Сустрэча прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна мае прайсьці ў панядзелак, 16 ліпеня. Кіраўнікі дзяржаў сустрэнуцца ў сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі.
Дональд Трамп ужо ў Хэльсынкі — ён прыбыў туды ў нядзелю ўвечары.
Гэта першы паўнавартасны саміт палітыкаў пасьля інаўгурацыі Трампа на пост прэзыдэнта Злучаных Штатаў у пачатку 2017 году. Да гэтага ён сустракаўся з Пуціным толькі ў рамках сустрэчаў з кіраўнікамі іншых краін, у прыватнасьці год таму на саміце G20 у нямецкім Гамбургу.
Пра магчымую сустрэчу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з Трампам гаварылі з канца чэрвеня. Пасьля зьявілася афіцыйная інфармацыя, што яна адбудзецца ў Хэльсынкі 16 ліпеня.
Раней Трамп заяўляў, што ня мае завышаных чаканьняў ад гэтай сустрэчы.
«Сустрэчы з Расеяй, Кітаем, Паўночнай Карэяй — я ў іх веру, — казаў Трамп напярэдадні саміту з Пуціным. — Нічога дрэннага ад гэтага ня будзе, а, магчыма, будзе нешта добрае».
У той жа час ён дзяліўся плянамі абмеркаваць з Пуціным імавернае расейскае ўмяшаньне ў выбары прэзыдэнта ЗША, на якіх атрымаў перамогу, а таксама Сырыю і Ўкраіну.
Са свайго боку, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў перакананасьць, што Дональд Трамп будзе прытрымлівацца ў пытаньні Крыму пазыцыі аб непрызнаньні незаконнай анэксіі ўкраінскага паўвострава.