Кіраўнікі МЗС Грэцыі і Македоніі Нікас Кадзыяс і Нікала Дымітраў падпісалі пагадненьне аб перайменаваньні Македоніі ў Рэспубліку Паўночная Македонія.
Цырымонія падпісаньня адбылася на мяжы паблізу возера Прэспа ў прысутнасьці прэмʼераў абедзьвюх дзяржаваў, вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у вонкавай палітыцы Фэдэрыкі Магерыні, спэцыяльнага прадстаўніка ААН Мэт’ю Німіца і іншых высокапастаўленых асобаў.
Пагадненьне разьвязала амаль 30-гадовую спрэчку паміж Атэнамі і Скопʼем. Грэцкі бок не задавальняла назва рэспублікі Македонія, бо, на яе думку, яна было занадта сугучнай з грэцкаю зямлёю Македонія. Менавіта праз назву Македонія не магла падаць заяўку на далучэньне да ЭЗ.
Тым ня менш, пагадненьне яшчэ павінны ратыфікаваць ў македонскім парлямэнце і атрымаць падтрымку ў верасьнёўскім рэфэрэндуме, перад афіцыйнай зьменай назвы.
Пасьля падпісаньня дамовы грэцкі прэмʼер Алексыс Цыпрас перасёк возера для ўрачыстага абеду, стаўшы першым грэцкім прэмʼер-міністрам на тэрыторыі Македоніі.
Але апазыцыя ў абедзьвюх краінах рэзка раскрытыкавала рашэньне сваіх кіраўнікоў. За дзень да гэтага 153 з 280 парлямэнтараў Грэцыі выказалі недавер Цыпрасу, а некалькі тысяч людзей у Атэнах выйшлі з патрабаваньнем адстаўкі Цыпраса з прычыны пагадненьня.
Напярэдадні прэзыдэнт Македоніі Гёрге Іванаў заявіў, што накладзе вэта на пагадненьне з Грэцыяй аб зьмене назвы краіны, калі яго ратыфікуе парлямэнт.