Дэпутаты чакаюць ад заснавальніка сацыяльнай сетцы падрабязныя адказы аб працы з пэрсанальнымі дадзенымі карыстальнікаў, паведамляе Голас Амэрыкі.
Прадстаўнікі кампаніі Facebook і Эўразьвязу ў нядзелю вялі перамовы аб магчымым выступе заснавальніка кампаніі Марка Цукербэрга перад заканадаўцамі ЭЗ для абмеркаваньня ўплыву сацыяльнай сеткі на права сотняў мільёнаў жыхароў Эўропы на абарону прыватнага жыцьця, а таксама ўплыву Facebook на выбары па абодва бакі Атлянтыкі і распаўсюджваньне фэйкавых навінаў.
Раней меркавалася, што сустрэча пройдзе за зачыненымі дзьвярыма, але на перамовах абмяркоўваецца магчымасьць наўпроставай трансьляцыі сустрэчы ў інтэрнэце пасьля адпаведнага рашэньня старшыні Эўрапарлямэнта.
Лідэры ўсіх васьмі палітычных блёкаў Эўрапарлямэнту настойваюць на зьмене фармату сустрэчы.
Заканадаўцы кажуць, што рэпутацыя Цукербэрга моцна пацерпіць, калі ён адмовіцца ад сустрэчы толькі з той прычыны, што яны хочуць правесьці яе ў фармаце, аналягічным Facebook Live.
Старшыня Камітэту Эўрапарлямэнту па грамадзянскіх свабодах, юстыцыі і ўнутраных справах Клод Марэс папярэдзіў, што адказы Цукербэрга павінны быць больш падрабязнымі, чым у яго паказаньнях камітэтам Сэнату і Палаты прадстаўнікоў у красавіку ў пытаньнях «альгарытмічнага таргетаваньня і палітычных маніпуляцый», а таксама адносін Facebook з кампаніяй Cambridge Analytica.
Сацыяльная сетка перадала гэтай брытанскай кампаніі дадзеныя мільёнаў амэрыканцаў і эўрапейцаў, якія пасьля выкарыстоўваліся для правядзеньня выбарчых кампаній.
У Facebook не адказалі на пытаньне карэспандэнта «Галасы Амэрыкі», ці застаюцца ў сіле пляны Цукербэрга сустрэцца з дэпутатамі Эўрапарлямэнту.
«Урады краінаў ЭЗ цалкам усьведамляюць, што любыя выбары цяпер заплямленыя. Мы хочам дабрацца да сутнасьці справы », - сказаў Марэс.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту адзначаюць, што прыезд Цукербэрга набывае яшчэ больш важны характар, улічваючы, што ён адмовіўся выступаць у нацыянальных парлямэнтах эўрапейскіх краінаў, уключаючы брытанскую Палату абшчын.
Цукербэрга, верагодна, таксама будуць распытваць пра тое, чаму экстрэмісты да гэтага часу выкарыстоўваюць Facebook для сувязі адзін з адным і вярбоўкі.
У апошнія тыдні ўвага да Facebook была, у асноўным, зьвязаная з агульнымі праблемамі, такімі як выкарыстаньне дадзеных карыстальнікаў, але аналітыкі папярэджваюць, што сайт зьяўляецца інструмэнтам для фармаваньня і падтрыманьня небясьпечных сацыяльных сувязяў і не прымае дастатковых намаганьняў, каб процідзейнічаць гэтаму.
Акрамя зьяўленьня ў Эўрапарлямэнце Цукербэрг таксама пагадзіўся даць інтэрвію падчас тэхналягічнай канфэрэнцыі, якая праходзіць у Парыжы. Акрамя таго, на гэтым тыдні ў яго заплянаваны абед з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.
Яго візыт у Францыю пройдзе на фоне пагроз брытанскага ўрада ўвесьці падатак на сацыяльныя сеткі, які мяркуецца пусьціць на аплату намаганьняў па барацьбе з злачыннасьцю ў інтэрнэце. Паводле брытанскай газэты Sunday Telegraph, брытанскія міністры даручылі чыноўнікам правесьці дасьледаваньні, што датычыцца ўвядзеньня «збору на сацыяльныя сеткі» для інтэрнэт-кампаній.