З сустрэчы ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны 18 красавіка пачаўся візыт у Менск супольнай місіі Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL.
Як стала вядома Свабодзе, бакі на перамовах закраналі тры асноўныя тэмы.
Першая — магчымасьці незалежных прафсаюзаў свабодна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць.
Яшчэ ў 2004 годзе Міжнародная арганізацыя працы сфармулявала для беларускага ўраду 12 рэкамэндацый на гэты конт. Як сьцьвярджаюць у незалежным прафсаюзе РЭП, рэкамэндацыі ў бальшыні сваёй так і не былі выкананыя. Сёньня місія заявіла, што гатовая накіраваць у Беларусь сваіх экспэртаў, якія могуць дапамагчы прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з падпісанымі міжнароднымі канвэнцыямі.
Другая — сытуацыя з так званым дэкрэтам аб дармаедзтве. Хоць улады пасьля масавых акцыяў пратэсту і ўнесьлі зьмены ў дакумэнт, аднак, на думку шэрагу экспэртаў, новая рэдакцыя фактычна не адмяняе ідэю прымусу да працы.
Трэцяя — справа старшыні РЭП Генадзя Фядыніча і бухгальтара Ігара Комліка, на якіх завялі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Тэрмін сьледчых дзеяньняў па ёй ужо двойчы працягваўся.
Сёньня ў другой палове дня місія правядзе перамовы ў Міністэрстве замежных спраў. А ўвечары адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя.
У складзе дэлегацыі намесьнік генэральнага сакратара Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў (МКП) Яп Вінэн, намесьнік генэральнага сакратара IndustriALL Кемаль Азкана і іншыя экспэрты.