушалі паветраную прастору Ўкраіны, ажыцьцяўляючы рэйсы ў часова акупаваны Крым. Абвешчаныя 16 верасьня санкцыі ня тычыліся толькі авіякампаніі «Ютэйр», якая на паўвостраў ня лётае.

Пасьля таго, як у Кіеве вырашылі ўвесьці гэтыя санкцыі, у Маскве ў адказ вырашылі забараніць палёты ў Расею ўсім украінскім авіякампаніям, не назваўшы ніякіх падставаў для гэтага. Гэта адбылося 29 верасьня.

Украіна ў адказ на гэты крок Масквы паведаміла 12 кастрычніка, што да адмены гэтага рашэньня Расеі сама забароніць рэйсы на сваю тэрыторыю ўсім расейскім авіякампаніям, а ня толькі тым, якіх тычацца санкцыі.

На днях Фэдэральнае агенцтва паветранага транспарту Расеі, вядомае як «Росавіяцыя», паведаміла, што накіравала ў Дзяржавіяслужбы Ўкраіны ліст з прапановамі тэрмінова правесьці перамовы па паветраных зносінах паміж дзьвюма краінамі «у любы зручны для ўкраінскага боку месцы». У Кіеве пацьвердзілі згоду на такія перамовы, але паведамілі, што сваіх санкцый не адменяць.

Апошні рэйс з Кіева ў Маскву вылецеў 24 кастрычніка а 20.40 па маскоўскім часе. Пра гэта сьведчыць інфармацыя на афіцыйным сайце аэрапорта «Барыспаль».

Зь іншага кіеўскага аэрапорта — «Жуляны» — апошні рэйс у Расею вылецеў а 17.25, адзначаецца на сайце аэрапорта. У раскладзе абодвух украінскіх аэрапортаў на 25 кастрычніка няма ніводнага рэйса ў Расею ці з гэтай краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG