Пошукавых запытаў па словах «таблеткі для спыненьня цяжарнасьці» ва ўсім сьвеце стала ўдвая больш за апошнія дзесяць гадоў, паказала дасьледаваньне ВВС. У тых краінах, дзе законы больш жорстка абмяжоўваюць ці цалкам забараняюць аборты, такіх запытаў болей у некалькі разоў.
Купляючы таблеткі онлайн або абмяркоўваючы парады ў мэсэнджэры WhatsApp, жанчыны ўсё шырэй выкарыстоўваюць новыя тэхналёгіі для абыходу забароны ўладаў.
У лічбавую эпоху падпольныя ці «хатнія» аборты зараз пачынаюцца ля экрану хатняга кампутара або смартфону.
Хто і навошта хоча забараніць аборты. Абмяркоўваюць Гайлеш, Дашкевіч, Захарэвіч, Канапацкая і Сярдзюк
Жыхароў тых дзяржаваў, дзе законы аб абортах найбольш жорсткія — спыненьне цяжарнасьці дазволена толькі ў выпадку небясьпекі для жыцьця жанчыны або забароненыя наогул, — шукаюць у сетках «таблетку для аборту» больш чым у 10 разоў часьцей, чым больш лібэральных у гэтым сэнсе краінаў, паказаў аналіз, праведзены праектам ВВС «100 жанчын». Дасьледаваньне пошукавых запытаў уключала ў сябе запыты на розных мовах, ня толькі на ангельскай, і ахапіла інфармацыю ад кампаніі Google за апошнія пяць гадоў.
Асноўных спосабаў штучнага спыненьня цяжарнасьці два: хірургічны і мэдыкамэнтозны. Мэдыкамэнтозны палягае ў тым, што трэба прыняць спачатку адну таблетку, праз некалькі гадзін — іншую, і іх камбінацыя выклікае крывацёк і выкідыш.
Дзяржплян па скарачэньні абортаў
У краінах тыпу Брытаніі гэтыя мэдыкамэнты жанчына проста атрымае па рэцэпце, выпісаным тэрапэўтам. Але там, дзе аборты істотна абмежаваныя (пачынаючы з суседняй Ірляндыі да Ірану і далей), убіваючы ў радок пошуку назвы і купляючы іх онлайн, жанчыны ідуць на парушэньне закону і могуць мець крымінальны перасьлед.
У адпаведнасьці з дадзенымі Google, лідэрамі ў пошуку мізапрастола ў сетках зьяўляюцца дзьве краіны: Гана і Нігерыя.
З 25 краінаў, якія выяўляюць самую высокую цікавасьць да пошуку мізапрастолу ў інтэрнэце, 11 — у Афрыцы і 14 — у Лацінскай Амэрыцы.
Дадзеныя па інтэрнэт-пошуку ў Google паказваюць ня толькі тое, у якіх краінах цікавасьць да гэтай тэмы вышэй за ўсё, але і частату, зь якой канкрэтныя словы або фразы забіваюцца ў радок пошуку.
Права на аборт: права чалавека ці права на забойства?
«Таблеткі для аборту» — самы папулярны запыт ва ўсіх без выключэньня краінах, пакрытых дасьледаваньнем. «Як выклікаць выкідыш», — пытаюцца ў 2/3 краін. Пытаньні аб канкрэтным выкарыстаньні і дазіроўцы мізапрастола займаюць трэцяе месца.
Але акрамя мэдыкамэнтаў жанчыны таксама шукаюць у інтэрнэце альтэрнатыўныя мэтады, набіраючы словы «пятрушка», «карыца», «вітамін С», «асьпірын» і «адвар» ў спалучэньні з фразай «спыненьне цяжарнасьці».
У палове краін топ-фразай у пошукавіках адносна абортаў была «хатнія сродкі для аборту». Ніводзін з «народных мэтадаў» ня лічыцца бясьпечным па мерках Сусьветнай арганізацыі здароўя.
У Беларусі адно з самых лібэральных заканадаўстваў у сьвеце ў гэтым пытаньні. Аборт праводзіцца на жаданьне жанчыны пры тэрміне цяжарнасьці да 12 тыдняў, па сацыяльных паказаньнях — пры тэрміне цяжарнасьці да 22 тыдняў, а пры наяўнасьці мэдычных паказаньняў і згодзе жанчыны — незалежна ад тэрміну цяжарнасьці. Апошнім часам былі спробы дзяржавы зьменшыць колькасьць абортаў праз пазбаўленьне прыватных мэдцэнтраў ліцэнзіі на перарываньне цяжарнасьці.