З’езд расейскай партыі «Грамадзянская ініцыятыва», на якім, як чакаецца, яе пераймянуюць у Партыю пераменаў, адбудзецца 23 чэрвеня. Пра гэта паведаміла ў чацьвер былая кандыдатка ў прэзыдэнты Расеі, тэлевядучая Ксенія Сабчак на прэсавай канфэрэнцыі ў агенцтве «Інтэрфакс».
Па словах Сабчак, галоўнай мэтай новай партыі, якую яна ўзначаліць разам з расейскім апазыцыйным палітыкам Дзьмітрыем Гудковым, будзе ўдзел у рэгіянальных выбарах, у тым ліку мэра Масквы, і ў выбарах Дзяржаўную думу Расеі ў 2021 годзе.
Цяпер у «Грамадзянскай ініцыятывы» 55 рэгіянальных аддзяленьняў, у тым ліку больш за дзесяць новых былі адкрыты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 18 сакавіка, адзначыла Сабчак.
Аб стварэньні новай партыі Дзьмітрый Гудкоў і Ксенія Сабчак паведамілі ў сярэдзіне сакавіка. Гудкоў тады заявіў, што партыя зойме «антыпуцінская» пазыцыю. Паводле палітыка, яе сябры будуць дамагацца зыходу дзейнага прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, зьняцьця санкцый і спыненьня ваенных канфліктаў. Апазыцыйны палітык Аляксей Навальны адмовіўся ад прапановы Сабчак аб супрацоўніцтве.