Актывістку абароны Курапатаў ад рэстарацыі «Поедем подедим» Ніну Багінскую будуць судзіць за пікет каля будынка КДБ у Менску.
Ніна Багінская 7 ліпеня прастаяла каля 40 хвілінаў на пляцоўцы перад будынкам КДБ з плякатам «Свабоду палітвязьням», патрабавала свабоды для Зьмітра Паліенкі, Ільлі Валавіка, Сьвятаслава Барановіча, Міхаіла Жамчужнага, Зьмітра Галко і абаронцаў Курапатаў Паўла Севярынца, Вольгі Мікалайчык, Дзяніса Ўрбановіча.
Пазьней прыехалі апамаўцы, затрымалі і павезьлі ў міліцыю.
Ніну Багінскую затрымалі пасьля пікету каля будынка КДБ
Ніна Багінская расказала Свабодзе, што яе зьбіраліся пасадзіць у турму на Акрэсьціна, але каля самога ізалятару адпусьцілі. Суд над актывісткай за несанкцыянаваны пікет яшчэ наперадзе.
Ніна Багінская мяркуе, што яе адпусьцілі, бо на міліцыянтаў падзейнічала яе палітінфармацыя.
«Мяне з Цэнтральнага РУУС везьлі на Акрэсьціна два міліцыянты: адзін у форме, другі ў цывільным, прычым той зусім ня ведаў беларускай мовы, бо перапытваў некаторыя словы, — падзялілася са Свабодай Багінская.— Як павезьлі, адразу спыталі, чаму я хачу зьмяніць дзейную ўладу і чаму зладзіла пікет менавіта каля КДБ. Тады я выклала ім сваю пазыцыю, што цяперашняя ўлада небеларуская, што душаць беларускую мову і культуру, не паважаюць нацыянальную памяць. Прывяла прыклад — што цяпер дзеецца ў Курапатах».
«Калі на нас нападуць, як на Ўкраіну, я вазьму ў рукі зброю», — Ніна Багінская
Багінская мяркуе, што ўсімі рэпрэсіямі кіруе КДБ, таму яна і выйшла да іх сядзібы.
Міліцыянты пыталіся ў Багінскай, ці сядзела раней у турме на Акрэсьціна, пра ўзрост.
«Сказала, што сядзела неаднойчы і што зноў гатовая іхную кашу паесьці, але абуралася, што кашу даюць дрэнную, а грошы потым бяруць, як за стравы з рэстарацыі. Сказала, што лепш бы ягады зьбірала на лецішчы, і запатрабавала, каб мяне адпусьцілі. Так і адбылося: прывезьлі мяне да Акрэсьціна і адпусьцілі, але забралі мой плякат як рэчавы доказ».
Міліцыянты сказалі Багінскай, што на суд яе выклічуць позвай.
«Але я адразу папярэдзіла, што на суды іхныя не хаджу і цяпер таксама не пайду», — кажа Ніна Багінская.
9 ліпеня па абедзе Ніна Багінская хоча зноў далучыцца да пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах.
У гасьцях у Ніны Багінскай