Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя прафсаюзы далі беларускаму ўраду час да чэрвеня 2018 году


Становішча працоўных у Беларусі не паляпшаецца. Болей за тое, зь вясны 2017 году яно ўскладнілася.

Такія высновы зрабілі ўвечары 18 красавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску дырэктар па правах чалавека і прафсаюзаў Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Ерун Бэйрнарт і намесьнік генэральнага сакратара міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL Кемаль Эзкан. Абодва яны ўваходзяць у склад супольнай міжнароднай місіі. Сёньня яны сустракаліся з чыноўнікамі двух беларускіх міністэрстваў — працы і сацыяльнай абароны, а таксама замежных спраў.

Бэйрнарт: У Беларусі я пабачыў сучаснае рабства

Ерун Бэйрнарт (Jeroen Beirnaert)
Ерун Бэйрнарт (Jeroen Beirnaert)

Ерун Бэйрнарт сказаў журналістам, што ён бэльгіец. Яму было сорамна за тое, што яго землякі ў свой час нарабілі ў Конга, калі гэтая краіна была бэльгійскай калёніяй. Але ў Беларусі, паводле прафсаюзнага дзеяча, ён пабачыў сучаснае рабства:

«Ужо шмат год Беларусь выклікае заклапочанасьць у Міжнароднай арганізацыі працы, якая адсочвае становішча з правамі чалавека ў сьвеце. Беларусь мае тут рэйтынг 5. І гэта ня школьная пяцёрка, якой радуюцца дзеці. Наадварот, пяты — гэта найгоршы рэйтынг. Недапушчальна, калі незалежныя прафсаюзы ня могуць знайсьці юрыдычны адрас для рэгістрацыі, калі людзі баяцца ўступаць у незалежныя прафсаюзы, баючыся, што зь імі пасьля гэтага скасуюць кантракты».

Асабліва непрымальная для спадара Бэйрнарта залежнасьць свабодных прафсаюзаў ад стаўленьня да іх уладных структураў.

«Калі незалежным прафсаюзам патрэбны дазвол уладаў на мірныя пікеты, як гэта абавязкова ў Беларусі, то тады нармальная прафсаюзная дзейнасьць тут немагчымая» — сказаў Ерун Бэйрнарт.

Пасьля сустрэч зь беларускімі чыноўнікамі ён прызнаўся, што не пабачыў у іх «ярка выражанага жаданьня весьці працу ў кірунку зьменаў».

Эзкан: Лёгіка дэкрэту № 3 застаецца і ў дэкрэце № 1

Кемаль Эзкан (Kemal Özkan)
Кемаль Эзкан (Kemal Özkan)

Намесьнік генэральнага сакратара IndustriALL прызнаўся журналістам, што ён не разумее сутнасьці так званага «дэкрэту аб дармаедах»:

«Нам немагчыма зразумець, што ўносіць нейкія плацяжы ў бюджэт павінны беспрацоўныя. Многія ж зь іх не па сваёй волі засталіся бяз працы.

Так, дэкрэт № 3 ня быў рэалізаваны. Яго замянілі на дэкрэт № 1. Але лёгіка дакумэнту не зьмянілася. Па-ранейшаму на плечы беларусаў кладзецца дадатковая фінансавая нагрузка».

Спадар Эзкан сказаў таксама, што сёньня місія запатрабавала ад ураду Беларусі адмовіцца ад дзьвюх важных рэчаў: рэалізацыі дэкрэту № 1 і далейшага заключэньня з працоўнымі кароткачасовых кантрактаў, якія вяжуць людзей па руках і нагах.

Намесьнік генэральнага сакратара IndustriALL сказаў, што чакае рэакцыі ўладаў на гэтыя патрабаваньні міжнародных прафсаюзаў. Час адказу, падкрэсьліў Кемаль Эзкан, абмежаваны: да чэрвеня 2018 году.

Як сказаў Свабодзе старшыня незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Беларусі Генадзь Фядыніч, у міжнародных арганізацый існуюць рычагі ўзьдзеяньня на беларускія ўлады. Так, Беларусь можа апынуцца ў так званым «кароткім сьпісе» Міжнароднай арганізацыі працы. У яго ўключаюцца краіны, становішча з правамі працоўных у якіх становіцца прадметам разгляду на канфэрэнцыі МАП.

Чарговая канфэрэнцыя адбудзецца ў чэрвені ў Жэнэве. Гэтым і тлумачыцца той тэрмін, пра які казаў Кемаль Эзкан. Генадзь Фядыніч нагадвае, што эўрапейскія прафсаюзы могуць уплываць на свае ўрады і празь іх стварыць некаторыя нязручнасьці беларускім уладам у іх дачыненьнях з Эўразьвязам.

Ярашук: я не магу назваць пазыцыю ўраду канструктыўнай

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук разам з замежнікамі ўдзельнічаў у дыскусіі, якая прайшла ў сьценах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ён ня лічыць пазыцыю ўраду канструктыўнай:

«Намесьнік міністра спадар Старавойтаў увесь час казаў, што ягонае ведамства мае ўласнае бачаньне сытуацыі. І яно істотна адрозьніваецца ад нашага. Але да чэрвеня яшчэ ёсьць час. І ўладам трэба ім скарыстацца, калі яны ня хочуць яшчэ большых складанасьцяў».

Прафсаюзны лідэр выказаў сваё асабістае меркаваньне пра дэкрэты аб дармаедзтве. На ягоны погляд, дэкрэт № 1 нясе нават болей пагроз людзям, чым дэкрэт № 3.

«У ім шэраг пунктаў мае спасылку „для службовага карыстаньня“. І гэта вельмі небясьпечна», — кажа Аляксандар Ярашук.

Незалежныя прафсаюзы Ўкраіны пікетавалі беларускую амбасаду ў Кіеве. Фота, відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG