Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прыехаў да актывістаў, якія пікетуюць рэстарацыю каля Курапатаў, каб падпісаць і падараваць ім сваю кнігу «Імёны Свабоды».
У паўзе пісьменьнік вырашыў наведаць рэстарацыю «Поедем поедим».
«Хацеў прайсьці, каб перадаць адміністрацыі маю кнігу. Дык не пусьцілі ахоўнікі. Сказалі, што ня пусьцяць, бо «непажаданы наведнік» — расказаў Свабодзе Ўладзімер Арлоў і далей стаў падпісваць кнігі для ўдзельнікаў пікету.
Уладзімер Арлоў сказаў, што ня мог сюды не прыехаць:
«Заўсёды вельмі абвострана адчуваю тое, што зьвязана з Курапатамі. Быў тут і падчас леташняй абароны, і ў ноч расстраляных паэтаў. Заўсёды прывожу абаронцам свае кнігі. Цяпер прывёз новае выданьне кнігі «Імёны Свабоды» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды».
У кнізе Арлова расказваецца пра 300 герояў; дзясяткі зь іх былі, магчыма, расстраляныя і ляжаць менавіта ў Курапатах.
«Я хацеў перадаць адміністрацыі рэстарана гэтую кнігу, каб яны змаглі прачытаць пра людзей, якія тут ляжаць. Але ахоўнік назваў мяне „непажаданым наведнікам“, не прапусьціў туды і сказаў, што яны прачытаюць кнігу ў інтэрнэце. Спадзяюся, сапраўды ў гэтай установе прачытаюць пра тых, на костках каго яны зьбіраюцца ладзіць свае танцы і ўрачыстасьці. Хто ведае, а раптам працаўнікі гэтага рэстарану пачнуць звальняцца. — сказаў Арлоў. — Улада наша яшчэ не вызначылася, як быць з гэтым рэстаранам, прыглядаецца да рэакцыі грамадзтва, іначай, калі б быў загад, тут усё б выглядала інакш. Таму, калі наша грамадзтва будзе больш салідарным, а пратэсты — больш масавымі, на маю думку, ёсьць шанец і цяпер адстаяць гэтую нашу сьвятыню, Курапаты, як удавалася раней».
Сёньня варту каля рэстарана «Поедем поедим» трымаюць актывісты Партыі БНФ. Яны ўжо не прапусьцілі некалькі аўтамабіляў, з адным з кіроўцаў адбыўся канфлікт, ён паспрабаваў наехаць на пікетоўцаў, а пасьля выклікаў ДАІ. Кіроўца сказаў, што ягоны бацька ў 1942 годзе служыў у войсках НКВД. Супрацоўнікі ДАІ склалі пратаколы на актывістаў за выхад на праезную частку.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.