Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аматары зборных Расеі і Саудаўскай Арабіі па футболе не захацелі «паехаць паесьці» каля Курапатаў


Без наведнікаў застаўся рэстаран «Поедем поедим» увечары 14 чэрвеня, калі пачалася тэлетрансьляцыя першай гульні чэмпіянату сьвету па футболе, які стартаваў у Расеі. Пра гэта паведамілі актывісты, якія пікетуюць рэстарацыю, дамагаючыся яе закрыцьця з прычыны парушэньня ахоўнай зоны вакол мэмарыяльнага лесу Курапаты. Што ў рэстарацыі чакалі футбольных заўзятараў, пацьвердзіла на ўваходзе ў залю ветлівая афіцыянтка.

«У нас усталяваныя вялікія тэлевізары, будзем паказваць футбол, гульня зараз пачынаецца, заходзьце, чакаем аматараў, але пакуль нікога няма», — расчаравана разьвяла рукамі афіцыянтка. Наша размова была за 5 хвілін да гульні.

Але пачаўся ўжо і другі пэрыяд матчу, а ніхто з заўзятараў зборных па футболе Расеі і Саудаўскай Арабіі ў рэстарацыю «Поедем поедим» не прыехаў. З наведнікаў у перапынку гульні прыйшла паесьці толькі сям’я з бацькоў і дачкі-тынэйджэра. Ад пікетоўцаў яны ўзялі буклет пра Курапаты, але ў размовы не ўступалі.

Сёньня, 14 чэрвеня, вахту каля рэстарацыі ў Курапатах трымала партыя БНФ і яе моладзевая філія «Моладзь БНФ», а таксама актывісты, якія стаяць у пікетах з пачатку чэрвеня.

​У канцы дня міліцыянты склалі пратаколы аб парушэньні правіл дарожнага руху на актывістаў Натальлю Гарачку і Дзяніса Краўчука. Некалькі пратаколаў былі складзеныя ў першай палове дня.

Каля 20-й гадзіны на выхадзе з Курапатаў затрымалі актывіста Дзяніса Урбановіча. Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў Павал Севярынец з спасылкай на Вольку Мікалайчык.

15 чэрвеня дзяжурыць каля «Поедем поедим» зьбіраюцца актывісты «Маладога фронту».

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG