На спробы кіроўцаў Горадзенскага аўтапарку дамагчыся нармальных умоў працы і годнай аплаты адміністрацыя адказвае звальненьнямі. Некаторыя з кіроўцаў вымушаны шукаць іншай працы, а нехта спрабуе дамагацца справядлівасьці праз суд. Адміністрацыя ўпэўненая, што дзейнічае слушна.
Спроба суіцыду аднаго з кіроўцаў
Гісторыя з Горадзенскім аўтапаркам пачалася з таго, што адзін з кіроўцаў зрабіў спробу самагубства — спыніў на мосьце празь Нёман аўтобус з пасажырамі, выйшаў зь яго і скочыў з моста ў раку. Кіроўца застаўся жывы. Прычыны ягонага ўчынку дагэтуль застаюцца невядомымі. Але гісторыя на гэтым ня скончылася.
У Адміністрацыю Лукашэнкі, пракуратуру, да мясцовых уладаў пасыпаліся лісты ад работнікаў Горадзенскага аўтобуснага парку. Кіроўцы гарадзкіх аўтобусаў скардзіліся на перапрацоўкі, малыя заробкі, на цяжкія ўмовы працы. Тлумачылі, што такое жыцьцё і прывяло чалавека да спробы суіцыду.
Вінаватымі палічылі саміх кіроўцаў
У аўтапарк пачалі прыяжджаць праверкі. Зьбіралі сходы, абмяркоўвалі сытуацыю. Але ў выніку, як кажуць кіроўцы, вінаватымі ва ўсім засталіся толькі яны самі. За актывістаў, якія падпісваліся пад скаргамі ў самыя розныя ўстановы, узялося кіраўніцтва аўтапарку. Нязгодных пачалі звальняць.
«У сёньняшніх умовах гэта вельмі проста, — кажа Свабодзе звольнены кіроўца спадар Аляксандар, — бо адміністрацыя можа папросту не працягнуць кантракт. Або створыць для цябе ўмовы, пры якіх сам не захочаш далей працаваць».
Два запісы аб звальненьні з аднаго і таго ж аўтапарку
Спадар Аляксандар катэгарычна не жадае, каб ягонае прозьвішча гучала ў прэсе. Кажа, што нічога не баіцца, але ані ў што болей ня верыць. У ягонай працоўнай кніжцы аж два запісы пра звальненьне з аднаго і таго ж аўтобуснага парку. У першым гаворыцца, што ён «звольнены ў сувязі са зьдзяйсьненьнем віноўных дзеяньняў, якія зьявіліся падставай для страты даверу наймальніка».
«Вось так, скарга на дрэнныя ўмовы працы, мізэрныя заробкі і пастаянныя перапрацоўкі ў нас, аказваецца, выклікае страту даверу ў начальства. Пра што я яшчэ магу казаць!» — заўважае былы кіроўца.
З дапамогай актывістаў РЭП у Горадні кіроўца зьвярнуўся суд з заявай на незаконнае звальненьне. У выніку адміністрацыя аўтапарку мусіла ўнесьці ў працоўную кніжку кіроўцы яшчэ адзін запіс, паводле якога ён быў ужо звольнены на за «страту даверу», а ў сувязі з тым, што «наймальнік парушыў умовы працоўнай дамовы», і з выплатай трох сярэднемесячных заробкаў.
Рашэньне было прынята па дамове бакоў і ўжо па-за судовым паседжаньнем. Праўда, як бакі пра гэта дамовіліся, былы кіроўца расказваць ня стаў.
«У яго парушэньняў было як у сабакі блох...»
Першы намесьнік дырэктара па перавозках Дзьмітры Буткевіч у размове з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што спадара Аляксандра звольнілі за парушэньні, якіх у яго было «як у сабакі блох».
«Якіх толькі ў яго не было, — і фінансавай дысцыпліны, і працоўнай. Куча», — сказаў Буткевіч.
Намесьнік дырэктара па кадрах і ідэалягічнай працы Марына Якімовіч паведаміла Свабодзе, што Аляксандар напісаў заяву і звольніўся па згодзе бакоў.
«Калі б я выслала вам сьпіс ягоных парушэньняў з 2008 году, дык вы б самі ўбачылі, добры ён быў работнік ці не. 21 парушэньне было. Гэта не зьвязана з тым, што ён падпісаўся пад скаргай на ўмовы працы. У нас умовы працы лепшыя, чым ва ўсіх транспартных прадпрыемстваў гораду», — сказала Якімовіч.
Чарговая скарга да адміністрацыі аўтапарку разглядаецца ў судзе
Аднак на гэтым гісторыя са звальненьнямі кіроўцаў, якія падпісаліся пад скаргай, ня скончылася. Наадварот, яна толькі набірае ход. Юрысты незалежнага прафсаюзу РЭП падрыхтавалі скаргу чарговага кіроўцы Горадзенскага аўтобуснага парку да адміністрацыі прадпрыемства. Яна ўжо разглядаецца ў судзе.
Кіроўца Мікалай, які таксама не захацеў называць свайго прозьвішча, кажа, што яму не працягнулі кантракт. А ён за месяц да гэтага патрабаваў звольніць яго за парушэньне наймальнікам умоваў дамовы і з выплатай трох сярэднемесячных акладаў.
«Я асабіста нават не падпісваўся пад скаргамі, бо мала працую. Але я дапамагаў астатнім кіроўцам зьбіраць подпісы. Мяне выявілі і без тлумачэньня прычынаў не працягнулі кантракт, — сказаў ён Свабодзе. — Наагул, там цяпер для людзей, якія падпісваліся пад лістамі са скаргамі, зрабілі невыносныя ўмовы, і працаваць няма як. Але я хачу, каб мяне ўсё ж звольнілі па законе, а не таму, што так захацелася адміністрацыі».
Спадар Мікалай кажа, што некаторыя з кіроўцаў, адчуўшы да сябе такое стаўленьне з боку адміністрацыі, пачалі самі пісаць заявы на звальненьне. І калі адміністрацыя бачыць, што чалавек з падпісантаў пад скаргамі, то звальняе яго, нягледзячы на тое, што яшчэ ня скончыўся кантракт.
Паводле спадара Мікалая, канфлікт адміністрацыі з кіроўцамі адбіваецца і на працы аўтапарку — кіроўцаў нестае, маршрутах збоі, аўтобусы ходзяць нязгодна з раскладам, ёсьць скаргі ад гараджан.
Адміністрацыі аўтапарку давядзецца яшчэ ня раз хадзіць у суд
Актывіст РЭПа Анатоль Мышкевіч сказаў Свабодзе, што яшчэ некалькі кіроўцаў аўтапарку прыходзілі да іх па кансультацыі. Людзі, зь яго слоў, кажуць, што адміністрацыя наўмысна стварае ім умовы, каб яны звальняліся з аўтапарку.
Колькі з аўтапарку звольнена кіроўцаў, яму невядома. Але некаторыя, да каго ён спрабаваў датэлефанавацца, не жадаюць наагул размаўляць.
«Пасьля скаргаў, праверак, судовых разбораў заробкі ў аўтапарку падвысілі на 20%, паставілі краны з гарачай вадой, наладзілі іншыя бытавыя ўмовы. Нейкія невялічкія зьмены там усё ж адбываюцца», — кажа Анатоль Мышкевіч.