На думку абаронцаў Курапатаў, улады арыштамі паказалі, што яны на баку рэстарацыі «Поедем поедим», але ўладальнікі нібыта гатовыя да перамоваў.
Абаронцы Курапатаў і саўладальнік рэстарацыі «Поедем поедим», якая месьціцца за 50 мэтраў ад мэмарыялу, мелі 4 ліпеня дамовіцца аб правядзеньні круглага стала. Ды ў той дзень шэраг пратэстоўцаў быў за кратамі. Адзін зь лідэраў пратэстаў, сустаршыня БХД Павал Севярынец, адбываў 10 сутак арышту, а яшчэ адзін, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, быў затрыманы і затым аштрафаваны на 735 рублёў.
Севярынец: «Калі справа ў бізнэсе, то бізнэсу самы час ужо здавацца»
Увечары 10 ліпеня Севярынец выйшаў на волю (вызвалілі са спазьненьнем на паўдня). Цяпер ён, як і Кастусёў, перакананы, што ўлады ўсталі на бок «Поедем поедим». Севярынец кажа, «па факце так атрымліваецца», што ўлады або прынялі пазыцыю рэстарацыі, або «ад пачатку на ёй і знаходзіліся». Але ён адзначае, што пратэст усё адно працягваецца.
«Нічога з пратэстам ня сталася, нават калі арыштавалі яго лідэраў, — кажа Севярынец. — Людзі прыходзяць і абарону Курапатаў трымаюць. Пакуль людзі ёсьць, абарона будзе трываць».
Ён дапускае, што рашэньне можа быць знойдзенае на перамовах з уладальнікамі рэстарацыі, хоць ёсьць «шэраг іншых опцыяў». Але адзначае: на яго асабістую думку, «з гэтымі людзьмі павінны размаўляць не прадстаўнікі грамадзтва, а пракурор і сьледчыя», таму на перамовах «пазыцыя абаронцаў Курапатаў будзе досыць жорсткая».
«Грамадзтва аднадушнае ў сваім імкненьні гэтую рэстарацыю з Курапатаў прыбраць, — заяўляе Севярынец. — Таму я думаю, тут каса на камень нашла. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі хопіць у беларусаў моцы і трываласьці падтрымліваць гэты пратэст.
На гэты момант такая моц і трываласьць ёсьць: людзі штодня, пакуль працуе рэстарацыя, прыходзяць, беларусы байкатуюць гэты рэстаран, там літаральна некалькі наведнікаў на дзень... Пакуль сытуацыя відавочная: калі справа ў бізнэсе, то бізнэсу самы час ужо здавацца і выводзіць рэстарацыю з Курапатаў».
Кастусёў: «Зайдэс казаў, што пакуль людзі сядзяць, сустрэчу праводзіць ня варта»
Кастусёў расказаў Свабодзе, што 12 ліпеня мае адбыцца круглы стол з удзелам абаронцаў Курапатаў, на якім яны будуць шукаць агульны падыход да ўладальнікаў «Поедем поедим».
7 ліпеня Кастусёў размаўляў з саўладальнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам. Паводле Кастусёва, той «праяўляе ініцыятыву» сустрэцца з абаронцамі Курапатаў і шукаць кампраміснае рашэньне. Сустрэча адклалася менавіта праз тое, што абаронцы Курапатаў былі пад арыштам — дамовіліся, што працягнуць перамовы аб даце сустрэчы пасьля вызваленьня Севярынца і іншых пратэстоўцаў.
«Тое, што былі арышты, затрыманьні, штрафы абаронцаў Курапатаў, гэта адназначна сьведчыць, што ўлады ўсталі на бок рэстарацыі, — кажа Кастусёў. — Але была такая размова з Зайдэсам, у якой ён выказаў заклапочанасьць, што людзі знаходзяцца на сутках, аштрафаваныя.
Менавіта ён апярэдзіў мяне і сказаў, што, пакуль людзі сядзяць, гэтую сустрэчу праводзіць ня варта, а калі выйдуць, трэба арганізоўваць. Я кажу па факце, што ён сказаў мне. Як гэта ўспрымаць... Я спадзяюся, ён сказаў гэта шчыра».
***
Падчас таго, як Севярынец адбываў 10 сутак арышту, у яго канфіскавалі частку рукапісу новай кнігі, якую ён пісаў за кратамі (папярэдняя назва раману — «Беларусалім. Сэрца сьвятла»). Севярынец лічыць канфіскацыю незаконнай, падаваў скаргі на імя начальніка ізалятару, але «цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў пакуль маўчыць».
Цяпер Севярынец рыхтуе зварот у пракуратуру, думае прасіць Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступіць у сувязі з канфіскацыяй рукапісу, а таксама зьбіраецца разаслаць зьвесткі аб канфіскацыі замежным партнэрам.
Канфіскацыя, кажа ён, «гэта ня жарцікі», а крымінальнае злачынства. Большую частку папярэдняга раману «Беларусалім. Золак» ён напісаў у зьняволеньні, нідзе рукапісы не забіралі. Севярынец дадае, што як пісьменьнік жыве за кошт напісанага.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.