Ляўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча сёлета стаў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.
Яго ўзнагародзілі за стварэньне кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды», а таксама за выданьне кніг «Прыгоды АРА ў Беларусі» і «Сьлед матылька».
Натальля Адамовіч: «Кнігі бацькі выходзяць і ў Беларусі, і за мяжой»
Дачка Алеся Адамовіча Натальля нагадала, што ў наступным годзе будзе 25 гадоў зь дня сьмерці бацькі. Яна спадзяецца, што хутка зьявіцца помнік Адамовічу на яго радзіме, у вёсцы Глуша.
«А кнігі выходзяць, і ў Беларусі, і за мяжой. У Лёндане «Хатынская аповесьць», у Францыі таксама выйшла нядаўна, праўда, яна называлася «Ідзі і глядзі». Вельмі часта ў Расеі выдаецца «Блякадная кніга», — адзначыла Натальля Адамовіч.
Натальля Адамовіч абвяшчае імя сёлетняга ляўрэата — дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.
Дачка Адамовіча вельмі ўдзячная за тое, што 8 сьнежня 1993 года Аляксандар Лукашук сустракаўся зь яе татам у Москве і ўзяў адно з апошніх інтэрв’ю. Яна распавяла, што яе бацька таксама цікавіўся тэмай Освальда.
Натальля прынесла з сабой радыёпрымач, па якім бацька слухаў Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі».
Аляксандар Лукашук: «Будучыня не меняецца, мяняецца толькі мінулае»
Ляўрэат прэміі Аляксандар Лукашук узгадаў радкі з сатырычнай паэмы 1980-х пра Адамовіча: «Хай уведае Алесь: як ня просяць, дык ня лезь», заўважыўшы, што Адамовіч быў вельмі вясёлым і сьветлым чалавекам.
Спадар Лукашук пажартаваў, што пра ўганараваньне яго прэстыжнай прэміяй не было ніякай «уцечкі інфармацыі». Ніхто не прагаварыўся, многія тэлефанавалі і прасілі проста прыйсьці на лекцыю Акудовіча, жартавалі: «Ты з аэрапорту завітай на лекцыю Акудовіча, а не ў грузінскую рэстарацыю, як звычайна».
«Я падумаў: грузінская кухня і Акудовіч — справы культуральныя аднолькавага парадку, вельмі высокага. Ну, Акудовіч крыху вастрэй... Дысцыпліна выдатная, ніхто не прагаварыўся», — прызнаўся новасьпечаны ляўрэат.
Аляксандар Лукашук падзякаваў рэдактарам, якія дапамагалі ствараць кнігі: Сяргею Дубаўцу, Уладзю Арлову, а таксама мастаку Генадзю Мацуру, які заўсёды просіць скараціць, а тут папрасіў дадаць адзін радок:
«„Будучыня не мяняецца, мяняецца толькі мінулае“, і мы яго паставілі на пачатку кнігі. Алесь Адамовіч цытаваў некалі Мантэня: „Разважаць пра сьмерць — гэта азначае разважаць пра свабоду“. Вось калі ў гэтай формуле Мантэня памяняць сьмерць на час, атрымаецца амаль тое самае... Калі Генадзь прымусіў дадаць фразу, я зразумеў, пра што гэта фраза. Яна пра час, але не пра гістарычны час пачатку 1960- гадоў, а пра час як фэномэн, пра яго архітэктуру, пра яго формы».
Узгадаў Аляксандар Лукашук і сваё апошняе інтэрв’ю Адамовіча, дзе ёсьць яшчэ адно прадказаньне — вайны Расеі з Украінай.
Ляўрэат распавёў, як некалі Адамовіч падпісаў яму сваю кнігу максымальна ляканічна і максымальна патрабавальна: «Алесю ад Алеся», і перадаў канвэрт з грашовай часткай прэміі Натальлі Адамовіч «для вяртаньня і трыманьня часу — часу Алеся Адамовіча» таксама са словамі «Алесю — ад Алеся».
Уладзімер Арлоў: «У Адамовіча быў дар прадбачаньня»
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў перакананы, што ў Адамовіча быў дар прадбачаньня.
«Прадбачыў ён сур’ёзныя, часам глябальныя рэчы. Адамовіч за некалькі гадоў прадказаў пра крывавыя падзеі ў Вільні. Калі казаць пра яго больш аптымістычныя прадбачаньні, то ён пайшоў у заклад зь Генры Кісінджэрам, што КПСС вось-вось сыйдзе з палітычнай арэны, і ён выйграў гэты заклад», — прывёў красамоўныя прыклады спадар Арлоў.
Ён распавёў, як усё жыцьцё Алесь Адамовіч ваяваў за справядлівасьць: калі быў падлеткам у партызанскім атрадзе, калі працаваў у Маскоўскім дзяржўным унівэрсытэце на катэдры нацыянальных літаратур і быў адтуль выгнаны за спачуваньні і дапамогу пісьменьнікам-дысыдэнтам Сіняўскаму і Даніэлю, потым ён працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, дзе таксама ня быў у фаворы, асабліва пасьля таго, як ён пайшоў у рэзкую канфрантацыю зь кіраўніцтвам пасьля Чарнобыльскай катастрофы, і потым зноў вымушаны быў зьехаць у Маскву.
Алесь Адамовіч быў аўтарам 17 прыжыцьцёвых кніг. Аднак Алесь Адамовіч быў з тых творцаў, асоба якіх была вышэй за ягоныя кнігі, кажа спадар Арлоў.
«Ён быў адным з твараў перабудовы, быў народным дэпутатам, працаваў у „Мэмарыяле“, палымяна выступаў на Чарнобыльскіх шляхах... Нават сьмерць Адамовіча была сымбалічнай — ён выступаў у Вярхоўным судзе Расеі з прамовай у абарону правоў Саюза пісьменьнікаў ды Літфонду».
Валянцін Акудовіч: «Тое, што Лукашук зрабіў зь „Бібліятэкай Свабоды“ — неверагодна»
Філёзаф Валянцін Акудовіч прызнаўся, што яго асабіста Аляксандар Лукашук раз-пораз захапляе неверагодга высокім творчым парываньнем — нестандартным, адметным.
«Упершыню я захапіўся Аляксандарм Лукашуком, калі зьявілася апавяданьне пад назвай „У фіялетавай ночы вугал крыла“. Ва ўсёй беларускай літаратуры, якую я няблага ведаю, лепшай не было, няма, і, можа, ня зьявіцца. Гэта фантастыка, гэта і прыгожа, і крута, і мудра.
Я вельмі высока цаню яго нон-фікшанскі раман, зноў недаацэнены, але, спадзяюся, час яго ацэніць. Але тое, што Лукашук зрабіў зь „Бібліятэкай Свабоды“ — гэта неверагодна», — кажа Акудовіч.
Сяргей Дубавец: «Бібліятэка Свабоды» — гэта беларуская Атлянтыда», якая не патанула
«Не было б бібліятэкара Аляксандра Лукашука, не было б і «Бібліятэкі Свабоды» — перакананы Сяргей Дубавец. Ён узгадаў, што першая кніга сэрыі выйшла ў 2002 годзе, называлася «Верш на Свабоду», і не было канкрэтнага пляну, што з гэтага вырасьце.
«Я думаў пра вобраз, мэтафару. Можна ўзяць назву адной з кніжак „Бібліятэкі Свабоды“ — атрымалася „Беларуская Атлянтыда“, якая не патанула, а жыве, пашыраецца, размнажаецца, і яе патэнцыял абсалютна не абмежаваны. Гэта пра ўсю Беларусь, пра ўсё беларускае, пачынаючы ад матэрыяльнага, культурнага, традыцыйнага — да мэнтальнага, да сфэры пачуцьцяў, якія адрозьніваюць беларусаў ад іншых.
У кнігі ёсьць будучыня, калі ў кнігі зьяўляецца лёс. Я перакананы, што ў большасьці кніг зь „Бібліятэкі Свабоды“ ёсьць свой лёс, — заўважыў Сяргей Дубавец.
Ініцыятар кампаніі па зборы грошай на ўшанаваньне памяці Алеся Адамовіча Андрусь Архіпенка расказаў пра конкурс эскізаў на «Прыпынак Адамовіча» і збор сродкаў на бюст Алеся Адамовіча. Патрэбна 4 тысячы даляраў — на працу скульптара, адліўку, пастамэнт. Сабрана 16%. Натальля Адамовіч перадала грашовую частку прэміі, перададзеную Лукашкуком, на стварэньне бюста.
Прэмію імя Алеся Адамовіча заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтар і сродкі масавай інфамацыі ў 1995 годзе. Першым старшынём журы быў народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. Сёлета прэмія ўручалася ў 17-ы раз.
У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся свабодаўцы Валянцін Жданко, Віталь Цыганкоў, Сяргей Дубавец, Міхась Скобла, Сяргей Шупа, Ганна Соўсь, Віталь Тарас, Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў (за «Імёны Свабоды»).
Летась прэмію імя Алеся Адамовіча атрымаў аўтар Свабоды Зьміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы».