Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што Вашынгтон узмоцніць фінансавы ціск на Тэгеран і ўвядзе «самыя жорсткія санкцыі ў гісторыі», паведамляе Голас Амэрыкі.
«Мы ўчынім беспрэцэдэнтны фінансавы ціск на іранскі рэжым. У лідэраў ня будзе сумневаў адносна нашай сур’ёзнасьці», — сказаў Пампэо 21 траўня.
«У Ірану больш ніколі ня будзе карт-бляншу дамінаваць на Блізкім Усходзе», — дадаў Пампэо.
Ён паўтарыў патрабаваньні ЗША да Ірану, сярод якія адмова ад распрацоўкі міжкантынэнтальных балістычных ракет і вывад усіх войскаў з Сырыі.
10 траўня Вашынгтон пашырыў санкцыі ў дачыненьні да Ірану. У санкцыйны сьпіс увайшлі шэсьць чалавек і тры кампаніі, якія маюць дачыненьне да Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі — элітнага падразьдзяленьня ўзброеных сілаў Ірану, якое падпарадкоўваецца наўпрост аятале Алі Хамэнэі.
8 траўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон выходзіць з ядзернага пагадненьня з Іранам. Ён таксама падпісаў мэмарандум аб аднаўленьні санкцый у дачыненьні да Ірану, якія былі адмененыя ў рамках пагадненьня.
Прэзыдэнт Ірану Хасан Роухані заявіў у адказ, што Іран ня стане выходзіць з ядзернага пагадненьня, але адразу ж пасьля перамоваў з эўрапейскімі падпісантамі можа аднавіць «ядзерную працу».
Пагадненьне, падпісанае ў 2015 годзе Вялікабрытаніяй, Нямеччынай, Кітаем, Расеяй, Францыяй і ЗША з аднаго боку і Іранам — з другога, прадугледжвала зьняцьце з Тэгерану эканамічных санкцый ЗША і Эўразьвязу наўзамен на згортваньне іранскімі ўладамі ядзернай праграмы.