Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць гадоў Пуціна ў мультфільме. ВІДЭА


Расейскі дызайнэр Ягор Жгун выпусьціў стылізаваны пад мультсэрыял «Сімпсаны» анімацыйны ролік «Яшчэ 6 гадоў Пуціна». У ім аўтар за 2,5 хвіліны паспрабаваў паказаць галоўныя падзеі трэцяга тэрміну расейскага прэзыдэнта. Праграма Радыё Свабода «Настоящее время» падрабязна тлумачыць, што паказана ў мультфільме.

00:08

Тэлевізар, у якім ідуць шоў зь вядоўцамі Дзьмітрыем Кісялёвым і Уладзімірам Салаўёвым. У вядучых замест галавы зьяўляецца азадак. Побач з тэлевізарам герб «котка, выгляд ззаду» — такі малюнак прадэманстраваў Пуцін падчас сустрэчы са школьнікамі 1 верасьня 2013 году.

На стале «шалёны прынтэр» — так блогеры празвалі Дзяржаўную думу Расеі, абвінавачваючы яе ў тым, што яна бяздумна штампуе самыя недарэчныя законы. У правым куце — «духовная скрепа» і грашовае дрэва, якое расьце ў бочцы нафты.

Паводле здагадак рэдакцыі праграмы «Настоящее время», дзяўчына на сьцяне — акторка Марыя Кажэўнікава, з 2011 года па 2016 год — дэпутатка Дзярждумы. У падобнай позе яна зьнялася для Playboy, у 2011-м хадзілі чуткі аб яе магчымым рамане з Пуціным. Пазьней аўтар відэароліка напісаў, што гэта адсылка да фільма 1994 года «Уцёкі з Шоўшэнку», «дзе дзірку ў сьцяне галоўны герой хаваў за плякатамі з папулярнымі акторкамі таго часу».

00:19

Тры дзяўчыны з Pussy Riot спрабуюць уцячы ад паліцыянта і патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла. Не атрымалася — дзьве ўдзельніцы групы атрымалі па два гады пазбаўленьня волі. Пасьля выхаду з калёніі яны заснавалі выданьне «Медиазона».

00:28

Жэрар Дэпард’ё прыходзіць па расейскае грамадзянства. На яго руцэ татуіроўка «Саранск» — горад, у якім францускі актор атрымаў фармальную рэгістрацыю.

00:31

Малюнак на сьцяне: Пуцін суправаджае рэдкіх жураўлёў — сьцерхаў. У 2012 годзе расейскі прэзыдэнт прыняў удзел у акцыі «Палёт надзеі» і суправадзіў на дэльтапляне чараду жураўлёў. Акцыя не дапамагла — да 2017 году засталося ўсяго 20 такіх птушак.

00:36

У чэрвені 2013 году ў Расеі прызямліўся Эдвард Сноўдэн, якога ЗША абвясьцілі ў вышук за публікацыю дзяржаўных сакрэтаў. У Расеі Сноўдэн атрымаў палітычны прытулак. Ён намаляваны ў выглядзе папулярнага пэрсанажу Ўолі з сэрыі дзіцячых кніг-галаваломак, дзе яго трэба знайсьці сярод натоўпу людзей.

00:41

Маленькае фота ў левым куце: расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны. У Маскве праводзяцца выбары мэра, Навальнаму даюць 5 гадоў калёніі паводле эканамічных абвінавачаньняў, але потым нечакана пераглядаюць прысуд так, каб ён мог выставіць сваю кандыдатуру. Выбары выйграе Сяргей Сабянін.

00:55

Ва Украіне пачынаюцца пратэсты. Людзі, якія сабраліся на Майдане патрабуюць эўраінтэграцыі і паляць шыны.

00:59

Перад Алімпіядай у Сочы чалавек, падобны да былога міністра спорту Віталя Мутко прарубае сякерай сьцяну, каб падмяніць прабіркі з допінг-пробамі расейскіх спартощцаў. На стале ў Пуціна зьяўляецца апарат — мабыць, для ачысткі мачы ад сьлядоў допінгу.

Тэлевізар на сьцяне паказвае, як Майдан азмрочыў Пуціну радасьць ад Алімпіяды: адно кольца зь пяці не раскрываецца, а астатнія ператвараюцца ў падпаленыя шыны.

Дзірку ў сьцяне, якую прарубіў чалавек, падобны на расейскага міністра спорту Мутко, закрываюць плякатам «I Do not do doping I am za sport» — гэта адсылка да акцыі ў падтрымку расейскіх спартоўцаў, якая праводзілася перад Алімпіядай у Паўднёвай Карэі. Афіцыйны пастаўшчык экіпіроўкі «ZASPORT» належыць дачцэ кіраўніка службы забесьпячэньня дзейнасьці ФСБ Расеі.

Кампанію Пуціну складаюць добра патрапаныя талісманы Алімпіяды ў Сочы: Леапард, Зайка і Белы мішка.

У тэлевізары зьяўляецца Зойч — пераможца інтэрнэт-галасаваньня на талісман Алімпійскіх гульняў. Яго аўтар — Ягор Жгун.

01:07

Ўваходзіць тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, пераапранаецца ў піжаму і адпраўляецца начаваць у Растоў-на-Доне. У кадры зьяўляюцца белыя грузавікі з «гуманітарнай дапамогай», якія трансфармуюцца ў «зялёных чалавечкаў». У руках Пуціна — анэксаваны зь іх дапамогай Крым.

Побач з гербам — новы партрэт Пуціна ў вобразе эгіпецкага фараона Іхтамнета Першага на фоне сьцяга так званай «ДНР» — расейскія ўлады адмаўлялі прысутнасьць расейскіх войскаў у Крыме, а пазьней — на Данбасе.

Януковіч зьяўляецца зноў, але ўжо ў тэлевізары — у вобразе Фрэкен Бок з савецкага мультфільму «Малы і Карлсан».

Да расейскага сьцяга дадаюцца сьцягі так званых «ЛНР» і «ДНР».

01:13

У тэлевізары пэрсанаж з мультфільму South Park Ручнічок (вялікі аматар марыхуаны) з надпісам «Роснефть» за нешта апраўдваецца на Першым канале расейскага тэлебачаньня. У канцы 2014 году гэтай дзяржаўнай карпарацыі тэрмінова спатрэбіліся некалькі мільярдаў даляраў, каб пагасіць крэдыт. 16 сьнежня паваліўся курс рубля: афіцыйна за даляр прасілі 68 рублёў, але на біржы заключаліся ўгоды па курсе 80 рублёў за даляр і да 100 рублёў за эўра. Каб пагасіць паніку, Цэнтрабанку прыйшлося павысіць ключавую стаўку да 17%.

Гэты сюжэт чаргуецца зь іншым: украінец верхам на чорце зьбівае самалёт — у лістападзе ў праграме «Однако» прэс-сакратара кампаніі «Роснефть» Міхаіла Лявонцьева паказалі «сэнсацыйны кадр», на якім ўкраінскі зьнішчальнік страляе па малайзійскім Боінгу. Аказалася, што гэта вельмі грубы фэйк.

01:23

Цяпер на тэлеэкране чаргуюцца сцэны зь фільму «Тытанік» — расейскі рубель у ролі Леанарда Ды Капрыё, а нафта — Кейт Уінслет. Рубель тоне, нафта спрабуе ўтрымаць яго. У пачатку студзеня 2015 году курс рубля пасьля кароткага ўмацаваньня працягваў падаць — разам з цаной на нафту. Грашовае дрэва ў правым куце абляцела.

У правым куце вышэй за грашовае дрэва зьяўляецца аўтамабільная налепка «Можем повторить», якая стала папулярнай у пачатку 2010-х гадоў, і блогерская пародыя на яе.

01:27

Чалавек у футболцы «Эхо Москвы» п’е віскі з прэс-сакратаром Пуціна Дзьмітрыем Пясковым. Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў неаднаразова абараняў свайго сябра Пяскова — напрыклад, пасьля публікацый палітыка Аляксея Навальнага пра дарагі гадзіньнік прэс-сакратара Пуціна ці пра яго сына.

01:29

На «Трох білбордах на мяжы Эбінгу, штат Мізуры» у вэрсіі Жгуна патрабуюць расьсьледаваньня забойства палітыка Барыса Нямцова. Яго застрэлілі на Вялікім Маскварэцкім мосьце 27 лютага 2015 году. Выканаўцаў хутка знайшлі, але заказчык да гэтага часу афіцыйна невядомы.

Па-над постэрам пра допінг зьяўляецца фота, якое нагадвае кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, з патрабаваньнем прабачэньняў.

Пуцін на долю сэкунды ператвараецца ў хатняга эльфа Добі з «Гары Потэра» (пасьля выхаду фільма некаторыя зьвярнулі ўвагу на іх падабенства), пстрыкае пальцамі і зьнікае. Пасьля забойства Нямцова Пуцін на два тыдні зьнік з поля зроку публікі, а дзяржаўныя каналы паказвалі «кансэрвы» — загадзя зьнятыя сюжэты з удзелам прэзыдэнта.

А ў гэты час па тэлевізары на імгненьне зьяўляецца Юлія Цімашэнка з надпісам «Did you miss me?» (Вы па мне сумавалі?).

01:39

Пуцін вяртаецца на сваё месца. Расея ўводзіць «антысанкцыі» — са жніўня 2015 году ўводзіцца забарона на замежную ежу. Увезеныя прадукты ціснуць бульдозэрам.

У тэлевізары зьяўляецца новая тэма — паездкі ў Навасырыю. З пачатку 2015 года расейскія вайскоўцы ваююць на баку Башара Асада — спачатку неафіцыйна, таму партрэт фараона мяняецца з Іхтамнета Першага на Ихтамнета Другога. Пазьней Пуцін падчас Генэральнай асамблеі ААН у верасьні 2015 аб’яўляе пра удзел у вайне.

У правым куце зьяўляецца статуэтка — старажытны грэк топча мёртвага кіроўцу, у якасьці пастамэнту — фура. У 2015 годзе расейскі ўрад запускае сыстэму «Платон» (ня ў гонар філёзафа, а «плаці за тоны») для збору платы з кіроўцаў грузавікоў, апэратар сыстэмы на 50% належыць Ігару Ратэнбергу, бізнэсоўцу з найбліжэйшага атачэньня Пуціна. Дальнабойнікі пратэстуюць, тарыфы часова зьніжаюць.

На сьцяне пад гербам зьяўляецца караблік «Кузя». У кастрычніку 2016 году да берагоў Сырыі адпраўляецца адзіны расейскі авіяносец «Адмірал Кузьняцоў». Мэдыі абмяркоўваюць густы дым, які ідзе з труб карабля. Пасьля паходу ў Сырыю становіцца вядома, што «Кузіняцова» накіруюць на капітальны рамонт.

01:46

У тэлевізары спрачаюцца два кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША — Гілары Клінтан і Бэрні Сандэрс.

Унізе зьяўляецца пародыя на карціну Кузьмы Пятрова-Водкіна «Купаньне чырвонага каня». Вядомае фота Пуціна на кані з голым торсам было зроблена яшчэ ў 2007 годзе, але яно робіцца мэмам і ўвесь час выкарыстоўваецца ў поп-культуры, у тым ліку ў «Сімпсанах».

01:48

У кадры зьяўляецца расейскі музыка Сяргей Ралдугін. Кансорцыюм журналістаў OCCRP высьветліў, што праз афшоры, запісаныя на Ралдугіна, прайшлі як мінімум $2 млрд. Пуцін пазьней казаў, што «ганарыцца, што ў яго ёсьць такія сябры», і сьцьвярджаў, што гэтыя грошы Ралдугін выдаткоўваў на дарагія музычныя інструмэнты, у тым ліку віялянчэль Страдывары.

Ралдугін даў канцэрт у сырыйскім горадзе Пальміра, вызваленым ад групоўкі «Ісламская дзяржава» — пазьней горад зноў перайшоў пад кантроль тэрарыстаў і зноў быў адбіты з удзелам расейскіх вайскоўцаў. Пасьля сябе Ралдугін пакідае футляр са статуяй Вэнэры — адсылка да савецкага мультсэрыялу «Прыгоды капітана Ўрунгеля».

Выглядае, што голым Пуцін робіцца таму, што перадае ўсю сваю маёмасьць Ралдугіну — аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што музыка толькі намінальны трымальнік актываў.

01:51

У тэлевізары кандыдат ад дэмакратаў Гілары Клінтан спаборнічае з вылучэнцам ад рэспубліканцаў Дональдам Трампам.

На сьпінцы крэсла зьяўляецца пакемон з царкоўным купалам на сьпіне. У жніўні 2016 году блогера з Екацярынбургу Руслана Сакалоўскага абвінавацілі ў абразе пачуцьцяў вернікаў пасьля публікацыі роліка, запісанага ў царкве. Ён лавіў пакемонаў ў гульні PokemonGo. Пазьней Сакалоўскаму далі 3,5 гады ўмоўна і ўнесьлі ў сьпіс экстрэмістаў.

У левым куце кадра зьяўляецца старая Шапакляк з плястыкавым пакетам. У ліпені 2016 году Пуцін падпісаў «пакет Яравой» — папраўкі ў антытэрарыстычнае заканадаўства, якія прадпісваюць, апроч іншага, абавязковы кантроль за ўсім інтэрнэт-трафікам і яго захоўваньне пад пагрозай штрафаў. Фармальна папраўкі ўнесла ў Дзярждуму дэпутат Ірына Яравая. Фінансаваць гэтыя меры дзяржаўная карпарацыя «Ростех» прапанавала з пэнсійных накапленьняў расейцаў.

01:53

Дэбаты Клінтан і Трампа перакрывае маска Ананімуса з вусамі і бровамі Сталіна — расейскіх хакераў вінавацяць ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары. Такую ж маску нацягве і Пуцін. Трамп выйграе, а галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян абяцае пракаціцца па Маскве з амэрыканскім сьцягам — яна паказана ў выглядзе папулярнага інтэрнэт-персанажа Nyan Cat.

Фота Навальнага, якое амаль увесь ролік правісела на сьцяне з пытальнікам, мяняецца. Яго прызнаюць «злом», на малюнку зьяўляецца зялёнае пляма. У траўні 2017 году на Навальнага напалі меркавана актывісты расейскага нацыяналістычнага руху SERB, яны аблілі яго зялёнкай. У выніку палітык часткова асьлеп.

Зьяўляецца яшчэ адзін тэлевізар, у ім — «Марш малаткоў» з фільму «Сьцяна» з музыкай гурту Pink Floyd — адзін з самых папулярных сымбаляў для апісаньня таталітарнай ідэалёгіі.

Таксама за акном пачынаюць зьяўляцца вялікія і незадаволеныя гумовыя качкі — сымбаль вулічных пратэстаў супраць карупцыі ў Расеі ў 2017 годзе. У 2016 Фонд барацьбы з карупцыяй апублікаваў расьсьледаваньне пра дзейнасьць расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева, у якога ў цэнтры сажалкі на дачы стаіць маленькі домік — для качачкі.

02:01

Побач з Пуціным зьяўляецца Пачакун, падобны да бізнэсоўца Алішэра Ўсманава. У сакавіку 2017 году Фонд барацьбы з карупцыяй публікуе іншае расьсьледаваньне аб нерухомасьці, якой карыстаецца Дзьмітрый Мядзьведзеў. На абарону Мядзьведзева становіцца Ўсманаў, які таксама быў сярод фігурантаў меркаванай карупцыйнай схемы, — ён праз суд патрабуе выдаліць ролік з расьсьледаваньнем і «чакае прабачэньняў».

02:04

Зьяўляецца трэці, чацьвёрты, пяты тэлевізар, а шоў Дзьмітрыя Кісялёва і Ўладзіміра Салаўёва выцясьняюцца «Маршам малаткоў». Экран цямнее, і адзінай крыніцай сьвятла становіцца Крым у руках Пуціна — а сам прэзыдэнт Расеі усё больш падобны на Горлума з «Уладара пярсьцёнкаў», які сьціскаў у руках «маё хараство».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG