Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяскоў: некарэктна казаць аб адмове памілаваць Сянцова


Алег Сянцоў.
Алег Сянцоў.

У Крамлі лічаць, што гаварыць аб адмове памілаваць Алега Сянцова некарэктна, бо сам украінскі рэжысёр такога прашэньня не падаваў. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, зноў спаслаўшыся на расейскае заканадаўства.

Напярэдадні ўкраінскі тэлеканал «Грамадзкае» паведаміў, што маці Сянцова атрымала з Упраўленьня па забесьпячэньні канстытуцыйных правоў грамадзян пры адміністрацыі прэзыдэнта Расеі адказ на сваю просьбу памілаваць сына. Там адзначылі, што «працэдура памілаваньня пачынаецца з асабістага хадайніцтва асуджанага аб памілаваньні, які зьвяртаецца да прэзыдэнта РФ у пісьмовай форме праз адміністрацыю папраўчай установы, дзе ён адбывае пакараньне».

Сястра Сянцова Натальля Каплан расцаніла адказ Крамля, як адмову ў памілаваньні.

Адвакат Мікалай Полазаў заявіў, што «ў Крамлі зноў хлусяць аб памілаваньні Сянцова». Паводле яго слоў, ніводзін зь яго падабаронных грамадзян Украіны, вызваленых пасьля ўказу аб памілаваньні, не пісаў ніякіх прашэньняў Пуціну. За іх гэта рабілі цалкам староньнія людзі па ўказцы адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. Усіх вызвалілі пасьля прыняцьця палітычнага рашэньня па кожнаму. На думку Полазава, «Пуцін проста ня хоча вызваляць Сянцова».

Так лічыць і віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка. «Крэмль хлусіць! Саўчанка не прасіла аб памілаваньні! Цынізм, але пра яе памілаваньне прасілі сваякі забітых на Данбасе расейскіх журналістаў, цалкам староньнія ёй людзі. І нічога, спрацавала, таму што гэта быў крамлёўскі сцэнар», напісала яна ў Фэйсбуку. Пуцін ведае, што Алег Сянцоў ніколі не напіша прашэньне аб памілаваньні. «Расея рэалізуе сцэнар павольнага забойства Алега Сянцова», піша Герашчанка.

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў асуджаны ў Расеі на 20 гадоў па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме. Сваю віну ён не прызнае. 14 траўня Сянцоў абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем выпусьціць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў. Ён неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць яе «да канца». Учора на 93-ы дзень галадоўкі Сянцоў сказаў праваабаронцы Зоі Сьветавай, якая наведала яго ў калёніі, што ацэньвае свой стан як «перадкрытычны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG