Сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца 10 ліпеня вызвалілі пасьля 10-суткавага арышту за акцыю пратэсту супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ля мэмарыяльнага комплексу Курапаты.
Вольга Севярынец чакала вызваленьня мужа аб 11-й гадзіне. Як паведаміў палітык у сваім фэйсбуку, яго спачатку даставілі ў Фрунзенскі РУУС і вызвалілі толькі а 16-й гадзіне.
Удзень 10 ліпеня на волю таксама выйшлі Дзяніс Урбановіч і Вольга Мікалайчык.
За кратамі застаюцца іншыя абаронцы Курапатаў: Натальля Гарачка, асуджаная 2 ліпеня на 10 сутак арышту, Максім Вінярскі і Аляксей Туровіч, асуджаныя 4 ліпеня на 10 сутак.
За акцыю ля рэстарацыі «Поедем поедим» 4 ліпеня таксама аштрафавалі старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва і аднаго зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.
Асноўнае пра Курапаты
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго