Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавецтва «Галіяфы» дапоўніла і перавыдала кнігу пра беларускіх алькаголікаў


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Традыцыйны суботні агляд кніжных навінак ад Свабоды. Сёньня пра кнігі прыватнага выдавецтва «Галіяфы».

Антон Кулон. Сіняя кніга беларускага алькаголіка ПЛЮС. Дакумэнтальная проза

Аўтар гэтае кнігі задаецца надзвычай актуальнымі і балючымі пытаньнямі, на якія мае здабытыя ўласным досьведам адказы. «Чаму ж людзі п’юць? Чаму піў я? І што такое п’янства? Я мяркую, што п’янства — гэта шуканьне духоўнасьці, шуканьне іншага духоўнага стану, бо існы не задавальняе нас. Але жыцьцё з алькаголем — асаблівы шлях. Алькаголь дорыць збавеньне і радасьць, ён прыносіць пакуты і гора і, урэшце, прыводзіць сьмерць. Я спрабую глянуць па-новаму на гэты асаблівы шлях і на людзей, якія ідуць той цяжкай, сапраўды ваеннай дарогай. Пара адкінуць замшэлыя, стэрэатыпныя погляды на алькагольную праблему ды зразумець: алькагольная залежнасьць — гэта сур’ёзнае захворваньне, алькаголік — гэта ня нейкі там чужы, сьметнікавы бомж, а ваш блізкі сябра, ваш знаёмы пісьменьнік, мастак, славуты рок-музыка і опэрны сьпявак».

Гэтая кніга — дапоўненае і дапрацаванае выданьне «Сіняй кнігі беларускага алькаголіка», якая ўпершыню выйшла ў 2012 годзе і адразу ж стала бэстсэлерам. У 2013-м выйшаў яе расейскамоўны варыянт. І вось цяпер Антон Кулон дадаў новыя разьдзелы ў кнігу, у якой бліскуча апісвае свае і чужыя п’яныя прыгоды, а таксама дзеліцца рэцэптамі пра тое, як пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці.

Павал Сім. Вір. Вершы

Гэтай кнігай «Галіяфы» фактычна адкрываюць чытачу новага паэта, хоць ён меў ужо саматужна выдадзены зборнік, невялікі наклад якога прайшоў незаўважаным для зацікаўленай публікі. У «Віры» прадстаўлены выбраныя вершы 1997–2017 гадоў. Зборнік складаецца з чатырох тэматычных разьдзелаў. У «Непаўторнае» ўвайшлі вершы пра нашу адзіную і непаўторную Бацькаўшчыну. «Музыка штодня» — гэта жыцьцёвыя перажываньні і думкі, якія прыходзяць кожны дзень пад уплывам розных падзей і эмоцый. Лірыка каханьня прадстаўлена ў разьдзеле «Ў промнях пачуцьця». Завяршаецца зборнік вянком санэтаў «Божае сьвятло», у якім душэўныя перажываньні закаханага юнака пераплятаюцца з пошукам свайго жыцьцёвага шляху і імкненьнем да чысьціні і сьвятла.

Выдаўцы ўпэўненыя, што новыя кнігі прыйдуцца чытачам да густу і памножаць ТОП папулярных кніг «Галіяфаў», які на сёньня выглядае так:

1. «Дзьве Авечкі» Вольгі Гапеевай

«Дзьве Авечкі» — гэта паэма для дзяцей і дарослых, якія не перасталі ўспрымаць сьвет дзіцячымі вачыма.

Вольга Гапеева распавядае тры гісторыі, галоўныя гераіні якіх — дзьве авечкі. Тут знойдзецца месца для захапляльных падарожжаў і новых сяброў. Выдатныя ілюстрацыі Марты Герашчанкі дапамагаюць стварыць чароўную атмасфэру казачнага сьвету.

У якасьці дадатку ў кніжку ўключаны ілюстрацыйны слоўнік, які можа выкарыстоўвацца як лемантар.

2. «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай» Славаміра Копэра

Гэта гісторыя змаганьня жанчын за раўнапраўе і цэлая галерэя яскравых, неадназначных постацей. «У гэтай кнізе я засяроджваюся на жанчынах, якія ўласнай сілай волі дасягнулі посьпеху ў такія часы, калі дамінавалі мужчыны», — кажа Славамір Копэр пра сваю кнігу.

3. «Дзяўчынка з напарсткам» Міхаэля Кёльмаера

«Дзяўчынка з напарсткам» — гэта гісторыя пра складанае жыцьцё вачыма шасьцігадовай дзяўчынкі, гісторыя пошукаў ёю свайго месца ў невядомым горадзе. У цэнтры ўвагі Міхаэля Кёльмаера такія базавыя тэмы, як цялеснасьць, мова, повязі між людзьмі. «Дзяўчынка з напарсткам» — гэта аповед ня толькі пра жыцьцё на задворках грамадзтва, але і пра чалавечае быцьцё наагул.

4. «Страчаны лёс» Імрэ Кертэса

«Страчаны лёс» — першая кніга вугорскага пісьменьніка Імрэ Кертэса, якая ў 2002 годзе прынесла аўтару Нобэлеўскую прэмію «за творчасьць, у якой крохкасьць асобы супрацьпастаўляецца барбарскаму дэспатызму гісторыі». Раман шмат у чым аўтабіяграфічны. Аўтар, як і галоўны герой кнігі, габрэем-падлеткам падчас вайны трапіў у Аўшвіц (Асьвенцім), а потым у Бухенвальд. Але раман уражвае ня так апісаньнямі жахаў і пекла канцлягераў, як незвычайнай інтанацыяй аповеду, пазбаўленай патасу і празьмерных эмоцыяў. Галоўны герой кнігі па-дзіцячы наіўна ўспрымае ўсё, што зь ім адбываецца, намагаецца прыстасавацца да варункаў канцлягеру, асвоіцца з дадзеным яму лёсам.

5. «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала

​Усясьветна вядомая казка Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса», адзін з самых загадкавых твораў клясычнай літаратуры Вялікай Брытаніі, ужо другое стагодзьдзе вабіць як дзяцей, якім яна непасрэдна прызначалася, так і дарослых, і мае шматлікія пераклады, у тым ліку і на беларускую мову. У гэтым выданьні зьмешчаны пераклад Веры Бурлак. Арыгінальныя ілюстрацыі Кацярыны Дубовік суправаджаюць у падарожжы ў Залюстэркавы сьвет і дазваляюць адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні — шахматнай партыі, разыгранай Льюісам Кэралам.

Да 1 траўня на сайце halijafy.by на ўсе кнігі выдавецтва «Галіяфы» дзейнічае зьніжка 20%. Каб атрымаць зьніжку, выкарыстоўвайце прома-код «вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG