Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Македоніі на пратэстах супраць перайменаваньня краіны затрымалі 25 чалавек, ужывалі сьлезацечны газ. ФОТА


Пратэсты ў Македоніі 17 чэрвеня
Пратэсты ў Македоніі 17 чэрвеня

Падчас пратэстаў 17 чэрвеня у сталіцы Македоніі Скоп’і пацярпелі сямёра паліцыянтаў, затрыманыя 25 дэманстрантаў, паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў краіны.

Паводле сілавікоў, некаторыя дэманстранты спрабавалі прарвацца ў парлямэнт, распылялі неназваныя рэчывы, чынілі штурханіну — паліцыя мусіла ўжыць сьлезацечны газ і сьветлашумавыя гранаты. Паводле мясцовага ТВ, пратэстоўцы кідалі ў паліцыянтаў каменьне і бутэлькі. МУС падкрэсьліла, што паважае права на мірны пратэст, але не дапусьціць ужываньня гвалту і парушэньняў парадку.

Сотні дэманстрантаў 17 чэрвеня пратэставалі супраць таго, каб Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія (такая пакуль афіцыйная назва дзяржавы) мяняла імя на Рэспубліку Паўночную Македонію.

Пратэсты ў Скоп’і распачаліся пасьля падпісаньня пагадненьня аб перайменаваньні з Грэцыяй, якая пратэстуе супраць таго, каб паўночны сусед зваўся імем гістарычнай вобласьці Грэцыі, бо можа пачаць вылучаць тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Угода з Грэцыяй дазволіць Македоніі пачаць перамовы аб далучэньні да Эўрапейскага зьвязу і NATO.

Супраць перайменаваньня пратэставалі і ў Грэцыі, дэманстранты трымалі плякаты «Македонія — гэта Грэцыя». Пратэстоўцы ў Атэнах таксама спрабавалі прабіцца ў парлямэнт, паліцыя таксама ўжыла сьлезацечны газ.

Дамову яшчэ мае ўхваліць парлямэнт Македоніі, пасьля чаго па перайменаваньні мае адбыцца рэфэрэндум (папярэдне заплянаваны на верасень), а калі македонцы пагодзяцца з новай назвай, дамову мусіць ратыфікаваць парлямэнт Грэцыі. Прэзыдэнт Македоніі нядаўна заявіў, што не падпіша дамову з Грэцыяй пра назву сваёй краіны.

Менавіта пазыцыя Грэцыі прывяла да таго, што Македонія прынятая ў ААН пад назвай «з удакладненьнем», якую па-ангельску часьцей за ўсё скарачаюць да FYROM.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG