Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матка як дзяржаўная маёмасьць


Найлепш хлусьня спрацуе тады, калі яна будзе перамяшаная з праўдай. А калі гэта ўсё яшчэ і зьвязана з тэмай клопату пра здароўе, дык посьпех падманшчыкаў і падманшчыц забясьпечаны: хварэць і паміраць большасьць людзей дакладна не хоча.

Ад пытаньня, з прычыны якога я пішу гэты тэкст, звычайна адмахваюцца як ад дробнага, няважнага і непрыстойнага. Але ніхто ніколі так і ня здолеў мне патлумачыць, як стан шыйкі маткі жанчыны ўплывае на яе здольнасьць кіраваць аўтамабілем, раскладваць прадукты па паліцах у супэрмаркеце ці вучыць дзяцей у школе.

Прымусовыя гінэкалягічныя агляды — гэта чарговая дэманстрацыя таго, што дзяржава лічыць, нібыта жанчыны ня могуць самастойна прымаць рашэньні адносна ўласнага цела.

Калі мужчына і жанчына праходзяць мэдагляд з адной і той жа мэтай, у сьпісе спэцыялістак і спэцыялістаў, якіх яны мусяць наведваць, будзе адно адрозьненьне. У жаночым сьпісе будзе на адно патрабаваньне больш: мы мусім прайсьці гінэкалягічны агляд. У абсалютнай большасьці выпадкаў гэта будзе бессэнсоўная фармальнасьць, за якую, магчыма, давядзецца яшчэ і заплаціць. У тых паліклініках, дзе мне даводзілася праходзіць стандартны мэдагляд, гэта быў сапраўдны канвэер: уласна гінэкалягічны агляд доўжыцца літаральна некалькі сэкунд, у працэсе часьцей за ўсё балюча, абмяркоўваць сымптомы ніхто не плянуе, — для гэтага ёсьць звычайны прыём. Тут жа трэба проста заплаціць, пацярпець, атрымаць даведку.

Усе разумеюць, што гэта фарс, але працягваюць гуляцца ў гульню, робячы выгляд, што ўсё сур’ёзна. Абурацца нельга, бо галоўнае правіла гульні — імітаваць удзячнасьць дзяржаве за тое, што яна клапоціцца пра цябе.

Але такі прымус мае вельмі мала агульнага з клопатам. Прымусовыя гінэкалягічныя агляды — гэта чарговая дэманстрацыя таго, што дзяржава лічыць, нібыта жанчыны ня могуць самастойна прымаць рашэньні адносна ўласнага цела і потым несьці за іх адказнасьць. Вы можаце абурыцца і сказаць, што флюараграфія абавязковая ўвогуле для ўсіх, так што ніякай гендэрнай праблемы тут няма. Але ёсьць нюанс: сухоты могуць ствараць небясьпеку для навакольных, а захворваньні рэпрадуктыўнай сыстэмы, якія могуць высьветліцца на стандартным аглядзе, — гэта толькі праблема асобна ўзятай жанчыны.

Дзяржаве, якая звыкла ўсё кантраляваць, цяжка прызнаваць чыюсьці свабоду. Але справа ў тым, што дарослыя людзі маюць права самастойна абіраць, што ім рабіць са сваім целам, калі толькі гэта ня тычыцца рэальнай небясьпекі для навакольных.

Ня трэба казаць, што прымусовыя агляды — гэта праява клопату.

Калі жанчына не праходзіць штогадовы гінэкалягічны агляд — гэта толькі яе справа. Дзяржава хоча паклапаціцца пра здароўе нацыі? Хай выпускае сацыяльную рэкляму, ініцыюе ўвядзеньне ўрокаў сэксуальнай асьветы ў школе, дзе, сярод іншага, дзецям і падлеткам раскажуць, як важна прыслухоўвацца да свайго арганізму і што мэдыцынскія агляды — гэта важна, бо яны могуць дапамагчы выявіць анкалягічнае захворваньне на раньняй стадыі.

Але ня трэба хлусіць. Ня трэба казаць, што прымусовыя агляды — гэта праява клопату, ці што жанчына, якая не прыходзіць раз на год да гінэколяга ў дзяржаўную паліклініку, не клапоціцца пра ўласнае здароўе. Хутчэй за ўсё, яна з прычыны сумнага досьведу проста больш не давярае гэтай паліклініцы.

Зварот па мэдыцынскую дапамогу — гэта права, а не абавязак.

Калі б на дзяржаўным узроўні і праўда была прынятая праграма клопату пра жаночае здароўе, і мэтай гэтай праграмы было б палепшыць якасьць жыцьця жанчын, дык наведваньні жаночай кансультацыі былі б зусім іншымі. Нам бы больш расказвалі пра сапраўдныя рызыкі цяжарнасьці і родаў і менш пужалі б «божай карай за аборты», да нашых скаргаў на боль і непрыемныя адчуваньні часьцей бы прыслухоўваліся, а ўласна цяжарнасьць і роды перасталі б раіць як панацэю ад усіх хваробаў.

Але што адбываецца цяпер? Дзяржава лічыць жанчын неразумнымі і няздольнымі паклапаціцца пра ўласнае здароўе. Нібыта мы маленькія дзеці, якіх трэба бесьперапынна кантраляваць, бо крый Божа, засунем гарошыну ў нос ці праглынем батарэйку. І мы яшчэ чамусьці мусім радавацца такому стаўленьню.

Але ж нават калі асобна ўзятая жанчына і праўда інфантыльная і не клапоціцца пра ўласнае здароўе, дык гэта ўсё адно толькі яе праблема. Зварот па мэдыцынскую дапамогу — гэта права, а не абавязак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG