Штотыдзень у рубрыцы «Варта» мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае журналіст і пісьменьнік Аляксандар Лукашук.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
«100 маніфэстаў мастацтва». Там сабраныя мастакоўскія заявы апошніх ста гадоў, ад футурыстаў Марынэці да сёньняшніх «захрасістаў» («stuckists», ад «stuck» — захраснуць, ні туды, ні сюды). «Быць Захрасістам азначае быць свабодным ад захраснасьці і разумець, што ўсё мастацтва канцэптуальнае, апроч канцэптуальнага мастацтва». Як жа бяз гэтага думаць пра Беларусь.
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
Біяграфію Леанарда да Вінчы майго былога шэфа Ўолтэра Айзэксана. Гэты том ляжаў на тумбачцы каля ложка, калі раніцай да мяне прыйшла 7-гадовая ўнучка, глянула і сказала — «А, Леанарда, нам у школе расказвалі, ягоная Мона Ліза глядзіць на цябе, куды б ні пайшоў» (школа ў Баварыі).
Гарызонт, глыбіня, але яшчэ — інтэрпрэтацыя фактаў, якая базуецца на сучасным разуменьні статыстыкі, фізіялёгіі, псыхалёгіі, сацыялёгіі, фізыкі і іншых дакладных навук. Так можна пісаць толькі пасьля таго, як напішаш біяграфіі Эйнштэйна і Стыва Джобса. Айзэксан, напрыклад, не пагаджаецца з трактоўкай «Апошняй вячэры» як спыненага імгненьня і даводзіць, што Леанарда расьцягвае час: Хрыстос толькі што сказаў апосталам, што адзін зь іх прадасьць яго. І ўсе ў жаху: нехта з нас — а раптам я? Там цэлая паласа драмы, якая рухаецца, бо час элястычны, гэта заўсёды наратыў.
Скарына і Леанарда былі сучасьнікамі, разумелі сьвет праз адны паняцьці — гэты два тытаны Адраджэньня сапраўды глядзяць на нас, куды б ні йшлі. Ці мы на іх.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Першы сказ і апошні, часам і паміж. Зь іншага яшчэ тэматычныя выставы ў бібліятэках — гэта як кніжны канцэрт.
Ну і каб у рукі было прыемна ўзяць — мастацтва кнігі, макет, шрыфты, вокладка, папера, паліграфія. Вось Сяргей Абламейка ў сваёй новай кнізе «Нечаканы Скарына» зьвяртае ўвагу на засечкі ў загалоўных літарах і даводзіць, што выбар шрыфту «антыква», а ня «готыка», як было прынята для рэлігійных тэкстаў, быў рэвалюцыйным крокам Скарыны, які сьвядома пашыраў рэнэсансны дызайн. У Беларусі на такім ўзроўні працуе, напрыклад, кніжны графік і каліграф зь міжнародай рэпутацыяй Генадзь Мацур, якому прысьвячаў вершы Рыгор Барадулін, яго імя сустракаецца ў запісах Уладзімера Караткевіча, а нашы чытачы ведаюць яго як мастака «Бібліятэкі Свабоды».
Вацлаў Гавэл. Любоў
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…
Што ў мусульманскай Банглядэш цяпер жанчыны нараджаюць менш, чым у атэістычна-хрысьціянскай Швэцыі, а ў 2100 годзе будзе 2 мільярды дзяцей ва ўзросьце да 15 гадоў — дакладна столькі, колькі цяпер. Кніга швэдзкага прафэсара Ханса Росьлінга называецца «Фактоўнасьць: дзесяць прычын, чаму мы памыляемся пра стан сьвету — і чаму справы лепш, чым вы думаеце». Хоць, часам здаецца, размнажацца перастаюць адно чытачы, пісьменьнікаў толькі большае.
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
«Прынц» Нікалё Мак’явэлі (не зусім раман, канечне, але клясыка, і час Скарыны). Я купіў яго ў Флярэнцыі, дзе ён быў напісаны (у шуфляду, і выдадзены пасьля сьмерці аўтара), там і чытаў. Для некаторых кніг горад чытаньня мае значэньне, для некаторых лепш бальніца, турма, пляж і заўсёды — дарога. У дзяцінстве я чытаў уначы зь ліхтарыкам пад коўдрай — цемра, цішыня, адасобленасьць, закрытасьць, як у шуфлядзе. Хоць і на ўроках пад партай чытаў таксама, добрая кніга адключае навакольны сьвет.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Бяда, не люблю шматкроп’я, а то панаставіў бы пасьля кожнага сказу.
Па-ангельску маю ўсе кнігі Ніка Горнбі, які піша як Чэхаў, калі б яго звалі не Антон, а Нік, і ён любіў бы рок, футбол, разьліўное піва і быў апантаным глытальнікам кніг. Побач два тамы двойчы Букераўскай ляўрэаткі Гілары Мантэль, якая пад выглядам палітычнага трылера пра 16-е ангельскае стагодзьдзе (таксама час Скарыны) піша так, што немагчыма зразумець, дзе знаходзісься: у галаве героя, на плячы аўтара, цябе ўшчэнт зьбівае нагамі разьюшаны бацька — такі эфэкт да гэтага я сустракаў толькі ў Васіля Быкава. Амэрыканцы Філіп Рот (крэйзі сэкскдрайв як стыль), Лідзія Дэйвіс (быццам піша цыдулкі анёлаў), Джэймс Вуд (адчуваньне, як у галаве нэўрахірурга), канадка Эліс Манро (ведае ўсё пра спакусу быць). Стараюся чытаць усю гурманскую прозу, якую друкуе часопіс «The New Yorker» (гарантаваныя зоркі Мішлен, як у найлепшых рэстаранах).
Па-беларуску — выпісваю «Дзеяслоў», купляю іншыя літвыданьні, калі пашанцуе (у Менску ў радыюсе двух кілямэтраў ад Акадэміі навук, напрыклад, ніводзін газэтны кіёск не атрымлівае «ЛіМ», «Полымя» ці «Маладосьць». Праўда, проста жуйка там заўсёды ёсьць). Прозьвішчы ў бельліце называць ня буду, і так ясна. У прозе — смутныя тэксты Андрэя Ф, танцавыя Уладзімера, А, сінія Сяргея Д, адсутныя Валянціна, А, літарныя Адама Г, фрэскавыя Барыса П, сфагнумныя Віктара М, крапіўныя Зьміцера В, смаргонскія Тані С, берасьцейскія Наталкі Б, гамбурскія Альгерда Б. Млеў ад радыёперахопаў Андруся Г. У паэзіі — некалькі Ўладзімераў і Алесяў, Валянціна, Леанід, Вера, Наста, Вальжына, Андрэй.
У перакладах — чэх Міхал Вівэг, паляк Павал Гюле, габрэй Этгар Керэт. У раю, як вядома, ёсьць адмысловая перакладчыцкая брама, і беларусаў там прапускаюць без чаргі.
«Дзевяноста пяты»: кніга гневу
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Адкрыў «Отчаяние», раман маладога Ўладзімера Набокава (мой улюбёны ягоны твор, канечне, «Дар»). Ня мог не засьмяяцца з аўтарскай рэмаркі пра героя, які: «Скорбно закивал и опять сплюнул. Всегда удивляюсь, сколько слюны у простого народа».
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Не. У дзяцінстве — над «Бэмбі» Фэлікса Зальтэна, у студэнтах — над «Судом у Слабадзе» Віктара Казька.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Нядаўна моцна раззлаваўся ў Купалаўскім тэатры. Сядзеў і, нягледзячы на рэжысэрскія знаходкі, прафэсіяналізм актораў, аплядысмэнты гледачоў, думаў — на халеры вы тут граеце спэктакль па просьценькай перакладной расейскай п’есе, які дарэчы дзе-небудзь у Волагдзе (я здагадваюся — сем жаночых роляў і паўтары мужчынскія, ёсьць такая халера ў тэатральным мэнэджмэнце як занятасьць актораў). Паспрабуйце Уладзімера Арлова! Ён п’ес ня піша, але піша баляды — іх трэба граць на даху і ў сутарэньнях, у кабінэце дырэктара і грымёрках, у буфэце і за сцэнай, на лесьвіцах і ў прыбіральнях. Гэта павінна быць жывая трансьляцыя зь вельмі канкрэтных вымярэньняў аўтарскага сьвету (некаторыя нават прадугледжаны крымінальным кодэксам). Гэта татальны тэатар, ня ведаю, як ставіць, можа, уся трупа мусіць граць аўтара, а ён замест аўтографаў гледачам татуіроўкі рабіць. Ставілі ж беларускую прозу, і гарачую ваду вам не адключылі.
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Ой, графаманам па сілам любыя. Аднойчы ў Менску мяне ўзяў у закладнікі адзін аўтар, які напісаў грандыёзны раман у вершах, на некалькі агульных сшыткаў. У мяне фізычна ўпаў ціск, пахаладзелі рукі, змарнеў зрок. Ледзь да прыбіральні потым дабег.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
На паперы, паралельна, увечары і ў дарозе.
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Пераважае добра тэмпэраваны хаос. Магчымасьць узяць з паліцы любы том і так выключыць час, лёгіку, пляны і абавязкі. І ўключыць свабоду.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
У мяне такія знаёмыя, што моцна іх ня зьдзівіць нават падручнік «Релейная централизация стрелок и сигналов», які зьдзіўляе мяне самога. Сам не разумею, чым мяне забірае скрыпучая, як разьба на іржавым балце, мова практычных тэкстаў у далёкіх сфэрах. Праўда, гэты падручнік, спадчына ад майго дзядзькі-чыгуначніка, мне спатрэбіўся, каб кваліфікавана напісаць пра перавод стрэлак лёсу ў кнізе пра Освальда ў Менску.
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
У 1974 годзе, калі мне было 19 гадоў, сябар прывёз з будатраду з Малдовы тоўстую кніжку ў кардоннай вокладцы, якую апублікавала выдавецтва «Картя Молдовеняскэ». Я неяк увечары адкрыў яе на апавяданьні «Кароткае шчасьлівае жыцьцё Фрэнсіса Макомбэра», а калі закрыў, ізноў быў вечар. Гэмінгуэя я прачытаў усяго, ад газэтных рэпартажаў да лістоў, а таксама кнігі аўтараў, якіх ён раіў: Джойс, Пруст, Дос Пасас — дзесяткі тры імёнаў. А дзякуючы ін’язу, дзе вучыўся, большасьць са сьпісу прачытаў у арыгінале. Таксама ў арыгінале працягваю знаёміцца зь яшчэ адным сьпісам Эрнэста Мілеравіча: марціні (звычайны і Мантгомэры, джын да вэрмуту 15:1), махіта, абсэнт, дайкіры, кальвадос, к’янты, шампанскае, віскі. Зноў просіцца шматкроп’е, але шматкроп’е шкодзіць здароўю. Так павінна быць напісана ва ўсіх падручніках, ад чыгуначных да літаратурных.
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
З суcьветных — Дон Кіхот, а з нацыянальных, у чэскай літаратуры — Ёзэф Швэйк, у беларускай — Самсон Самасуй, у рускай — Астап Бэндэр, Іван Чонкін, Венічка, ну, вы разумееце накірунак. А каб зусім гідзіла — Фама Апіскін Дастаеўскага.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Неяк наша баба ў вёсцы паслала ўнукаў у сад абіраць вішні, па абедзе ўсе вярнуліся, апроч мяне. Пад вечар пачалі шукаць, глядзелі на гарышчы, у клуні, пабеглі на рэчку, можа, утапіўся. Аж пакуль не пабачылі, што сяджу на дрэве, вішні ледзь дно закрылі, а таўсьценная кніжка амаль дачытаная. Узгадваюць мне гэты выпадак дасюль, от памяць у людзей. А сам ня памятаю, што гэта было: «Шосты акіян» Гамолкі, «Жыль Бляз» Лясажа, Маўр, Дзюма, Вэрн, Дэфо, нехта іншы — на прозьвішчы тады не глядзеў, быў такі грэх.
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Пошук страчанага часу Сяргея Навумчыка — эпапэю «1990–1996», калі яна будзе завершаная. Якая краіна магла быць!
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Васіля Быкава. Янку Брыля. Алеся Адамовіча.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
УА. Пасьля выхаду маёй трохі аўтабіяграфічнай кніжкі «Зкімбы-зымбы», дзе аўтар пазначаны як «Аляксандар Л», гэты УА (ці ЎА) да мяне зьвяртаецца выключна аднаскладова, «эЛь», і нават баляду «Аркады Падуі» прысьвяціў гэтаму «Элю». Цікава было б пра яго больш уведаць.
Што вы перачытваеце?
Дзёньнік і ўспаміны Андрэя Сахарава. Сахарава я адкрываю пэрыядычна, і кожны раз уражвае, як часта ён піша «я ня меў рацыі», «гэта мая памылка», «тут мая віна», «я не зразумеў». Таксама яго рэдактарскае стаўленьне да самога сябе. Пачатак 1986-га, яго «Ўспаміны» нарэшце перапраўленыя на Захад і рыхтуюцца да друку, а ён адзін у ссылцы Горкім (жонцы робяць апэрыцыю ў Амэрыцы), запісвае падзеі дня: хадзіў па сьмятану, забыўся банку, налілі ў пакет, са Стэнфарда прыйшоў сьпіс 219 навуковых публікацый, дзе цытуюць яго працу аб барыённай сымэтрыі, гэбэ не дало падвезьці мужчыну з хворым дзіцем — і раптам абзац самарэдактара:
«Думаў пра рукапіс „Успамін.“. Эх, як бы я пагуляў па ім чырвоным алоўкам. Шмат што пячэ мне цяпер як манернасьць, літаратуршчына дурнога стылю.»
Як пасьля такога не пайсьці не паглядзець на сябе ў люстэрка.
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
Трэці том Гілары Мантэль, калі яна нарэшце яго скончыць. Новыя кнігі «Бібліятэкі Свабоды», над якімі завяршаюць працу Сяргей Абламейка, Алена Панкратава, Сяргей Навумчык, Зьміцер Бартосік, Сяргей Дубавец, Сяргей Астраўцоў. І — куды пацягнецца рука, тым больш што гэмінгуэеўскіх сьпісаў два. Прашу лічыць гэта чытацкім маніфэстам.