Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі ўсталяваў тры шасьцімэтровыя крыжы ў Курапатах з боку рэстарана «Поедем поедим». Першая спроба была няўдалая — машыну затрымалі, «прадукцыю» арыштавалі.
Гэтыя крыжы ўсталявалі на месцы старых спарахнелых, якія зьявіліся вакол Курапатаў у пачатку 90-х гадоў.
Усталяваньне новых крыжоў спрабавалі спыніць дырэктар Бараўлянскага лясгасу Аляксандар Мірановіч і намесьнік старшыні Менскага райвыканкаму Аляксандар Мякіньнік.
Чыноўнікі спасылаліся на тое, што Зьміцер Дашкевіч ня мае дазволу на ўсталяваньне крыжоў у Курапатах.
«Усе крыжы, якія тут стаяць, будуць зьнесеныя як незаконна ўсталяваныя, калі тут будзе пабудаваны агульны помнік», — сказалі чыноўнікі.
Дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч папярэдзіў, што любыя працы будуць кваліфікаваныя як супрацьзаконныя з прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці.
Па словах чыноўніка, на ўсталяваньне патрэбны адмысловы дазвол зь Міністэрства культуры і ўзгадненьне зь Міністэрствам лясной гаспадаркі. У іншым выпадку новыя крыжы будуць дэмантаваныя.
Зьміцер Дашкевіч назваў пагрозы чыноўнікаў бандыцкімі і папрасіў не перашкаджаць працы.
Чыноўнікі выклікалі ў Курапаты міліцыянтаў з Бараўлянскага аддзелу міліцыі, якія запісалі дадзеныя актывістаў і ўзялі ад іх тлумачэньні.
Спробы карэспандэнта Свабоды атрымаць камэнтары ад прысутных чыноўнікаў плёну ня мелі, усе яны дэманстрацыйна адварочваліся ад камэры.
Пасьля таго як супрацоўнікі міліцыі і Бараўлянскага лясгасу зьехалі, актывісты ўсталявалі трэці крыж. Разам са Зьмітром Дашкевічам крыжы ўсталёўвалі Мікалай Качурэц, Ягор Лаўрухін, Кірыл Лойка і Сяржук Чайка, ім дапамагалі Валянціна Яроменак і Наста Дашкевіч.
«Паставілі і добра, а што будзе далей? Мы будзем стаяць на сваім, наша задача ня ўзважваць шанцы на посьпех, а рабіць тое, што годна перад людзьмі і Богам. Гэтыя крыжы мы пазьней пашліфуем і пакрыем лякам», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.
Ён паведаміў, што міліцыянты дагэтуль не вярнулі яму тры крыжы, затрыманыя 29 чэрвеня.
«Гэта былі добрыя крыжы, з мэталічнымі швэлерамі. Кожны каштаваў больш за 500 рублёў. Але за іх мы яшчэ пазмагаемся».
Зьміцер Дашкевіч заклікаў усіх неабыякавых далучыцца да вахты ў Курапатах.
З 17 гадзіны аднавілі пікетаваньне рэстарацыі абаронцы Курапатаў Ніна Багінская, Ганна Шапуцька, Віктар Шапуцька і Мікалай Бамбіза.
Тым часам самыя актыўныя абаронцы атрымалі тэрміны адміністрацыйнага зьняволеньня, у асноўным па 10 сутак.
* * *
29 чэрвеня аўтамабіль, на якім Зьміцер Дашкевіч, Ягор Лаўрухін і Валер Мінец везьлі крыжы ў Курапаты, спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі. Пасажыраў даставілі ў Ленінскі РУУС Менску, аўтамабіль транспартавалі на штрафстаянку.
Неўзабаве актывістаў адпусьцілі без складаньня пратаколаў, але распачалі праверку паводле артыкула аб «парушэньні правілаў гандлю і аказаньня паслуг насельніцтву» (арт. 12.17 КаАП). Праверка можа цягнуцца да 10 дзён з магчымым падаўжэньнем да 30 дзён.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.