Лідэры Кангрэсу ЗША заяўляюць, што не запросяць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выступіць са зваротам да Кангрэсу або наведаць Капітолій ў выпадку, калі ён прыме запрашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа правесьці другі саміт у Вашынгтоне гэтай восеньню.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Пол Раян і лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл 24 ліпеня адхілілі любую магчымасьць дружалюбнага стаўленьня да Ўладзіміра Пуціна і выказалі нязгоду з прэзыдэнтам Дональдам Трампам у яго стаўленьні да расейскага прэзыдэнта падчас саміту 16 ліпеня ў Хэльсынкі.
Звычайна сусьветных лідэраў, якія прыяжджаюць у ЗША зь візытам, запрашаюць выступіць у Кангрэсе.
«Мы, вядома, не будзем рабіць яму запрашэньне правесьці сумеснае паседжаньне. Гэта тое, што мы пакідаем для саюзьнікаў», — сказаў Раян.
«Мы са сьпікерам далі зразумець, што Пуціна не вітацьмуць тут, у Капітоліі», — сказаў Макконэл.
Амэрыканскія палітыкі пра саміт: «Трамп робіць з ЗША нацыю слабакоў»
Трамп: «Калі не паразумеемся з Пуціным, я буду яго найгоршым кашмарам»
Напярэдадні дарадца Крамля Юрый Ушакоў заявіў, што расейскі прэзыдэнт чакае, «пакуль уляжацца пыл» па яго сустрэчы з Трампам у Хэльсынкі, а потым вырашыць, ці прымаць прапанову аб другім саміце.
Паводле Ўшакова, каб не распальваць і без таго «перагрэтую» палітычную сытуацыю ў ЗША, падрыхтоўка да візыту ў Вашынгтон не вядзецца. Ён дадаў, што Пуцін ахвотна сустрэнецца з Трампам у іншых месцах, у прыватнасьці на саміце «Групы 20» у Аргентыне ўвосень.
16 ліпеня ў Хэльсынкі адбылася сустрэча Трампа і Пуціна. Пасьля прэс-канфэрэнцыі па выніках гэтай сустрэчы Трампа пачалі рэзка крытыкаваць, паколькі прэзыдэнт ЗША на ёй заявіў, што ўсё роўна давярае амэрыканскім спэцслужбам і прэзыдэнту Расеі Пуціну, а таксама сумняваецца ў высновах пра тое, што Расея ўмешвалася ў выбары ў ЗША.
Пасьля Трамп сказаў, што абмовіўся, маючы на ўвазе, што ён не сумняваецца ў гэтых высновах.
На фоне крытыкі ў прэсе і з боку амэрыканскіх палітыкаў Трамп назваў сваю сустрэчу з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным «вялікім посьпехам» і паабяцаў «вялікія вынікі».