Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад без абортаў атакуе


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Некалькі гадоў таму, калі прымалі закон, які дазволіў доктаркам і дактарам адмаўляцца праводзіць аборты праз ўласныя рэлігійныя перакананьні, актывісткі папярэджвалі: гэта маніпуляцыя. Уладам няма аніякай справы да пачуцьцяў людзей, якія праводзяць гэтую мэдычную працэдуру. Ад самага пачатку было відавочна, што гэты закон — чарговая спроба царквы і дзяржавы кантраляваць жанчын.

І вось адбылася тое, чаго мы так баяліся: зьявіўся першы ў Беларусі горад, у якім ня робяць абортаў па жаданьні жанчыны. Адмовіліся ўсе лекары. Галоўны ўрач Лагойскай лякарні расказвае: «Усе акушэры-гінэколягі тады прынесьлі мне заявы аб тым, што апэрацыі па перарываньні цяжарнасьці праводзіць ня хочуць». Цяпер жанчын для правядзеньня аборту з Лагойску адпраўляюць у Менскую абласную лякарню, але што будзе, калі і там усе адмовяцца гэта рабіць? Закон жа дазваляе.

Давайце дазволім сьведкам Яговы адмаўляцца рабіць пацыенткам і пацыентам пераліваньне крыві.

Я ў сваю чаргу прапаноўваю дапрацаваць заканадаўства. Навошта спыняцца на абортах? Давайце дазволім сьведкам Яговы адмаўляцца рабіць пацыенткам і пацыентам пераліваньне крыві. Давайце дазволім мусульманкам не апэраваць мужчын. Вы, вядома ж, можаце запярэчыць, што чалавек ня пойдзе на тую працу, якая будзе супярэчыць яго альбо яе рэлігійным ці сьвецкім этычным перакананьням. І я б з вамі пагадзілася, калі б ня ўсе гэтыя акушэры-гінэколягі, якія пайшлі ў гінэкалёгію і ня хочуць пры гэтым праводзіць перарываньне цяжарнасьці.

Што цікава, яны ўсё ж робяць аборты ня толькі паводле мэдычных, але і паводле «сацыяльных» паказаньняў. То бок, калі рабіць аборт пасьпяховай маладой жанчыне па ейным жаданьні — гэта забойства, а калі перарываць цяжарнасьць асацыяльнай жанчыне, якая ўжо мае восем дзяцей, — дык гэта ўжо аказаньне мэдычнай дапамогі.

Дарэчы, пра мэдычную дапамогу. Лекары спасылаюцца на першы артыкул Закону аб ахове здароўя. Нібыта аборт па жаданьні — гэта не мэдычная дапамога, а мэдычная паслуга. І ўсё б нічога, але ў адпаведнасьці з гэтым артыкулам паслуга — гэта «мэдычнае ўмяшаньне альбо комплекс умяшаньняў, а таксама іншыя дзеяньні, якія выконваюцца пры аказаньні мэдычнай дапамогі».

Адмаўляць жанчыне ў перарываньні цяжарнасьці ў першым трымэстры па жаданьні самой жанчыны — гэта абмежаваньне яе доступу да мэдычнай дапамогі.

Ня трэба зноўку маніпуляваць, супрацьпастаўляючы паслугу дапамозе. Законы ёсьць у адкрытым доступе, і адсачыць падман проста. А праўда аказваецца такой: адмаўляць жанчыне ў перарываньні цяжарнасьці ў першым трымэстры па жаданьні самой жанчыны — гэта абмежаваньне яе доступу да мэдычнай дапамогі.

Рэлігійныя арганізацыі, вядома ж, аказалі вялікі ўплыў на тое, што дактары маюць права адмаўляцца праводзіць аборт, але ў самім законе ні слова пра рэлігію няма. І пра сьвецкую этыку таксама. Глядзім Закон аб ахове здароўя, артыкул 24: «Урач-спэцыяліст мае права адмовіцца ад правядзеньня штучнага перарываньня цяжарнасьці, пісьмова паведаміўшы пра гэта кіраўніку арганізацыі аховы здароўя, калі адмова непасрэдна не пагражае жыцьцю і (ці) здароўю жанчыны.» Яны могуць адмовіцца праводзіць аборт проста таму, што так хочуць.

Хай касіркі-вэганкі адмаўляюцца прабіваць мясныя і малочныя прадукты.

Я вышэй у тэксьце прапаноўвала пашырыць для доктарак і дактароў сьпіс прычын, зь якіх яны мелі б права адмаўляцца выконваць свае працоўныя абавязкі. Але гуляць, дык гуляць! Давайце выйдзем за межы мэдыцыны. Хай касіркі-вэганкі адмаўляюцца прабіваць мясныя і малочныя прадукты, супрацоўніцы банку перастануць кансультаваць па крэдытах, бо тыя заганяюць людзей у пазыковую яму, а кур’ерскія службы хай адмаўляюць у абслугоўваньні тым, хто ня можа нічога працытаваць з «Маленькага прынца». Хай будзе яшчэ больш абсурду навокал!

Але аднаго я ніяк не магу зразумець: чаму тыя людзі, якія хваляцца, што ў лякарні разьвесілі плякаты пра «фізычную і духоўную шкоду абортаў» не задумваюцца пра тое, хто ўбачыць гэтыя агіткі? Іх жа ўбачаць жанчыны, якія толькі што даведаліся, што цяжарнасьць перастала разьвівацца, і жанчыны, якіх адправілі на аборт па мэдычных паказаньнях, бо ў плода паталёгія разьвіцьця, якая дазволіць яму пражыць пасьля нараджэньня толькі некалькі гадзін.

Але да гэтых жанчын пралайфэркам і пралайфэрам нібыта няма ніякай справы. Нейкая дзіўная атрымліваецца этычная сыстэма, вам не падаецца?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG