Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне Трампа наконт Ірану штурхае ўгару ўсясьветныя цэны на нафту


Цэны на нафту падняліся да самых высокіх за тры гады ўзроўняў пасьля рашэньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа выйсьці зь «ядзернай» угоды з Іранам і зноў увесьці супраць яго санкцыі.​

Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб вяртаньні праз паўгода санкцыяў, якія тычацца нафтавага сэктару Ірану і міжнародных фінансавых трансакцыяў зь ім.

Цана нафты маркі «Брэнт» раніцай у сераду дасягала 77,20 даляра за барэль — самага высокага паказьніка зь лістапада 2014 году.

Іран — трэці найбольшы вытворца нафты ў OPEC, і пагроза рэзкага скарачэньня паставак іранскай нафты на ўсясьветны рынак з прычыны ўвядзеньня санкцыяў штурхае цэны ўгару. Яны расьлі ўсе апошнія тыдні ў чаканьні рашэньня Трампа, аднак у аўторак ненадоўга паваліліся праз паведамленьне ў прэсе, што прэзыдэнт ЗША можа перадумаць і не выходзіць з угоды з Іранам. Пасьля заявы прэзыдэнта цэны рэзка пайшлі ўгару.

Пэрспэктывы далейшага росту цэнаў

Увядзеньне Злучанымі Штатамі санкцыяў можа не азначаць поўнага спыненьня экспарту нафты з Ірану, бо іншыя ўдзельнікі «ядзернай» угоды, улучна з эўрапейскімі краінамі, выказваюцца за яе захаваньне. Аналітыкі рынку таксама зьвяртаюць увагу на сыгналы Саудаўскай Арабіі — яна гатовая папоўніць магчымы недахоп нафты на рынку з прычыны санкцыяў супраць Ірану.

Тым ня менш, агенцтва AFP піша пра здагадкі, што цэны на нафту могуць дасягнуць узроўню 80 даляраў за барэль, бо акрамя рашэньня Трампа існуюць і іншыя фактары: нявызначанасьць вакол Вэнэсуэлы, паляпшэньне глябальнага попыту, зьвесткі пра падзеньне запасаў нафты ў ЗША.

Павышэньне цэнаў на нафту выгаднае яе найбуйнейшым вытворцам, у тым ліку Расеі, аднак яно таксама спрыяе імкліваму разьвіцьцю здабычы амэрыканскай лупняковай нафты, якая займае ўсё большае месца на рынках. Многія краіны такім чынам зьніжаюць залежнасьць ад «традыцыйных» пастаўнікоў нафты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG