Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці насамрэч папа Рымскі асудзіў уніяцтва? Гутарка з уніяцкім багасловам


Пасьля сустрэчы папы Францішка з кіраўніком аддзелу замежных царкоўных зносін Маскоўскага патрыярхату РПЦ мітрапалітам Іларыёнам не сьціхаюць спрэчкі вакол выказваньня пантыфіка пра ўніятызм. Нярэдка сьцьвярджаюць, што папа асудзіў уніяцтва і ўніятаў, нават зрокся іх.

Радыё Свабода зьвярнулася да аднаго з клірыкаў Беларускай Грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы айца дыякана Вячаслава Гарчакова з просьбай патлумачыць сутнасьць заяў папы Францішка.

Што насамрэч сказаў папа

— Ойча Вячаслаў, дык што дакладна сказаў папа 30 траўня 2018 году падчас сустрэчы зь мітрапалітам Іларыёнам пра унію, уніяцтва і ўніятызм?

— Я працытую тыя фрагмэнты выказваньняў папы, якія датычацца прадмету нашай размовы, у перакладзе на беларускую.

«Я задаволены магчымасьцю ісьці разам з вамі шляхам адзінства: адзіным шляхам, які абяцае нам штосьці надзейнае, таму што шлях падзелу вядзе нас да войнаў і разбурэньня. Я хачу запэўніць вас, асаблівым чынам цябе, дарагі браце, і ўсіх вас, што Каталіцкая Царква ніколі не дапусьціць, каб у яе членаў зьяўлялася пазыцыя падзелу. Мы ніколі сабе гэтага не дазволім, я гэтага не жадаю. У Маскве — у Расеі — ёсьць толькі адзін патрыярхат: ваш, і для нас ня будзе іншага.

Калі які-небудзь католік — ці то вернік, ці то сьвятар або біскуп — падымае сьцяг уніятызму, які ўжо ня дзейнічае і вычарпаў сябе, гэта таксама боль для мяне асабіста».

Далей папа дадаў словы, якія мала цытаваліся ў СМІ:

«Неабходна паважаць цэрквы, якія знаходзяцца ў адзінстве з Рымам, але ўніятызм як шлях адзінства сёньня не падыходзіць. (Па-італьянску гэта гучала як „Si devono rispettare le Chiese che sono unite a Roma, ma l’uniatismo come cammino di unità oggi non va“ — В. Г.). Мяне, наадварот, суцяшае, калі я бачу прыязна працягнутую руку, братнія абдымкі, аднадумства, рух насустрач. Экумэнізм адбываецца ў руху. Будзем жа рухацца!»

Немагчыма бяз сумнага зьдзіўленьня не заўважыць, што ў перакладах на расейскую мову багаслоўскі тэрмін «уніятызм» (l’uniatismo) перакладзены ня як «униатизм» (як гэта было раней прынята) а як «униатство» (што звычайна адносіцца да гістарычных вынікаў заключэньня ўнійных пагадненьняў).

І яшчэ адна заўвага. Папа сказаў: «Экумэнізм адбываецца ў руху. Будзем жа рухацца!». Але ў праваслаўным асяродзьдзі паняцьце «экумэнізм» лічыцца, мякка кажучы, памылковым і сумесныя малітвы не вітаюцца.

Якая розьніца паміж уніятызмам і ўніяцтвам

— Вы кажаце, што ўніятызм — гэта багаслоўскі тэрмін. Што менавіта ён азначае і ці даўно выкарыстоўваецца?

— Папа ў сваім выступе 30 траўня не сказаў нічога новага з таго, чым Каталіцкая царква жыве апошнія гады.

Айцец дыякан Вячаслаў Гарчакоў
Айцец дыякан Вячаслаў Гарчакоў

400-годзьдзе Берасьцейскай уніі, якое адзначалася ў 1996 годзе, было для ўсходніх каталіцкіх цэркваў нагодай асэнсаваць значэньне уніі ў наш час.

У 1997 годзе на запрашэньне тагачаснага прэфэкта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынала Акільле Сільвэстрыні (які ў 1996 годзе наведваў Беларусь), у вугорскім гарадку Nyiregyhaza (Ньірэдзьгаза), прайшла сустрэча герархаў усходніх каталіцкіх Цэркваў Эўропы. У ёй ад БГКЦ браў удзел Апостальскі візытатар для грэка-каталікоў у Беларусі, доктар тэалёгіі, архімандрыт Сяргей Гаек.

Падчас сустрэчы была ўтворана рэдакцыйная група для выпрацоўкі дэклярацыі адносна ўдзелу ў міжканфэсійным дыялёгу і экумэнічных ініцыятывах. У групу разам зь першагерархам УГКЦ кардыналам Любамірам Гузарам і прафэсарам Дымітрыясам Саляхасам уваходзіў і архімандрыт Гаек.

У прынятай дэклярацыі ўсходнекаталіцкія герархі Эўропы падкрэсьлілі неабходнасьць прасоўваньня дыялёгу і супрацоўніцтва з праваслаўнымі братамі ў духу прабачэньня, адыходу ад уніятызму (які — і гэта важна падкрэсьліць — меў месца з двух бакоў) і адказнасьці за эвангелізацыю.

Ужо з таго часу пазыцыя ўсходніх каталіцкіх Цэркваў далёкая ад уніятызму. Гэтыя цэрквы кажуць, што, з аднаго боку, ім вельмі дарагая еднасьць з Рымам, а зь іншага — яны хочуць разьвіцьця дыялёгу з праваслаўнымі братамі і не зьбіраюцца сёньня працягваць тыя мэтады, пры дапамозе якіх некалі заключаліся уніі.

Вось у такім духу і з такім разуменьнем усходнія католікі ўспрынялі і дэклярацыю папы Францішка і патрыярха Кірыла (Гавана 2016), дзе ясна сказана, што ўсходнія каталіцкія цэрквы маюць права існаваць і дзейнічаць.

Той жа зьмест мы знаходзім і ў прамове папы Францішка перад дэлегацыяй РПЦ 30 траўня.

— Давайце ўсё ж вернемся да тэрміну ўніятызм. Што дакладна ён азначае?

— Калі мы гаворым пра ўніятызм, то сапраўды ня ўсе да канца разумеюць, што гэта такое.

У багаслоўскім сэнсе гэта зьява, калі адна царква далучае да сябе частку іншай царквы, адрывае тую частку, прысвойвае сабе. Такім прыкладам уніятызму быў Львоўскі сабор 1946 году, калі Ўкраінская грэка-каталіцкая царква была далучана да Расейскай праваслаўнай царквы.

Справа ў тым, што да сёньняшняга дня РПЦ прызнае дзейснасьць пастановаў Львоўскага сабору, не зракалася іх, нягледзячы на выразны сталінісцкі кантэкст той падзеі. Гэта цудоўны прыклад сучаснага ўніятызму.

Як я ўжо сказаў, сёньняшнія уніяцкія (грэка-каталіцкія) цэрквы вельмі далёкія ад уніятызму і хочуць нармальнага дыялёгу з праваслаўнымі братамі.

Прыкладам уніятызму зьяўляецца і Полацкі псэўдасабор 1839 году. Фактычна, мітрапаліт Іосіф Сямашка быў уніятам, які прасоўваў уніятызм і далучыў нашу царкву да Маскоўскага патрыярхату.

— А Берасьцейская унія была ўніятызмам?

— Вядома, была. Таму папа і кажа, што сёньня гэты мэтад не працуе. Папа таксама кажа, што адчувае боль, калі нехта падымае сьцяг уніятызму. Таму трэба яшчэ раз канстатаваць і сьцьвердзіць, што уніяцтва і ўніятызм — гэта розныя рэчы. Гэта два розныя тэрміны і два розныя словы ў італьянскай, ангельскай, беларускай і іншых мовах.

Да чаго заклікае папа

— Такім чынам, ваша тлумачэньне азначае, што папа бароніць правы ўніяцкіх цэркваў, прызнае, што ўніятызм як прынцып і мэтад аб'яднаньня сёньня не актуальны і заклікае праваслаўных да супрацоўніцтва з католікамі, у тым ліку, і з уніяцкімі (грэка-каталіцкімі) цэрквамі. Так?

— Так, вядома. Папа кажа (яшчэ і яшчэ раз падкрэсьліваю гэта!) пра ўніятызм як мэтад паяднаньня, а не пра Ўніяцкую царкву. Захоўваць, будаваць адзінства — гэта найважнейшае пакліканьне хрысьціянскай царквы і хрысьціян, гэта запавет і прыказаньне самога Ісуса Хрыста.

У апошняй малітве Эвангельля ад Яна, у 17-м разьдзеле, у першасьвятарскай малітве Ісус Хрыстос моліцца за тое, «каб усе былі адно». Увесь 17-ты разьдзел — гэта малітва Хрыста, дзе ён размаўляе з Айцом і просіць за апосталаў і за вучняў, каб захоўвалі адзінства.

