Былы трэнэр зборнай Расеі Леанід Слуцкі меў камэнтаваць на дзяржаўным расейскім «Первом канале» гульні чэмпіянату сьвету ў футболе, але паведаміў аб завяршэньні працы пасьля гульні Расеі з Эгіптам 19 чэрвеня.
Прычыны звальненьня Леанід Слуцкі не назваў — проста сказаў, што «неабходна прыступіць да іншай дзейнасьці». Было вядома, што 21 чэрвеня ён зьбіраецца ў Нідэрлянды, дзе пачынаюцца перадсэзонныя зборы ягонага новага клюбу «Вітэс». Ды раней меркавалася, што ён працягне камэнтаваць матчы чэмпіянату сьвету.
У расейскім інтэрнэце зьвязалі сыход Слуцкага зь нечаканай згадкай апазыцыянэра Аляксея Навальнага ў час гульні Нямеччыны з Мэксыкай.
Партнэр Слуцкага ў камэнтаваньні адзначыў, што Нямеччыне неабходна «паказаць навальны футбол» (ад слова «навальвацца»), на што Слуцкі спытаў: «Навальны гуляе ў футбол? Цікава было б паглядзець».
«Апазыцыйнасьць» Слуцкага — любімага многімі камэнтатара — стала мэмам. У Расеі лічаць, што на дзяржаўных тэлеканалах нібы нельга згадваць Навальнага без нэгатыўнага кантэксту — жартам Слуцкаму сталі прыпісваць «выпадковыя» згадкі падвышэньня пэнсійнага ўзросту, росту цэнаў на бэнзін, наяўнасьці палітвязьняў, сумнеўнасьці рэфэрэндуму ў Крыме і іншыя «нетэлевізійныя» тэмы.
Таксама 19 чэрвеня абвясьціў аб звальненьні зь «Первого канала» журналіст Васілій Уткін. Ён не назваў прычынаў, але звальненьне некаторыя зьвязалі з тым, што ў Telegam ён пісаў пра згадкі Навальнага, параўноўваючы рэакцыю на іх з тым, як рэагавалі б у дзіцячым садку на тое, што выхавальніца сказала б слова «піпіська». Але «Первый канал» прасіў «ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў».