У сакавіку колькасьць звольненых у Беларусі працаўнікоў перавысіла колькасьць прынятых на працу на 4959 чалавек.
Паводле дадзеных Белстату, у сакавіку на працу было прынята 45 135 чалавек, а звольнена — 50 094.
У лютым колькасьць працаўладкаваных перавысіла колькасьць звольненых на 1222 чалавек. Дагэтуль тры месяцы назіралася тэндэнцыя часьцей звальняць, чым прымаць на працу.
Колькасьць звольненых перавышала колькасьць працаўладкаваных:
- у студзені 2018 — на 2099 чалавек;
- у сьнежні 2017 — на 4133 чалавек;
- у лістападзе 2017 — на 6388 чалавек.
Больш за ўсё ў сакавіку звольнілі і працаўладкавалі ў адных і тых жа сфэрах:
- Апрацоўчая прамысловасьць: звольнілі 8745, працаўладкавалі 8265.
- Сфэра гандлю, рамонту аўтамабіляў і матацыклаў: звольнілі 8361, працаўладкавалі 7908.
- Сельская, лясная і рыбная гаспадарка: звольнілі 7324, працаўладкавалі 6904.
Найменш за ўсё ў сакавіку звальнялі ў горназдабыўной прамысловасьці — 136 чалавек. Найменшую колькасьць супрацоўнікаў прынялі таксама ў гэтай сфэры — 152.
У сакавіку ў эканоміцы Беларусі было занята 4 мільёны 346,6 тысячы чалавек. Па дадзеных Міністэрства працы, на канец сакавіка колькасьць зарэгістраваных беспрацоўных склала 22,9 тысячы чалавек, а ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя — 0,5% ад колькасьці працоўнай сілы.
Аляксандар Лукашэнка 25 студзеня падпісаў дэкрэт № 1 па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. З 1 студзеня 2019 году беспрацоўныя працаздольныя беларусы будуць аплачваць датаваныя дзяржавай паслугі па іх поўнай цане.