Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 расейскіх выведнікаў абвінавацілі ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Рэакцыі


©Shutterstock
©Shutterstock

Паводле абвінаваўчага заключэньня, супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Расеі (ГРУ) актыўна ўдзельнічалі ў кібэрапэрацыях па ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

У пятніцу, 13 ліпеня фэдэральнае Вялікае журы прысяжных ЗША абвінаваціла 12 супрацоўнікаў расійскіх выведных службаў ва ўзломе кампутарных сетак кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі на выбарах 2016 году Гілары Клінтан, паведаміў намесьнік генэральнага пракурора ЗША Род Розэнстайн.​

У чым абвінавацілі

«11 адказьнікаў па справе абвінавачваюцца ў змове па ўзломе кампутараў, крадзяжы дакумэнтаў і іх наступнай публікацыі ў інтэрнэце з мэтай умяшаньня ў выбары, — заявіў Розэнстайн. — Яшчэ адзін расейскі афіцэр —12-ы адказьнік па справе — абвінавачваецца ў арганізацыі ўкараненьня ў кампутары арганізацыяў, якія займаліся правядзеньнем выбараў, у тым ліку камісіі штатаў па правядзеньні выбараў, губэрнатараў штату, а таксама кампаніі, якія пастаўлялі праграмнае забесьпячэньне для правядзеньня выбараў».

Род Розэнстайн, архіўнае фота
Род Розэнстайн, архіўнае фота

Паводле заключэньня, абвінавачаныя працавалі ў двух падразьдзяленьнях ГРУ. Сьледчая група прыйшла да высновы, што гэтыя падразьдзяленьні актыўна ўдзельнічалі ў кібэрапэрацыі па ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

«Абвінавачаныя атрымалі доступ да электроннай пошты супрацоўнікаў і добраахвотных памочнікаў, якія працавалі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў ЗША, у тым ліку старшыні выбарчай кампаніі Дэмакратычнай партыі, яшчэ ў 2016 годзе. Яны таксама ўзламалі кампутарныя сеткі Камітэту па выбарах у Кангрэс і Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі ЗША», — расказаў Розэнстайн.

Супрацоўнікі ГРУ абвінавачаныя ў тым, што таемна адсочвалі кампутары, укаранілі сотні файлаў з кампутарнымі вірусамі і выкралі сотні электронных лістоў і іншых дакумэнтаў. Паводле сьледзтва, у выніку іхных дзеяньняў былі створаныя фіктыўныя асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках, у ліку якіх «DCLeaks» і «Guccifer 2.0», якімі карысталіся дзеля распаўсюду інфармацыі ў тым ліку пра выкрадзеныя электронныя лісты і іншыя дакумэнты, пачынаючы з чэрвеня 2016 году.

Розэнстайн таксама паведаміў, што ўдзельнікі злачыннай змовы выкарыстоўвалі таемныя сеткі і крыптавалюту з мэтай схаваць сваю сувязь з Расеяй. Выяўлена, што абвінавачаным удалося атрымаць доступ да кантактаў больш як 500 тысячаў выбарнікаў.

Каго абвінавацілі

Розэнстайн заявіў, што абвінавачваньні не выстаўляюцца якім-небудзь амэрыканскім грамадзянам. Ён таксама падкрэсьліў, што дакумэнт не ўтрымлівае сьцьверджаньняў, што дзеяньні расейскай выведкі паўплывалі на вынікі выбараў у ЗША. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп быў праінфармаваны пра зьмест абвінаваўчага заключэньня.

© Shutterstock
© Shutterstock

Паводле тэксту абвінаваўчага заключэньня, у злачынствах абвінавачаныя: Віктар Барысавіч Нятыкша, Барыс Аляксеевіч Антонаў, Дзьмітрый Сяргеевіч Бадзін, Іван Сяргеевіч Ермакоў, Аляксей Віктаравіч Лукашоў, Сяргей Аляксандравіч Маргачоў, Мікалай Юр’евіч Казачок, Павал Вячаслававіч Яршоў, Арцём Андрэевіч Малышаў, Аляксандр Уладзіміравіч Асадчук, Аляксей Аляксандравіч Пацёмкін, Анатоль Сяргеевіч Кавалёў.

Як на гэта адрэагавалі

Масква ў чарговы раз выступіла з аспрэчваньнем таго, што ўмешвалася ў амэрыканскія выбары. Аднак многія амэрыканскія палітыкі настроеныя рашуча.

У міністэрстве замежных справаў Расеі назвалі абвінавачаньні «ганебнай камэдыяй», «паклёпам», «пустышкай». Хто менавіта рабіў такія заявы, не ўдакладняецца. Дэпартамэнт інфармацыі і друку МЗС РФ назваў абвінавачваньні «старой качкай» і паказаў, што «мэта гэтага ўкіду — сапсаваць атмасфэру перад расейска-амэрыканскім самітам».

Прэс-служба амэрыканскага Белага дому распаўсюдзіла заяву, у якой падкрэсьліваецца, што абвінавачваньні не ўключаюць сьцьверджаньняў аб тым, што хто-небудзь з супрацоўнікаў выбарчай кампаніі Дональда Трампа быў сьвядома ўцягнуты ва ўчыненьне гэтых злачынстваў і што меркаваныя хакерскія атакі паўплывалі на вынікі выбараў.

Томас Пэрэз, кіраўнік Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША, апублікаваў заяву, у якой падкрэсьліваецца, што расейскі ўрад «атакаваў нашую дэмакратыю ў 2016 годзе і Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі быў галоўнай мэтай гэтай атакі».

«Гэта факты, — гаворыцца ў заяве. — Гэта не „паляваньне на вядзьмарак“ і дакладна ня жарт, як Дональд Трамп адчайна і недакладна даказваў у мінулым. Даўно надышоў час, каб ён і ягоныя хаўрусьнікі ў Рэспубліканскай партыі спынілі ігнараваць гэтую сурʼёзную пагрозу нашай нацыянальнай бясьпецы».

Лідэр сэнацкай меншасьці, дэмакрат Чак Шумэр, заявіў, што «гэтыя абвінавачваньні — дадатковы доказ таго, што разумеюць усе, акрамя прэзыдэнта Трампа: прэзыдэнт Пуцін — праціўнік, які ўмяшаўся ў нашыя выбары, каб дапамагчы перамагчы прэзыдэнту Трампу».

Шумэр і яшчэ шэраг заканадаўцаў-дэмакратаў заклікалі Трампа скасаваць сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, якая мае прайсьці ў панядзелак.

Джон Маккейн, архіўнае фота
Джон Маккейн, архіўнае фота

Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн заявіў, што «Трамп павінен супрацьстаяць Пуціну з пазыцыі сілы і прадэманстраваць, што прыйдзецца заплаціць сурʼёзную цану за працяглую агрэсію супраць Злучаных Штатаў і дэмакратыяў ва ўсім сьвеце».

Паводле Макейна, саміт не павінен праводзіцца, «калі прэзыдэнт Трамп не гатовы прыцягнуць Пуціна да адказнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG