«Інфармацыя пра тое, што асуджаны Сянцоў А. Г. нібыта пакінуў папраўчую калёнію, не адпавядае сапраўднасьці», — цытуе агенцтва «Новости» паведамленьне Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў па Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе.
У ноч на 12 жніўня расейская журналістка Вікторыя Іўлева, якая актыўна асьвятляла справу Сянцова, напісала у Facebook, што зьняволенага ў Расеі ўкраінскага рэжысэра, магчыма, вызвалілі, і ён ўжо ў самалёце.
«Алег, здаецца, уратаваны! А 23.00 самалёт зь ім вылецеў з Салехарду. Спадзяюся, наступны прыпынак — Кіеў. Усё!» — напісала яна.
Пра гэта паведаміў таксама Мікалай Леўшыц — кіраўнік праекту падрыхтоўкі назіральнікаў штабу Аляксея Навальнага, пра што піша яшчэ адна журналістка Маша Слонім.
Сястра Сянцова Натальля Каплан напісала ў Фэйсбуку, што ня можа ні пацьвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю пра вылет брата.
* * *
Алег Сянцоў, украінец і жыхар Крыму, быў затрыманы расейскімі спэцслужбамі ў траўні 2014 году. У жніўні 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яго да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. Сянцоў сваю віну не прызнаў і на працэсе заяўляў, што яго катавалі. Тэрмін ён адбывае ў калёніі ў горадзе Лабытнангі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай вобласьці.
14 траўня сёлета Сянцоў абвясьціў аб пачатку галадоўкі і запатрабаваў вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах. Расейскія ўлады ніяк не адрэагавалі на яго патрабаваньні. Сянцоў неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць галадоўку «да канца».