3 траўня ў культурным цэнтры «Корпус» адбылося ўручэньне Прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў і за яе мастацкае афармленьне.
У намінацыі за найлепшы дзіцячы твор перамог Валеры Гапееў з кнігай для падлеткаў «Мая мілая ведзьма».
За найлепшае мастацкае афармленьне былі адзначаныя ілюстрацыі Лізаветы Лянкевіч да кнігі Рыгора Барадуліна «Азбука».
Сёлета доўгі сьпіс прэміі складаўся з 25 літаратурных твораў і 20 мастацкіх прац па афармленьні дзіцячых выданьняў. Пераможцаў вызначала кампэтэнтнае журы, якое склалі дзіцячыя пісьменьнікі Пятро Васючэнка, Алена Масла, Андрэй Хадановіч, Вера Жыбуль, Вольга Мазурава і мастакі Васіліса Паляніна, Валеры Славук і Павал Татарнікаў.
Дагэтуль у абедзьвюх намінацыях перамагала адна і тая ж кніга: «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» (2016) і «Сем ружаў» (2015). Сёлета ж гэтая традыцыя парушылася: прызы разьмеркаваліся паміж дзьвюма кнігамі.
Галоўны прыз прэміі Цёткі атрымаў Валеры Гапееў за школьны раман «Мая мілая ведзьма». У кнізе не бязь містыкі распавядаецца пра школьныя будні вучняў аднаго кляса, у які трапляе новенькая Яся, тая самая ведзьма.
За найлепшае мастацкае афармленьне дзіцячай кнігі — «Азбукі» Рыгора Барадуліна — была адзначаная дыплёмная праца выпускніцы аддзяленьня кніжнай графікі Акадэміі мастацтваў Лізаветы Лянкевіч.
Пераможцы атрымалі памятныя шыльды і грашовыя прызы, эквівалентныя 2000 даляраў.
На цырымоніі ўручэньня прэміі былі арганізаваныя зоны мастар-клясаў для дзетак, дзе малыя маглі ня толькі пагартаць дзіцячыя кнігі, але і памаляваць постэры, упрыгожыць пернікі і патанцаваць пад песенькі па матывах кніг пра ўлюбёных герояў Пэтсана і Фіндуса.