І мы ня можам не захоўваць адзінства. Раней гэта быў шлях праз уніі. Сёньня гэта не працуе. Таму папа кажа, што патрэбны экумэнічны дыялёг. Дыялёг — гэта калі ёсьць два бакі і два словы (лёгас — слова). Трэба прамовіць слова, адкрыцца да іншага, трэба пачуць слова іншага, вывучыць, хто ён такі, хто мы такія ўзаемна.

Больш за тое, у размове зь мітрапалітам Іларыёнам папа кажа пра дзейсны экумэнізм. Гэта значыць, ня толькі трэба адзін аднаго вывучаць, але ўбачыўшы тое, што нас яднае — жыцьцёвыя каштоўнасьці і эвангельскія прыказаньні — разам нешта рабіць у жыцьці. Можна з праваслаўнымі і працаваць разам, і маліцца.

Пасьля ІІ Ватыканскага сабору (1962-65 гг.) праваслаўны чалавек пры патрэбе можа спавядацца ў грэка- ці рыма-каталіцкага сьвятара і застацца праваслаўным. Можа прыняць сьвятое прычасьце і застацца праваслаўным.

Больш за тое, пасьля ІІ Ватыканскага сабору вернік-католік у экстраардынарнай сытуацыі, калі няма каталіцкага душпастыра, мае права пайсьці да споведзі да праваслаўнага сьвятара.

Таму сёньня пра ўніятызм казаць няма сэнсу, трэба думаць і казаць пра дыялёг, пра супрацоўніцтва і ўзаемнае пазнаньне. Але нечакана ўзьнікла нейкая недакладная, празьмерна скажоная інтэрпрэтацыя словаў папы.

І апошняя мая заўвага. Папа кажа пра дыялёг і сумесную малітву, але праваслаўныя прынцыпова ня хочуць маліцца разам з уніятамі.

— А была яшчэ і больш раньняя за вугорскую дэклярацыя пра ўніятызм. Я маю на ўвазе Балямандзкае пагадненьне 1993 году, падпісанае прадстаўнікамі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў у Лібане.

— Гэта так. Але і тое пагадненьне часта тлумачаць няправільна. Нават ў расейскай вэрсіі Вікіпэдыі блытаюцца тэрміны ўніяцтва і ўніятызм. А ў Балямандзе таксама гаворка ішла пра ўніятызм (l’uniatisme), а не пра ўніяцтва.

Менавіта таму падчас сустрэчы папы з патрыярхам у Гаване два гады таму гаворка ішла пра ўніятызм і пра тое, што ўсходнія каталіцкія цэрквы маюць права на існаваньне і нармальнае разьвіцьцё.

Вось якраз гэта і сказаў папа Францішак 30 траўня. На жаль у расейскіх перакладах, нават на сайце Ватыкану, гаворыцца не пра «ўніятызм», а пра «уніяцтва».

Тым часам, пасьля сустрэчы папы і патрыярха ў Гаване афіцыйныя расейскія крыніцы давалі правільны пераклад і пісалі менавіта пра «ўніятызм» — г. зн. давалі правільны пераклад гэтага багаслоўскага тэрміну.

У выніку няправільнага перакладу і скажэньня думкі папы ў некаторых камэнтарах адразу аказалася пастаўленым пад пытаньне права на існаваньне ўсходнекаталіцкіх цэркваў — і ня толькі існаваньне, але і іх ўдзелу ў экумэнічным дыялёгу.

— А як праваслаўны бок ставіцца да гэтых ініцыятываў Рымска-каталіцкай царквы? Я маю на ўвазе і Баляманд, і Ньірэдзьгаза, і іншыя дакумэнты і прапановы.

— З боку праваслаўных не было нейкіх пазытыўных ацэнак Баляманду. Адзіны, хто гэтую дэклярацыю падтрымаў і прыняў, быў патрыярх УГКЦ кардынал Любачыўскі.

Больш за тое. У дэклярацыі Ньірэдзьгаза, якую ў складзе рэдакцыйнай камісіі таксама выпрацоўваў наш Апостальскі візытатар архімандрыт Сяргей Гаек, усходнекаталіцкія цэрквы, з аднаго боку, падкрэсьлілі сваю глыбокую сувязь з Рымам і папам, а зь іншага, прасілі прабачэньня ў праваслаўных за тыя памылкі, якія былі ў мінуласьці.

Але ад праваслаўных да сёньняшняга дня не было ніякіх прабачэньняў. Толькі ідуць скажоныя інтэрпрэтацыі выказваньняў кіраўніка Каталіцкай царквы, маўляў, папа асудзіў уніяцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG